Дзяржава чакае

Да прэзідэнцкіх выбараў плануецца прыняць дырэктыву аб лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур.

Праект дырэктывы № 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі і разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы цяпер знаходзіцца на разглядзе ўрада. Бліжэйшым часам праект будзе дапрацаваны і затым накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта. Тур назваў дырэктыву палітычным дакументам, які вызначае стратэгію дзейнасці дзяржавы.

У праект уключаныя як прынцыпова новыя для беларускага заканадаўства нормы, так і «ўказанне на неабходнасць актывізацыі ўжо замацаваных нарматыўных актаў і дзеянняў у дачыненні да суб’ектаў гаспадарання».

Таксама да канца бягучага года будзе падрыхтаваны праект закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Гэты законапраект дазволіць замацаваць неабходнасць і прыярытэтнасць узаемавыгадных кантактаў з прыватным сектарам, аб’яднае ўсе ключавыя моманты, звязаныя з рэалізацыяй такога партнёрства. Паралельна ў краіне распрацоўваецца шэраг іншых дакументаў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

Пастаўлена задача да канца 2015 года давесці долю прыватнага сектару ў ВУП да адной трэцяй. Цяпер яна складае прыкладна дзясятую частку. «Важна, колькі малы і сярэдні бізнес будуць даваць прыбытку на чалавека. Калі напрыканцы пяцігодкі мы выйдзем на 50 тысяч долараў на аднаго занятага чалавека і на павелічэнне долі малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы, гэта будзе вельмі добра», — зазначыў Тур.

Нагадаў Андрэй Тур і пра намер кіраўніцтва Беларусі ўвайсці ў лік першых трыццаці краін у рэйтынгу Сусветнага банку Doing Business. Дырэктыва №4 і падрыхтаваны праект плану мерапрыемстваў на 2010–2011 гады па паляпшэнні ўмоў для вядзення бізнесу мусяць дапамагчы забяспечыць высокае месца Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага банка. Бліжэйшая ацэнка будзе давацца па выніках зробленага да 1 красавіка 2011 года, а па пазіцыі «Падаткаабкладанне» (слабае месца Беларусі) — да 1 студзеня.

Чыноўнік не адмаўляе таго, што эканамічны крызіс падкасіў фінансавыя справы Беларусі, аднак ён не адмовіў і таго, што з 1 студзеня 2011 года ў краіне зноў будзе падвышана мінімальная заработная плата да 450 тысяч рублёў. З 1 лістапада бягучага года яна ўсталявана ў памеры 400 тысяч рублёў. «Пакуль гэтыя планы захоўваюцца. Паглядзім, як паўплывае на макраэканамічную сітуацыю рост тарыфнай стаўкі першага разраду з 1 лістапада 2010 года», — сказаў Андрэй Тур. Разважаючы пра мэтазгоднасць падвышэння заробку, ён нагадаў, што летась Беларусь, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага валютнага фонду, абмежавала рост заработнай платы.
 
Каментаваць