Эфект маятніка

Беларускі трэнд схіліўся ў бок Еўропы з падачы саміх еўракамісараў. Яны гатовыя адысці ад мараторыя на кантакты з “апошняй дыктатурай Еўропы, як і ад падобнага вызначэння палітычнага рэжыму ў Беларусі. Палітычны дэсант з Еўрасаюза настойліва атакуе сінявокую, а яна і рада пасунуць акцэнты з усходу на захад.

Беларускі трэнд схіліўся ў бок Еўропы з падачы саміх еўракамісараў. Яны гатовыя адысці ад мараторыя на кантакты з “апошняй дыктатурай Еўропы, як і ад падобнага вызначэння палітычнага рэжыму ў Беларусі. Палітычны дэсант з Еўрасаюза настойліва атакуе сінявокую, а яна і рада пасунуць акцэнты з усходу на захад.

Еўрасаюз удала карыстаецца “вайной паміж Беларуссю і Расіяй ды робіць крокі ў бок наладжвання адносінаў, умацавання пазіцый па сваёй усходняй мяжы. Калі раней пазіцыя ЕС была прынцыповай і ўльтыматыўнай, то цяпер ідзе гаворка не пра выкананне патрабаванняў, а пра жаданне бачыць прагрэс у пэўных сферах — выбарчым працэсе, свабодзе сходаў, выкананні правоў чалавека. Што будзе выступаць меркаю гэтага прагрэсу — не зразумела. На падобныя пытанні пасланцы Захаду імкнуцца пазбегнуць канкрэтнага адказу. Прагрэс — і кропка, а якім ён будзе, быццам і не важна. Не важна ўжо і тое, што на чале Беларусі застанецца Аляксандр Лукашэнка.

Больш таго, палітычны бамонд другі тыдзень не можа супакоіцца ад прызнання літоўскага прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ на сустрэчы з еўрапейскімі пасламі, што была прысвечаная ўнутраным пытанням Літвы і Еўрасаюза. Прэзідэнт Літвы заявіла, што ўпэўненая ў перамозе Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і ўхваляе гэта. “Лукашэнка — гарант палітычнай і эканамічнай стабільнасці Беларусі, яе незалежнасці. Мы не хочам, каб наша суседка стала другой Расіяй, — заявіла спадарыня Грыбаўскайтэ. Беларускую апазіцыю палітык назвала «несур’ёзнай», без шанцаў «на любых выбарах». “Лукашэнка мог бы выйграць, набраўшы 99% галасоў, але ён пераможа толькі з 75%, каб дагадзіць ЕС, — выказалася прэзідэнт Літвы.

Дэпутат германскага Бундэстага, кіраўнік ведамства федэральнага канцлера, федэральны міністр па асаблівых даручэннях Рональд Пофала падчас свайго візіту некалькі разоў паўтарыў, што ЕС будзе паважаць выбар беларускага народа. І выбар гэты даволі прадказальны ва ўмовах няроўнага доступу да СМІ (а калі больш дакладна, то нядопуску апазіцыйных палітыкаў да дзяржаўных і, адпаведна, масавых медыяў, бо ў зачышчанай за больш чым дзясятак гадоў прасторы недзяржаўныя СМІ, мякка кажучы, у беспрагляднай яме), асабліва і мудрыць нічога ўладам не патрэбна, каб захаваць статус-кво. Выглядае на тое, што захаванне расстаноўкі сілаў задавальняе Еўропу — кіраўнік Беларусі можа і не вельмі прадказальны, але яго дзеянні, жаданні больш-менш зразумелыя.

Еўропа цяпер хоча мець эканамічнага партнёра ў асобе Беларусі, на што ў прынцыпе больш чым згоднае беларускае кіраўніцтва. Направа і налева раздаюцца абяцанні адкрытасці эканомікі да інвестыцый, супрацоўніцтва, мае месца апантанасць міжнароднымі рэйтынгамі па ўмовах вядзення бізнесу. У прывітальным слове Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам Беларускага інвестыцыйнага форума ў Франкфурце-на-Майне гаварылася, што “ўсе сферы беларускай эканомікі адкрытыя для інвестыцый. Выглядае на тое, што жаданні бакоў так ці інакш сышліся. Не без дапамогі знешніх фактараў, натуральна.

Аляксандру Лукашэнку ЕС дае прываблівыя абяцанні за правядзенне адкрытых і дэмакратычных выбараў выдзеліць 3 мільярды еўра на працягу трох гадоў (праўда, у якой форме, не было агучана), кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства Радаслаў Сікорскі падчас свайго візіту ў Мінск заявіў, што зняў сваё вета на ўдзел Беларусі ў Паўночным вымярэнні ЕС, Еўракамісія рэкамендавала Савету міністраў ЕС упаўнаважыць Камісію для пачатку перагаворнага працэсу з Беларуссю па дамовах аб спрашчэнні працэдур афармлення кароткатэрміновых віз і аб рэадмісіі. Ледзяны маналіт адносінаў пачынае імкліва таяць.

У такіх умовах беларускай апазіцыі варта было б задумацца, што ёй свеціць маргіналізацыя ўжо не толькі на ўнутраным полі, але і на знешнім. Увесь гэты час яна “выязджала на самаізаляцыі беларускага рэжыму. Але калі ідзе дыялог з уладамі, то натуральны працэс — пасоўванне на другі план апазіцыі, тым больш калі яна нічога не вырашае і ні на што не ўплывае.

Еўрапейскія пасланнікі не настойваюць на вылучэнні “адзінага кандыдата ад апазіцыі на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах, не апелююць да неабходнасці кансалідацыі сілаў, бо гэта выглядала б ціскам на ўнутраную палітыку краіны. Але раздробленасць апазіцыйных сілаў, пастаяннае перацягванне коўдры і дзяльба незабітага мядзведзя выглядаюць як мінімум смешна, а то і проста кампраметуюць. Урэшце, Еўропа — не краіна Оз з дзівосным чараўніком, які можа надзяліць герояў гісторыі адвагай і мудрасцю.
 

Каментаваць