Дзяржаўныя святы Украіны

23 і 24 жніўня наша суседка Украіна адсвяткавала два святы запар — спачатку Дзень дзяржаўнага сцяга, а потым Дзень незалежнасці.

23 і 24 жніўня наша суседка Украіна адсвяткавала два святы запар — спачатку Дзень дзяржаўнага сцяга, а потым Дзень незалежнасці.

Дзень сцяга ўсталяваны ў жніўні 2004 года ўказам прэзідэнта Леаніда Кучмы «ў гонар шматвяковай гісторыі стварэння Украінскай дзяржавы, дзяржаўнай сімволікі незалежнай Украіны і з мэтай выхавання павагі грамадзян да яе дзяржаўных сімвалаў». Лічыцца, што нацыянальны сцяг Украіны быў выкарыстаны цягам рэвалюцыі 1848 года ў Аўстрыйскай імперыі Галоўнай рускай радай у Львове. Блакітны і жоўты колеры паводле геральдычнай традыцыі паўтаралі колеры львоўскага герба.

24 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет УССР абвясціў незалежнасць Украіны. Гэты акт быў зацверджаны агульнанародным галасаваннем 1 снежня 1991 года пры 90-працэнтнай падтрымцы насельніцтва. Таму падчас сустрэчы ў Віскулях лідэраў Расіі, Украіны і Беларусі дэнансацыя дамовы пра ўтварэнне СССР была перадвызначана найперш воляй украінцаў.

24 жніўня 2010 года ўкраінцы дакладна ведалі, што ў гэты дзень яны адзначылі 19 гадоў аднаўлення незалежнасці сваёй дзяржавы. У адрозненне ад беларусаў, якія 3 ліпеня святкавалі няведама якую гадавіну не зусім зразумела чаго. Пры тым, што ў Беларусі ёсць дакладна вядомыя даты, блізкія па свайму гістарычнаму зместу ўкраінскім, — 27 ліпеня 1990-га і 25 жніўня 1991 года. Новае незалежнае жыццё ў двух суседніх народаў пачыналася вельмі падобна.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны Раман Пятровіч Бязсмертны з нагоды свята наладзіў у Амбасадзе невялікі прыём для прэсы і ўкраінцаў, якія жывуць у Беларусі. У цёплай хатняй абстаноўцы госці атрымалі падарункі — украінскі сцяг, вітанні ад міністра замежных спраў Украіны, тэкст Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Мэта амбасады, сказаў пасол, — каб кожны ўкраінец у Беларусі меў у хаце дзяржаўны сцяг сваёй гістарычнай радзімы.

Потым усе паглядзелі фільм польскага рэжысёра Ежы Гофмана «Незалежнасць» — аповед пра шлях Украіны да самастойнай дзяржаўнасці. Фінальныя словы каментару даводзілі, што Украіна, сёння расколатая амаль пароўну на прыхільнікаў «аранжавых» і «сініх», тых, хто падтрымлівае старога прэзідэнта Віктара Юшчанку і новага — Віктара Януковіча, мусіць зрабіць крокі да аб’яднання, каб саспець як адзіная нацыя.

Каментаваць