Дзве закладніцы

У постсавецкай палітыцы з’явілася столькі розных праграм, што пералічыць іх немагчыма. Праўда, у такім падліку няма ніякай пільнай патрэбы. Бо ў кожнай асобы, якая лічыць сябе палітыкам, ёсць і свая асобная праграма. Да таго ж большасць праграм падобныя, быццам іх рабілі на адзін капыл.



У постсавецкай палітыцы з’явілася столькі розных праграм, што пералічыць іх немагчыма. Праўда, у такім падліку няма ніякай пільнай патрэбы. Бо ў кожнай асобы, якая лічыць сябе палітыкам, ёсць і свая асобная праграма. Да таго ж большасць праграм падобныя, быццам іх рабілі на адзін капыл.

Таму народу бывае цяжка зразумець, чым яны па сваёй сутнасці розняцца. І таму да палітычных праграм простыя людзі ставяцца, як той дзед Нічыпар з «Вяселля ў Малінаўцы» — калі хтосьці выступае за свабоду асобы, то будуць рабаваць. Інакш кажучы, людзі лічаць, што палітыкі ў выпадку прыходу да ўлады забудуць пра абяцанкі, але не пра магчымасці набіць кішэні за іх кошт. Таму, дарэчы, прэтэндэнтам на ўладу бывае цяжка выціснуць дзейных валадароў, якія, на думку людзей, ужо добра на свае патрэбы папрацавалі. А ў новых кішэні пустыя.

Карацей, пры безумоўнай важнасці палітычных праграм не трэба да іх вельмі сур’ёзна ставіцца, бо яны насамрэч ніколі не выконваюцца. Узяць, прыкладам, праграму пра стварэнне ў цэнтры Еўропы новай краіны — моцнай і квітнеючай Беларусі. Кожную вясну яна пачынае квітнець, але амаль выключна пустацветам. Шараговы беларус як быў дзесяць гадоў таму бяднейшым за шараговага літоўца, паляка, не кажучы пра немца, так і застаецца. Ужо нават нашмат бяднейшым і за шараговага расіяніна.

Нездарма ж столькі народу з’язджае туды на заробкі.

Але, як казалі на досвітку найноўшага капіталізму, калі ў цябе ёсць ваўчар, прад’яві яго. Тое ж самае і з праграмамі. Перш чым паказаць іх электарату, трэба даслаць у Цэнтрвыбаркам, каб тамтэйшыя спецыялісты ацанілі праграму наконт паліткарэктнасці. І калі няма ў ёй прыкмет экстрэмізму — дзейнічай. Так, прынамсі, зрабіў Уладзімер Някляеў, але адразу апынуўся ў цэнтры публічнага скандалу. Шмат кім са сваіх апанентаў ён быў успрыняты нейкім мясцовым Чубайсам і нават горшым за яго. Хоць да гэтага моманту лічылася, што такое нікому не пад сілу. Ні палітыкам, ні, тым больш, паэтам. Шмат хто яшчэ памятае пра яго абяцанні даць кожнаму расіяніну па новай «Волзе» ў абмен на ваўчары. Таму нават рух адмысловы стварылі пад лозунгам «Выцісні з сябе Чубайса!».

І гэта ў той час, калі, на думку шмат каго з айчынных мысляроў, Бог паказаў сваю любоў да Беларусі, прызначыўшы на пасаду прэзідэнта самага палымянага змагара з «прыхватызатарамі» ўсіх часоў і народаў. І таму краіна пайшла ў будучыню не так, як усе, а ўласнымі шляхамі ды сцежкамі. І тым самым уратавалася ад карупцыі і сацыяльнай дэградацыі.



Прыкладна так у «Нашай Ніве» напісаў Андрэй Дынько, які ўшчэнт раскрытыкаваў эканамічную праграму Някляева. Бо Някляеў у выпадку абрання прэзідэнтам збіраецца прадаць расійскаму капіталу ўсё тое, што і так па сутнасці залежыць ад Расіі і, па вялікаму рахунку, акрамя Расіі нікому не патрэбнае!

Пасля такіх слоў ужо ніхто не слухаў аргументаў аднадумцаў Някляева, якія даводзілі, што сучасны капітал не мае нацыянальнай прыналежнасці, што ў Расіі рынкавае развіццё спарадзіла фірмы, якія здольны дзейнічаць «адкрыта і празрыста». А трэба было б і прыслухацца. Бо з высновай спадара Дзмітрыева пагадзіўся б адзін насамрэч таленавіты навуковец, які яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя лічыў, што капітал з’яўляецца сілай інтэрнацыянальнай, што цалкам спраўдзілася цягам сусветнай глабалізацыі. А высновы спадарыні Навумавай кожны дзень пацвярджаюцца практыкай. Бо за выключэннем вытворчасці і гандлю калійных угнаенняў, чорных металаў, ільну, піламатэрыялаў ды нейкіх яшчэ дробных рэчаў, асноўнымі (бадай, адзінымі) партнёрамі беларускіх прадпрыемстваў з’яўляюцца расійскія кампаніі. У бальшыні сваёй прыватныя, у бальшыні не алігархічныя. Зразумела, гэтыя стасункі не пазбаўлены нейкіх «шэрых схем», але ж ужываюцца яны абодвума бакамі.

Лічыць, што рускія нажываюцца на беларусах — гэта ўсе роўна, што лічыць іх безнадзейнымі дурнямі. Іншая справа, што гэта супрацоўніцтва носіць для бакоў змушаны характар. І Беларусь, і Расія да гэтага часу з’яўляюцца закладніцамі былога ўсесаюзнага падзелу працы, яны ўсё яшчэ скаваны тым адзіным ланцугом, які звязваў народную гаспадарку краіны ў непадзельнае цэлае. Разлік быў такі.

Вось і мыкаемся да гэтага часу «з нацыянальным срэбрам», якое пра­даць, прынамсі, дорага, а выкінуць шкада. А тым, каго вінавацяць у жаданні скупіць адразу ўсё і танна, яно ўвогуле непатрэбна.

Уявіць адваротнае гэтак жа цяжка, як западозрыць раба ў жаданні скрасці чужую частку агульнага ланцуга, каб скаваць сабе і другую, свабодную нагу.

 

Каментаваць