Дзяржава просіць

Высокія чыны заклікаюць беларускі народ аб’яднацца, зразумець і зняць кашулю, каб дапамагчы выбрацца з нэндзы. Але ці гатовыя грамадзяне выцягнуць і пакласці на дзяржаўны стол агучаныя кіраўніцтвам Беларусі сем мільярдаў долараў заначак?



Высокія чыны заклікаюць беларускі народ аб’яднацца, зразумець і зняць кашулю, каб дапамагчы выбрацца з нэндзы. Але ці гатовыя грамадзяне выцягнуць і пакласці на дзяржаўны стол агучаныя кіраўніцтвам Беларусі сем мільярдаў долараў заначак?

Для пачатку хацелася б прывесці вельмі паказальныя лічбы. Папулярны беларускі інтэрнэт-партал tut.by правёў апытанне на тэму “Я б з’ехаў з Беларусі.... З прапанаваных варыянтаў адказ “Як толькі з’явілася б магчы­масць абралі больш за 55% рэспандэнтаў. І толькі 14% прагаласавалі за варыянт “Я нікуды не збіраюся з’язджаць. Я цалкам шчаслівы тут.

Пра крах ідэі сацыяльнага кантракту, што актыўна абмяркоўвалася цягам апошніх гадоў палітыкамі і аналітыкамі, якія шукалі прычыну, чаму ж беларусы не ідуць грудзямі на барыкады рэвалюцыі, гэтым летам стала зразумела нават сціплым пенсіянерам і абыякавым спажыўцам пладова-ягаднага. І ўсё, што робіцца цягам апошніх месяцаў, працуе толькі на карысць размывання аўтарытэту і даверу да ўладаў. Быццам пятая калона, якую столькі гадоў чыхвосціў Аляксандр Лукашэнка, гэта і ёсць улада. Яна абяцае і не выконвае, патрабуе і пагражае.

Перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі было абяцанне сярэдняга заробку ў пяцьсот долараў. І, чаго крывіць душой, многія яго мелі, а некаторыя нават больш. Але ж абяцанне было не на месяц і нават не на год, а на доўгую перспектыву. Усяго толькі праз паўгода заробкі ў многіх добра калі складаюць сто замежных у эквіваленце, а кошты і інфляцыя няспынна паўзуць уверх. Нават жарт з’явіўся для новых эканамічных умоў: “Распродаж па-беларуску — нашы цэны сёння на 30% ніжэй, чым заўтра!

У такіх варунках Мінэканомікі ўжо не саромеецца і прагназуе інфляцыю за год большую за 100%. Як паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца з міністэрства, прадугледжана тры сцэнары развіцця макраэканамічнай сітуацыі, і ўсе яны прагназуюць інфляцыю, якую вымяраюць трохзначнымі лічбамі. Паводле прагнозаў, гэта прывядзе да падаражання імпарту, росту выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, росту платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Таксама прагназуюцца захады па ліквідацыі дыспарытэту цэнаў на тавары і прадукты, якія актыўна вывозяць у Расію (то бок цэны растуць і будуць расці далей). Нават афіцыйная статыстыка кажа, што інфляцыя ў Беларусі за студзень-чэрвень склала 41%.

Даражэюць прадукты, праезд у грамадскім транспарце, камунальныя паслугі, зноў з’яўляецца дэфіцыт тавараў. Людзі ў чэргах на кожнае неасцярожнае слова выдаюць песні жальбы на тэму, як жыць далей і чым карміць сем’і. Кіраўніцтву краіны варта прасіць калі не прабачэння, то хаця б паразумення. А яно ў старым рэчышчы: самі вінаватыя, то і расхлёбвайце!

“Усе даходы, звязаныя з ростам коштаў, накіраваць на меры сацыяльнай абароны. Гэта тычыцца як бюджэтных, так і камерцыйных арганізацый, — грымеў Лукашэнка на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ён растлумачыў, што там, дзе ўтвараюцца звышпрыбыткі, яны павінны быць канфіскаваныя. “Бізнэс, прадпрыемствы, фізічныя асобы, якія паспяхова працуюць, павінны разумець, што цяпер дзяржаве трэба падставіць плячо, — настаўляў кіраўнік дзяржавы чыноўнікаў. — Ёсць залішні рост коштаў ва ўсіх сегментах эканомікі. Гэтыя сродкі павінны быць сабраныя ў адмысловы фонд і адпраўленыя ў дапамогу людзям. Перш за ўсё, шматдзетным сем’ям, малазабяспечаным і дзецям, у дзіцячыя садкі і школы, каб яны не засталіся без увагі, і перш за ўсё іх трэба накарміць і апрануць. Чаму ні слова не было згадана пра прэзідэнцкія фонды і магчымасць узяць крыху рэсурсу адтуль?

Адначасова з мерамі па выхаду на адзіны курс беларускага рубля плануюцца разавыя выплаты. “Для матэрыяльнай падтрымкі бюджэтнікаў будзе аказана дапамога ў памеры 500 тысяч рублёў, пры гэтым не павінны быць забытыя і работнікі рэальнага сектара, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Гэтыя меры мусяць быць рэалізаваныя ўжо ў верасні. Якім чынам, не зразумела. Зрэшты, і памер дапамогі асаблівага аптымізму не надае — гэта менш 60 долараў паводле рыначнага курсу.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава будзе працягваць індэксацыю выплат, будзе павышана тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. “Паралельным курсам павінны рухацца ўсе вытворчыя, камерцыйныя структуры, павышаючы даходы насельніцтва, — перакананы кіраўнік Беларусі. Так што прыватным прадпрыемствам трэба рыхтавацца — з іх спытаюць. Для аказання адраснай сацыяльнай дапамогі ў бюджэце прадугледжана каля 70 мільярдаў рублёў. Выглядае аптымістычна? То не будзем расстройвацца і прыводзіць для параўнання кошты на прадукты і прамысловыя тавары, пачакаем першых камунальных плацяжоў у новым ацяпляльным сезоне...

Што рабіць, апроч як аддаваць дзяржаве свае звышпрыбыткі, пакуль не зразумела. А вось хто вінаваты — вядома. Глабальны фінансава-эканамічны крызіс і алігархі з падкантрольнымі ім СМІ. Прынамсі такую версію агучыў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў у сваім звароце да жыхароў сталіцы: “Мы, дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, падзяляючы адказнасць за лёсы сваіх выбаршчыкаў, усіх мінчан і дзейнічаючы ў іх інтарэсах, звяртаемся да жыхароў сталіцы аб неабходнасці згуртавацца, аб’яднаць высілкі ўсіх у рэалізацыі намечаных прэзідэнтам, урадам і кіраўніцтвам горада-героя мер па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі і сацыяльнай падтрымцы насельніцтва. Цвёрда ўпэўненыя, што разам мы пераадолеем часовыя цяжкасці. Перакананыя, мінчане зробяць усё неабходнае для нарошчвання тэмпаў росту эканомікі і дабрабыту людзей. Сталіца нашай Радзімы, як і ўся рэспубліка, стане моцнай і квітнеючай!

І хто адважыцца аспрэчыць аптымізм народных абраннікаў?

Каментаваць