Дзяржаўнае кіраўніцтва дэмаграфіяй

Да 2010 года ў Беларусі павінны былі выраўняцца паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці, а з 2011 года — пачацца падвышэнне колькасці насельніцтва.



Да 2010 года ў Беларусі павінны былі выраўняцца паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці, а з 2011 года — пачацца падвышэнне колькасці насельніцтва.

Гэта абяцала праграма дэмаграфічнага развіцця краіны на 2007–2010 год, якую зацвердзіў Лукашэнка. Але смелыя планы не спраўдзіліся. Колькасць памерлых за мінулы год перавысіла колькасць народжаных на 29 182 чалавекі. Колькасць насельніцтва зменшылася на 18,9 тысячы чалавек, а ў краіну прыбыло 10 303 мігранты. Агульная колькасць насельніцтва Беларусі з улікам міграцыйнага прыросту склала на 1 студзеня 2011 года 9 мільёнаў 481 тысяча 100 чалавек.

Чаму так атрымалася? Гэтыя, безумоўна, слушныя планы не выконваюцца таму, што не маюць ніякага дачынення да рэальнасці. Галоўным «сабатажнікам» трэба лічыць само жыццё.

Наколькі ўвогуле дэмаграфічныя працэсы падпадаюць штучнаму кіраванню? Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна лічыць: так, падлягаюць. Але гісторыя чалавецтва не дае на гэта пытанне такога катэгарычнага адказу. У XVII стагоддзі езуіты заснавалі на тэрыторыі цяперашняга Парагваю дзяржаву для індзейцаў, якіх змушалі хадзіць «па адной струне», усяляк імі апякаліся і забяспечвалі, стваралі выключныя ўмовы: ніхто больш не галадаваў, людзі гарантавана атрымлівалі медычную дапамогу, працу ў полі або ў рамесных майстэрнях. Індзейцы выраблялі прадметы хатняга побыту, розныя талісманы, мастацкія рэчы, якія карысталіся добрым попытам у Еўропе. І нягледзячы на гэта, індзейцы не хацелі памнажацца. Вырашана было паспрабаваць маральныя стымулы. Хлопцам не дазвалялі насіць доўгія валасы (знак дарослага мужчыны) да нараджэння дзіцяці, а па начах вартаўнік біў у званы, каб разбудзіць мужчын ды жанчын ды спакусіць да выканання шлюбных абавязкаў. Але ўсе гэтыя высілкі не далі ніякага плёну. Спалі разам, дзяцей не было.

А тым часам у астатнім цывілізаваным і не вельмі свеце колькасць насельніцтва няспынна павялічвалася.

Нашы сучасныя палітыкі (зразумела, кожны на сваім узроўні) часам вельмі нагадваюць Уллянава-Леніна. Той таксама вельмі чулліва ставіўся да розных сусветных «трэндаў», выкрываў іх і адразу прапаноўваў сваё, прынцыпова новае, а таму, безумоўна, годнае рашэнне. Калі на сваім з’ездзе расійскія ўрачы-гігіеністы вызначылі, што неабходна арганізаваць прафілактыку палавых хваробаў ды прапаганду кантрацэптываў, Ілліч адгукнуўся гнеўнай філіпікай: ніякіх буржуазных прэзерватываў. Калі пралетарыят распачне сусветную рэвалюцыю, яму спатрэбяцца мільёны байцоў.

Прыклад блюзнерства, якое спраўдзілася. Хуткім часам распачалася «імперыялістычная» вайна, якую ленінцам удалося трасфармаваць у грамадзянскую, што ў выніку запатрабавала дзясяткі мільёнаў жыццяў.

Пасля перамогі «Вялікага Кастрычніка» бальшавікі надалі пытанню памнажэння вельмі пільную ўвагу. Прыкладам, Саратаўскі губернскі савет адмяніў з 1 студзеня 1918 года права пастаяннага карыстання жанчынамі ва ўзросце ад 17 да 32 гадоў. Нацыяналізацыі не падлягалі толькі замужнія жанчыны, у якіх было пяцёра і болей дзяцей. За «былымі ўладальнікамі (мужамі)» захоўвалася «права на пазачарговае карыстанне сваёй жонкай». Жанчыны абвяшчаліся «достоянием» усяго працоўнага класа, падлягалі размеркаванню фабзаўкомаў і прадстаўляліся ў карыстанне мужчынам, што заплацілі ўнёсак у фонд народнай адукацыі, па норме — чатыры разы на тыдзень цягам не болей трох гадзін. Для мужчын непрацоўнага класа памер месячнага ўнёску складаў 1000 рублёў.

Але дэмаграфічныя працэсы маюць вельмі павольную дынаміку. Бальшавікам не адразу ўдалося разбурыць буржуазны, як яны лічылі, тып сям’і. Сям’я выстаяла, яна забяспечвала «працоўны клас» людскімі рэсурсамі, не зважаючы на Салаўкі, галадаморы, ГУЛАГ. Таму, нягледзячы на выключныя стратэгічныя здольнасці сталінскіх маршалаў, была атрымана перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Тыя маглі — і бралі! — для кожнай сваёй бліскучай перамогі людзей, колькі патрэбна. І звыш таго. І пры гэтым прыгаварвалі — бабы новых народзяць!

Пра нейкую там дэмаграфічную бяспеку ніхто нават і не думаў. Нараджаюць, куды дзенуцца. Таму і праз сорак гадоў пасля вайны, збіраючы моладзь на будоўлі камунізму, кватэр не будавалі. У лепшым выпадку, інтэрнаты. Для дзяўчат асобна, для хлопцаў асобна. А «палавыя кантакты» толькі з дазволу і пад наглядам адміністрацыі. Вось і адбілі ахвоту. А кожны ведае, што ў гэтай справе жаданне галоўнае. А там хоць варожая куля, хоць снарад.

Аказалася, што пагроза адміністрацыі выселіць з «общаги» страшней вайны. Бо забівала людзей, якія яшчэ не з’явіліся на свет. Вось так кіравалі дэмаграфічным працэсам да таго часу, пакуль не перагнулі палку так, што яна зламалася.

Увогуле, раздражняе ўся гэта траскатня. Ну, не выканалі план. Што зробіш, калі яго вось так, з наскоку, не выканаеш. Праблема значна больш сур’ёзная, патрабуе істотных зменаў усёй палітыкі. Бо нельга ж лічыць, што падвышэнне дапамогі па догляду дзіцяці да памераў сярэдняга заробку можа карэнным чынам палепшыць сітуацыю. Таксама, як ільготнае жыллёвае крэдытаванне ды розныя іншыя матэрыяльныя выгоды. Бо на самай справе грошы на іх нехта павінен зарабіць. Бацька не зарабляе, маці не зарабляе. Хто павінен?

Яно б і не шкода. А як іх зарабіць? Ніколі гэта не атрымлівалася, каб «за сябе і таго хлопца». Ты яму заробіш, а той і зап’е і ад жонкі адмовіцца. Не раз было. Чым больш віна, тым больш разводаў. А міністр Марыяна Шчоткіна направа і налева раздае інтэрв’ю, якія імгненна разыходзяцца на цытаты: нам трэба ўзняць каэфіцыент нараджальнасці на большую вышыню, чым у сярэднім па Еўропе. І мы ўздымем.

Пабойцеся Бога, спадарыня! А калі не верыце ў Бога, то пабойцеся Лукашэнку. Бо яго ўжо не адзін раз «падстаўлялі» з гэтай самай дэмаграфічнай бяспекай, ды імкнуцца «нахіліць» зноў.

Доказам таму — не толькі прыведзеныя вышэй лічбы, але і разлікі, якія выкладзены ў Нацыянальнай справаздачы «Беларусь: 10 гадоў пасля Міжнароднай Каірскай канферэнцыі па народанасельніцтву і развіццю», падрыхтаванай беларускімі адмыслоўцамі ў 2004 годзе. Дакумент прадугледжваў для дэмаграфічнага развіцця нашай краіны тры магчымыя сцэнары: аптымістычны, песімістычны і сярэдні (памяркоўны?). Згодна першаму сцэнару, насельніцтва Беларусі павінна было да 2015 года скараціцца прыкладна да 9,73 мільёна чалавек, згодна другому — да 9,48 мільёна чалавек, па сярэдняму — да 9,5 мільёна. Падкрэслім: гэтыя высновы сталіся вынікам комплекснага аналізу, зробленага беларускімі навукоўцамі і практыкамі.

Але відавочна, што яны памыліліся. Ужо да 1 студзеня 2007 года аптымістычны варыянт вычарпаў сябе цалкам, бо колкасць насельніцтва зменшылася да 9,71 мільёна чалавек. Сёння ўсё яшчэ горай.

Паверыў бы хто, як надакучыла гэта бяздумная чынавенская балбатня.

Каментаваць