Еўропа на провадзе!

Чым бліжэй беларускія прэзідэнцкія выбары, тым больш Беларуссю цікавіцца Еўрасаюз. Здаецца, за апошні час не было такога “дэсанту еўрапейскіх прадстаўнікоў у “сінявокую. І не было адпаведных заяў і рэзалюцый з еўрапейскага боку ў адносінах да Беларусі.

(На здымку: Пінск. Развітанне з ахвярамі выбуху)



Чым бліжэй беларускія прэзідэнцкія выбары, тым больш Беларуссю цікавіцца Еўрасаюз. Здаецца, за апошні час не было такога “дэсанту еўрапейскіх прадстаўнікоў у “сінявокую. І не было адпаведных заяў і рэзалюцый з еўрапейскага боку ў адносінах да Беларусі.

(На здымку: Пінск. Развітанне з ахвярамі выбуху)


Пасля візіту прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ Савет Еўрасаюза 25 кастрычніка працягнуў санкцыі ў дачыненні да 41 высокапастаўленага беларускага чыноўніка, уключаючы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, да 31 кастрычніка 2011 года. Адначасова з працягам санкцый падоўжаны мараторый на іх прымяненне ў дачыненні да 36 чалавек.

Пад дзеянне мараторыя не трапляюць пяць чалавек — былы камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка, два былыя міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

Як адзначаецца ў рэзалюцыі, гатоўнасць ЕС да развіцця адносінаў з Беларуссю будзе залежаць ад прагрэсу ў галіне развіцця дэмакратыі ў краіне, у тым ліку выканання правоў чалавека і прынцыпу вяршэнства закону. ЕС таксама працягне абмеркаванне плана рэформ для Беларусі, распрацаваных Еўракамісіяй у межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Акрамя таго, не выключаецца магчымасць макрафінансавай дапамогі ЕС Беларусі ў выпадку выканання дзяржавай пэўных умоў.

У той жа час Савет ЕС выказвае занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Савет таксама “глыбока шкадуе ў сувязі з адсутнасцю прагрэсу па шэрагу пытанняў, у тым ліку па далейшым рэфармаванні Выбарчага кодэкса, выкананні права на свабоду слова, СМІ, сходаў і асацыяцый.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што ЕС працягне аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў мэтах “развіцця плюралістычнай і дэмакратычнай атмасферы ў краіне.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з нормамі і стандартамі міжнароднага права. Савет ЕС вітае рашэнне беларускіх уладаў запрасіць для назірання за выбарамі прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ. “ЕС будзе ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі ў час выбараў і пасля іх, — гаворыцца ў дакуменце. — Выразны і відавочны прагрэс пры правядзенні выбараў дасць новы стымул для развіцця палітыкі ЕС адносна Беларусі.

Амаль адначасова стала вядома, што ў пачатку лістапада Беларусь плануе наведаць з візітам міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Пра гэта паведамляе газета “Reczpospolita са спасылкай на блізкую да польскага МЗС крыніцу. Паводле звестак газеты, Сікорскі плануе сустрэцца з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі неафіцыйнага Саюза палякаў.

Больш за тое, Беларусь наведала прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч. Ёй многае не спадабалася ў нашай сістэме рэгулявання СМІ, але ж сам факт яе прыезду цікавіць нашмат больш. Што яна спрабавала тут знайсці, акрамя таго, што ёй ўжо вядома? Што спрабуе тут знайсці Сікорскі? Чаго тут шукала Даля Грыбаўскайтэ?

Падаецца, Еўропа заклапочаная тым, што будзе з Беларуссю пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пэўна, асаблівых ілюзій, якімі будуць гэтыя выбары і які будзе іх вынік, Еўропа не мае. Пакуль яна рыхтуецца максімальна наблізіць беларускія выбары да дэмакратызацыі, пры гэтым спрабуе скарыстаць знакаміты метад “бізуна і перніка. Бізун — у выглядзе падаўжэння санкцый, пернік — у выглядзе візітаў чыноўнікаў. Еўропа, аднак, не ўлічыла, што такая тактыка даўно не спрацоўвае. Як ужо не раз адзначалася (і не толькі беларускімі аналітыкамі), мясцовая ўлада разумее толькі сілу. Пернік для яе — гэта слабасць. Улада заўсёды скарыстае аргумент “нас прымаюць у Еўропе, што вельмі дарэчы на фоне абвастрэння адносінаў з Расіяй. Бізун жа стала ўспрымаецца як спроба паставіць Беларусь на калені, таму агучваецца довад: “Мы павінны супрацьстаяць знешнім ворагам. Карацей, абодва інструменты ўлада навучылася выкарыстоўваць у сваіх, адрозных ад еўрапейскіх, мэтах.

А тым часам Беларусь напаткала бяда. 25 кастрычніка адбыўся выбух на прадпрыемстве “Пінскдрэў. На тушэнні ўзнікшага пажару былі задзейнічаны больш за 10 пажарных разлікаў. На момант выбуху ў цэху, паводле папярэдніх звестак, знаходзіліся 29 чалавек.

Пад заваламі ратавальнікі знайшлі целы двух загінуўшых мужчын: аператара аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній 1984 года нараджэння і слесара-рамонтніка 1958 года нараджэння. Потым з’явілася інфармацыя, што яшчэ адзін чалавек памёр у бальніцы. Як мяркуецца, прычынай гэтага здарэння на заводзе “Пінскдрэў-ДСП стаў “выбух адкладанняў драўлянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўляна-паліўных гранул.

Гэтая падзея ўзрушыла Беларусь. Беларуская партыя зялёных у спецыяльнай заяве адзначыла, што гэтае прадпрыемства неаднаразова крытыкавалася з-за забруджвання навакольнага асяроддзя. Але ўлады на скаргі грамадзян адказвалі, што паветра ў раёне фабрыкі чыстае. Па звестках БПЗ, у Беларусі існуе практыка, калі горадастваральныя і валютастваральныя прадпрыемствы ацэньваюцца па ўзроўні забруджвання не з экалагічнага пункту погляду, а з улікам так званага прынцыпу “эканамічнай мэтазгоднасці. “Менавіта празмернае забруджванне навакольнага асяроддзя ў выглядзе драўлянага пылу і прывяло да смерці людзей, — адзначылі ў БПЗ.

Партыя запатрабавала ад урада Беларусі неадкладна ўзмацніць кантроль над забруджваннем навакольнага асяроддзя на горадастваральных і валютастваральных прадпрыемствах і цалкам адмовіцца ад прынцыпу “эканамічнай мэтазгоднасці, а тыя прадпрыемствы, якія не здолеюць укласціся ў экалагічныя нарматывы забруджвання, — зачыніць.

Цікава, ці прыслухаецца ўрад да прапановаў “зялёных хаця б пасля трагедыі? Дарэчы, еўрапейскія нормы ў пытаннях экалогіі значна больш жорсткія за нашы…
 

Каментаваць