Дзяржаўны хлеб губляе смак

Вышэйшае кіраўніцтва краіны заклапочанае адтокам кадраў з чыноўніцкага апарату. Прэстыж дзяржаўнай службы пакрысе споўз уніз разам з заробкамі. Праца ў кабінетах дзяржструктур прыносіць не толькі фінансавыя пернікі, але і процьму абмежаванняў. Маладыя кар’ерысты часта абіраюць шлях у прыватныя структуры, дзе апроч заробку ёсць і кавалак свабоды.

Урад прыняў пастанову, у якой прапісана скарачэнне колькасці работнікаў апарату Савету Міністраў, а таксама бонусы для спецыялістаў, што працуюць у сістэме дзяржкіравання.

Вышэйшае кіраўніцтва краіны заклапочанае адтокам кадраў з чыноўніцкага апарату. Прэстыж дзяржаўнай службы пакрысе споўз уніз разам з заробкамі. Праца ў кабінетах дзяржструктур прыносіць не толькі фінансавыя пернікі, але і процьму абмежаванняў. Маладыя кар’ерысты часта абіраюць шлях у прыватныя структуры, дзе апроч заробку ёсць і кавалак свабоды.

Урад прыняў пастанову, у якой прапісана скарачэнне колькасці работнікаў апарату Савету Міністраў, а таксама бонусы для спецыялістаў, што працуюць у сістэме дзяржкіравання.

Савет міністраў пастановай №1784 «Аб арганізацыі работы па рэалізацыі пілотнага праекта ў апараце Савета міністраў», накіраванага «на падвышэнне зацікаўленасці ў выніках працы і замацаванне работнікаў у апараце СМ» загадаў «да 15 лютага 2012 выпрацаваць прапановы аб аптымізацыі функцый, структуры і колькасці работнікаў апарата, для забеспячэння паступовага змяншэння да 20% колькасці яго работнікаў». Акрамя таго, пастановай прадугледжана «ўдасканаленне сістэмы стымулявання працы работнікаў апарата для забеспячэння істотнага павелічэння іх заработнай платы і замацавання высокакваліфікаваных спецыялістаў у апараце».

У прыватнасці, дакументам прадугледжваецца «накіроўваць на прэміраванне работнікаў апарата, якія з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, што праявілі прафесійную ініцыятыву і забяспечваюць высокую эфектыўнасць працы, сродкі, вылучаныя з рэспубліканскага бюджэту, у памеры 5% сумы іх службовых акладаў». Таксама ў пастанове прапісана «накіроўваць на прэміраванне работнікаў, якія ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне і забяспечваюць дзейнасць апарата, сродкі ў памеры 50% сумы іх акладаў».

На пачатку студзеня міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна паведаміла, што ў краіне ёсць праблема — дэфіцыт работнікаў, у тым ліку на кіраўнічых пасадах, у прафесіях, дзе патрабуецца высокая кваліфікацыя. «Вядома, трэба зацікавіць чалавека працаваць тут, але гэта павінна быць комплексна, — заўважыла Шчоткіна. — Ёсць Саюзная дзяржава, ёсць АЭП, а гэта адкрытыя мяжы... Чалавек заўсёды выбірае там, дзе лепш». Міністр мяркуе, што заробак і сацпакет — гэта адны з асноўных умоваў для ўтрымання персаналу. Але «чалавек павінен зарабляць сваю зарплату, а не атрымліваць заробак», — падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна.

Які заробак прапануюць дробным чыноўнікам? На сайце Мінпрацы ў раздзеле вакансій у лютым гэтага года галоўнаму спецыялісту аддзела па справах моладзі райвыканкама, пажадана са стажам дзяржслужбы і вышэйшай адукацыяй, прапануюць 1,5 мільёна беларускіх рублёў, у Дзяржынскі райвыканкам патрабуецца галоўны спецыяліст у аддзел ЖКГ, ён можа разлічваць на адзін мільён рублёў заробку, падатковы інспектар са стажам не менш двух гадоў працы і эканамічнай адукацыяй атрымае таксама адзін мільён беларускіх рублёў. Дарэчы, міністр Мар’яна Шчоткіна распавяла, што «найбольшая складанасць па зарплатах назіраецца ў пасялковых выканаўчых камітэтах. У цэлым па дзяржорганах мы зараз праводзілі маніторынг. Вакансіі там — каля 2%. Гэта параўнальна няшмат».

Канешне ж, заробкі чыноўнікаў індэксуюцца, але вынікам яны не заўжды задаволеныя. «Калі работнік прадпрыемства можа папрасіць дадатак да зарплаты ў працадаўцы, то заробак дзяржслужачых якраз рэгулююцца пастановамі. Яны не залежаць ні ад колькасці працы, ні ад прынесенай бюджэту карысці», — дзеліцца досведам дзяржаўнага хлебу чыноўнік сярэдняга рангу.

Цікава, што спачування ў сувязі з падзеннем заробку, які прывязаны да тарыфнай сеткі, а не курсу долара, чыноўнікі з боку сваіх суайчыннікаў не чуюць. «Менавіта чыноўнікі, кожны на сваім месцы ў высокім крэсле або на прыстаўной табурэтцы, працавалі на выбарах, змагаліся з непажаданымі, малявалі статыстычныя справаздачы, выступалі ў СМІ, масцілі добрымі намерамі дарогу ў цэнтр Еўропы, клалі саломку, кавалі перамогу ў бітве з ураджаем і здзяйснялі шмат іншых падобных спраў. Ды аддасца кожнаму па справах яго!» — піша адзін з наведвальнікаў форуму, дзе акурат абмяркоўваецца нялёгкая доля слугі дзяржавы.

Атрымліваецца, што за гады адданай працы работнікі дзяржапарату атрымалі не толькі стабільны прыбытак, але і крыўду, злосць за ўсе праблемы, што займелі грамадзяне краіны пры патуранні моцнай вертыкалі. Да таго ж чыноўнікі і іх сем’і, блізкія сваякі, што пражываюць сумесна, патрапляюць пад новаўвядзенні, што прадугледжваюць пашыраную дэкларацыю прыбыткаў. Такі абавязак не надта прыемны, напрыклад, для тых, хто займаецца бізнэсам.

Разам з тым трэба ўлічваць, што нізкія зарплаты ў супрацоўнікаў дзяржапарату — гэта не толькі нагода для зласлівасці знаёмых, але і матывацыя для росту карупцыі ці звальнення сапраўды кваліфікаваных спецыялістаў, якія разумеюць, што ў іншым месцы можна атрымаць годную аплату сваёй працы. Атрымліваецца, што апроч падвышэння тарыфных ставак і прэмій мусіць быць сістэма справаздачнасці за вынік работы і разуменне сацыяльнай адказнасці. У адваротным выпадку слуга дзяржавы без згрызотаў сумлення зменіць дзяржаву на іншую, як толькі скончацца разліковыя банкноты ў касе ўстановы з гербам над дзвярыма.

 

Каментаваць