Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Дзмітрый Ус: Бізнеса ў мяне ўжо практычна няма…

Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус распавёў, чым ён зараз займаецца, і чаму больш не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах.

Нагадаем, Дзмітрый Ус быў кандыдатам у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 г. Яго затрымалі ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту, а 26 мая 2011 года суд прызнаў Уса вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Экс-кандыдат у прэзідэнты быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зняволення, але ў кастрычніку выйшаў на волю разам з іншымі палітвязнямі.

— Хутка распачнецца кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы. Сочыце за палітычным жыццём краіны?

—    Калі казаць пра выбары, то мне гэта ўжо не цікава. У нас не выбіраюць, а прызначаюць, а каго можа цікавіць гульня ў адны вароты? Вось калі б сапраўды народ меў права голасу і ведаў, што яго галасы будуць падлічаны празрыста, то была б зусім іншая справа. У нас за апошнія гады інстытут выбараў настолькі дыскрэдытаваў сябе, што сітуацыя становіцца зразумелай нават бабулькам у вёсках. А мне за тое, што я агучваў гэтую пазіцыю, яшчэ і пяць з паловай гадоў турмы далі. Я ж яшчэ ў 2010 годзе казаў, што патрэбны незалежныя ўчастковыя камісіі, патрабаваў зменаў ў Выбарчым законе…

—     Больш удзельнічаць у выбарчых кампаніях не будзеце?

—    Як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Выбары патрэбны толькі для ўлады, а ўсе астатнія тут выконваюць другасныя ролі, якія той самай уладай і распісаны.

     А чым вы зараз займаецеся?

—    Жыву за горадам спакойным жыццём — курэй вырошчваю, бульбу. Адным словам, займаюся гаспадаркай.

    А як жа ваш бізнес?

—    Бізнесу ў мяне ўжо практычна няма. Эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, таму прыбытак мінімальны. Як кажуць, хапае толькі на падтрыманне штаноў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Каментаваць