Еўрасаюзаўскія пернікі

Еўрасаюз рыхтуецца да аднаўлення статуса адмыслова запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы для Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Апеляцыя да выканання Беларуссю дванаццаці раней акрэсленых умоў ЕС набыла памяркоўны характар. Замест свабоды СМІ, спынення палітычна матываванага пераследу іншадумцаў чыноўнікі ЕС загаварылі пра адмену смяротнага пакарання. Быццам іншыя праблемы ўжо вырашаныя.



Еўрасаюз рыхтуецца да аднаўлення статуса адмыслова запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы для Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Апеляцыя да выканання Беларуссю дванаццаці раней акрэсленых умоў ЕС набыла памяркоўны характар. Замест свабоды СМІ, спынення палітычна матываванага пераследу іншадумцаў чыноўнікі ЕС загаварылі пра адмену смяротнага пакарання. Быццам іншыя праблемы ўжо вырашаныя.

На знак збліжэння з Еўрасаюзам у Мінску адкрыўся інфармацыйны пункт Рады Еўропы. Паводле слоў намесніцы генеральнага сакратара Рады Еўропы спадарыні Мод дэ Бур-Букіккія, гэта «з’яўляецца пазітыўным адказам Рады Еўропы на знакі, зробленыя кіраўніцтвам Беларусі ў бок адкрытасці і гатоўнасці да супрацоўніцтва».

На прэсавай канферэнцыі з нагоды гэтай падзеі старшыня Камітэта міністраў Рады Еўропы, міністр замежных спраў Славеніі Самуэль Жбагара паведаміў, што дэлегацыя мела шэраг сустрэчаў з высокапастаўленымі асобамі Беларусі, дзе закраналіся перспектывы дыялога і супрацоўніцтва. «Я хацеў бы заахвоціць Беларусь у рэалізацыі далейшых крокаў у адносінах выканання стандартаў Еўропы», — заявіў госць з ЕС. Таксама ён адзначыў, што спадзяецца на «праяву палітычнай волі» беларускіх уладаў у пытанні адмены смяротнага пакарання. «Адмена смяротнага пакарання — гэта пытанне не рэферэндуму, а праявы палітычнай волі з боку ўлад».

Паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, мараторый на смяротнае пакаранне стане важным сігналам пра гатоўнасць беларускіх уладаў працягваць збліжэнне з Радай Еўропы. Пра ранейшыя патрабаванні дэмакратызацыі рэжыму прадстаўнікі Рады Еўропы амаль не ўзгадваюць. На пытанне пра палітвязняў Самуэль Жбагар коратка заўважыў, што мае надзею на вырашэнне гэтай праблемы. «Мы спадзяемся, што бліжэйшым часам праблема мусіць быць вырашаная, у тым ліку і адносна нядаўніх вязняў». Пад «нядаўнімі вязнямі» меліся на ўвазе Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка, якія знаходзяцца пад арыштам чатыры месяцы, і следства па іх справе працягнутае надалей. Справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў многія праваабаронцы лічаць палітычным пераследам.

Працяг рэформаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека, па словах кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Славеніі Самуэля Жбагара, дазволіць у бліжэйшай будучыні прыняць Беларусь у Раду Еўропы. Чыноўнік зазначыў, што Славенія як старшыня Камітэта міністраў Рады Еўропы «будзе прыкладаць усе намаганні, каб ажыццявіць гэту мэту». Пры гэтым ён спаслаўся на меркаванне міністраў краінаў Рады Еўропы пра «вялікі прагрэс Беларусі ў галіне дэмакратыі і павагі правоў чалавека».

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў аптымізм еўрачыноўнікаў цалкам падзяляе: «Сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі не горш, чым у краінах-суседзях і краінах Еўрасаюза. Калі б наш парламент рыхтаваў даклад аб правах чалавека ў іншых краінах, то знайшоў бы што пакрытыкаваць». Хаця знутры краіны добра відаць, што «вялікі прагрэс» у названых сферах факталагічнага падмацавання не мае.

Еўропа старанна выдае жаданае за рэчаіснасць. Напрыклад, дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях ПАРЕ Андрэа Рыгоні падрыхтаваў чарговы даклад, у якім пералічвае шэраг пазітыўных зменаў (рэгістрацыю руху «За свабоду», допуск у дзяржаўныя друкарні і сетку распаўсюду газет «Народная Воля», «Наша Ніва» і «Узгорак», стварэнне кансультатыўных радаў), якія з’яўляюцца важнымі крокамі ў бок дэмакратыі і верхавенства закона. Разам з тым, ігнаруюцца факты наяўнасці ў краіне палітвязняў, у тым ліку адзінаццаці чалавек, якіх арганізацыя «Amnesty International» у маі прызнала вязнямі сумлення, нерэабілітацыя раней асуджаных з палітычных матываў асобаў (Аляксандр Казулін, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і іншыя), абмежаванні на распаўсюд цэламу шэрагу недзяржаўных выданняў і многае іншае.

Нягледзячы на гэта, дакладчык прапанаваў вярнуць Беларусі статут адмыслова запрошанага, які дазваляе дэпутатам «парламента» краіны (абранага, паводле ацэнак АБСЕ, з парушэннямі заканадаўства) удзельнічаць у працы Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Андрэа Рыгоні паведаміў, што на сесію ПАРЕ, дзе будзе вырашацца пытанне пра вяртанне Беларусі статуса адмыслова запрошанага, прыедзе старшыня ніжняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка. «Яму будзе прадстаўленая магчымасць выказаць сваё меркаванне не толькі адносна падрыхтаванага мною дакладу, але і па перспектывах далейшага развіцця адносін паміж Беларуссю і Радай Еўропы», — адзначыў дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях ПАРЕ.

Разам з тым Андрэа Рыгоні заявіў, што рашэнне пра вяртанне парламенту Беларусі статусу адмысловага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы «нельга разглядаць як нейкі падарунак». «Наданне гэтага статуту звязана з праверкамі на адпаведнасць стандартам Рады Еўропы. У маім дакладзе паказаныя пэўныя крытэры: мы просім, каб беларускімі ўладамі былі зробленыя наступныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі краіны. У маім дакладзе ўстаноўлены тэрмін у адзін год для таго, каб праверыць рэалізацыю гэтых крокаў, — сказаў Рыгоні. — І гэта не проста пусты гук або балбатня, таму што Рада Еўропы і ПАРЕ хочуць бачыць пэўныя вынікі. Праз год статут адмысловага запрошанага можа быць або падоўжаны, або скасаваны па выніках праверкі».

Дакладчык ПАРЕ адзначыў, калі будзе вернуты статус адмысловага запрошанага, у працы сесій ПАРЕ будзе ўдзельнічаць не толькі афіцыйная дэлегацыя Беларусі, але і на сталай аснове дэлегацыя апазіцыі.

Каментаваць