Дзяніс Садоўскі падаў у суд на Мінгарвыканкам за Дзень Волі

Дзяніс Садоўскі падаў у суд на дзеянні Мінгарвыканкама, які даў адказ заяўнікам мітынгу на Дзень Волі наконт акцыі менш чым за дзень да яе пачатку.  "Адказнасць за тое, што акцыя была несанкцыянаванай, ляжыць перадусім на мінскіх уладах", — лічыць ён.

 

Адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску Дзяніс Садоўскі падаў у суд Маскоўскага раёна горада скаргу на дзеянні Мінгарвыканкама, які даў адказ па акцыі менш чым за дзень да яе пачатку.

У скарзе ён адзначае, што Мінгарвыканкам парушыў тэрмін на прыняцце рашэння аб правядзенні масавага мерапрыемства, прадугледжаны арт.6 Закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», а рашэнне гарадскіх уладаў аб правядзенні масавага мерапрыемства ў парку Дружбы народаў не ўзгаднялася з заяўнікам.

Таксама, заяўляе Дзяніс Садоўскі, у чыноўнікаў адсутнічалі падставы для адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства па маршруце, паказаным заяўнікам.

Паводле яго, дзеянні чыноўнікаў парушылі права заяўніка на арганізацыю і правядзенне масавага мерапрыемства і яго права па ўзгадненні разам з кіраўніком мясцовага выканаўчага i распарадчага органа ўдзельнічаць ва ўзгадненні месца і часу арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, а таксама арт. 6 закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Адказны сакратар БХД просіць прызнаць незаконным рашэнне Мінгарвыканкаму №1/2-22/2005 ад 24 сакавіка аб правядзенні масавага мерапрыемства, а таксама незаконным бяздзейнасць Мінгарвыканкама, якая выявілася ў несвоечасовым прыняцці рашэння па заяве ад 8 лютага аб правядзенні масавага мерапрыемства 25 сакавіка.

 "Адказнасць за тое, што акцыя была несанкцыянаванай, ляжыць перадусім на мінскіх уладах, бо яны парушылі ўласны ж закон, не даўшы своечасова адказ, тым самым паставіўшы арганізатараў і грамадзянаў у становішча, калі фактычна акцыя была не забароненая, але і дазволу на яе не было. З такім найгрубейшым парушэннем мы не будзем мірыцца, хоць на нашы папярэднія скаргі ўлады адказалі адпіскамі пра тое, што ўсё законна. Але відавочна, што гэтае прамое парушэнне заканадаўства. Таму мы падаем у суд, каб выявіць гэта беззаконне і каб улады надалей такога не паўтаралі”, — заявіў bchd.info Дзяніс Садоўскі.

 bchd.info



Каментаваць