Эфект санкцый

Ці з’яўляюцца эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі тым эфектыўным інструментам, які пазбавіць Еўропу ад яе «апошняй дыктатуры» і дасць беларусам магчымасць сваімі сіламі зарабляць на годнае жыццё?

Ці з’яўляюцца эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі тым эфектыўным інструментам, які пазбавіць Еўропу ад яе «апошняй дыктатуры» і дасць беларусам магчымасць сваімі сіламі зарабляць на годнае жыццё?

Гэтае пытанне рубам паўстала перад заходнімі палітыкамі пасля падзей 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску. І яшчэ больш абвастрылася на фоне хвалі палітычных рэпрэсій, якая не сціхае да гэтага часу. Захад апынуўся перад фактам з’яўлення на ўсходніх межах Еўрапейскага Саюза адкрытага паліцэйскага рэжыму, наяўнасць якога патрабуе новых і больш рэзкіх мераў, чым тыя, што былі скарыстаныя дагэтуль.

Ёсць шмат прычынаў, чаму творцы замежнай палітыкі не любяць і толькі зрэдку скарыстоўваюць эканамічныя санкцыі супраць рэпрэсіўных рэжымаў. Але Беларусь — рэдкі выпадак, калі такія санкцыі могуць адначасова і быць эфектыўнымі, і адчыніць шлях для даўно ўжо наспелых змен з мінімальнымі непажаданымі выдаткамі.

Эканамічны фундамент рэжыму Лукашэнкі вельмі просты, і гэтак жа проста можа быць дэмантаваны. Ён трымаецца на набыцці расійскай нафты (прыкладна за палову рынкавага кошту) і перапрацоўцы яе для продажу спажыўцам у Еўропе па сусветнай цане. З 1994 года такая субсідыя склалася ў суму больш за 100 мільярдаў долараў наўпроставай фіскальнай падтрымкі. Гэта забяспечыла рэжыму ўнутраны крэдыт даверу, як гаранту стабільнасці і адносна высокага дабрабыту, а таксама падатковую плынь на ўтрыманне апарату прапаганды і рэпрэсій.

У 2007 годзе Расія пачала паступова зніжаць субсідыю і практычна цалкам зліквідавала яе ў 2010-м. Амаль год Лукашэнка мусіў жыць без таннай нафты. Наступствы былі імгненныя: замежны крэдыт рэзка ўзрос, пачалі таяць валютныя рэзервы і тут жа, з неверагоднай хуткасцю і відавочнасцю, з «беларускага эканамічнага цуду» выйшла паветра. А з ім і давер насельніцтва. Па дадзеных экзіт-полаў, колькасць галасоў за Лукашэнку 19 снежня была значна ніжэй за 50%. І гэта пры няроўных умовах выбарчай кампаніі і размаху прапаганды ў дзяржаўных СМІ. У адказ рэжым вырашыў перайсці мяжу, якая аддзяляе жорсткі, але папулярны аўтарытарызм ад паліцэйскай дзяржавы.

Галоўны ўрок гэтага вопыту расійскай палітыкі ў адносінах з афіцыйным Мінскам у тым, што эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі працуюць вельмі эфектыўна. Пратрымаўшы беларускага лідара на дыеце сусветнай цаны на нафту толькі год, Расія атрымала ўсе канцэсіі, якіх шмат гадоў не магла дамагчыся перамовамі. І таму ў снежні 2010-га, напярэдадні выбараў, даравала яму былыя крыўды і фактычна вярнула фіскальную субсідыю на ўзровень 2006 года.

Гэта адкрыла перад беларускім рэжымам пэўныя магчымасці, каб зноў выцягнуць з кішэні сацыяльны пернік, а з ім і значна большую дубіну для нязгодных. Аднак — красамоўная дэталь — як толькі Расіі, ужо пасля 19 снежня, нешта ў паводзінах Лукашэнкі не спадабалася, яна тут жа спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь.

Бестарыфная нафта ад Расіі толькі тады субсідыя, калі ёсць пакупнікі прадуктаў з яе перапрацоўкі. Гэтая акалічнасць дае ўнікальную магчымасць нанесці дакладны кропкавы і эфектыўны ўдар у сэрца аўтарытарнага рэжыму.

Усяго толькі юрыдычная мера, якая б забараніла еўрапейскім фірмам мець дзелавыя зносіны з Белнафтахімам, выціснула б эканамічнае паветра з беларускага рэжыму цягам некалькіх месяцаў. Калі ў 2007 годзе ЗША занеслі Белнафтахім у спіс прадпрыемстваў, з якімі амерыканскаму бізнэсу забаронена мець справы (гэты спіс прымаецца Офісам кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства Фінансаў ЗША), рэакцыя Мінска была імгненнай і перавысіла ўсе чаканні Дзярждэпу.

Просты крок амерыканскага ўрада абваліў стратэгію па пранікненні на амерыканскі рынак нафтапрадуктаў, распрацаваную ва ўрадзе Беларусі з мэтай павелічэння фіскальнай плыні ў сваю кішэню.

На той момант экспарт Беларусі ў ЗША дасягаў усяго толькі 200 мільёнаў долараў. Калі ж спыніць тры мільярды экспарту, якія ідуць у краіны ЕС (сума невялікая для таго, каб закрануць інтарэсы еўрапейскіх спажыўцоў), то прастора эканамічнага перніку і паліцэйскай дубінкі скароціцца дастаткова, каб паставіць беларускі рэжым перад неабходнасцю пераасэнсавання метадаў.

Яшчэ адна эканамічная слабасць рэжыму — неабходнасць замежнага фінансавання гандлёвага дэфіцыту. У 2008 і 2009 гадах Расія і МВФ разам прафінансавалі выратаванне Лукашэнкі праз мільярды крэдыту.

У 2010-м урад Беларусі размясціў першы ў гісторыі краіны выпуск вэксальных аблігацый за мяжой на суму ў адзін мільярд долараў, і патраціў іх на перадвыбарныя падвышэнні заробкаў. Зараз урад плануе яшчэ 2,5 мільярда долараў замежных аблігацый. Без фінансавання гандлёвага дэфіцыту, ён мусіў бы дэвальваваць валюту або спыніць падтрымку нерэнтабельных прадпрыемстваў, што хутка б падарвала яго эканамічны фундамент.

Такім чынам, забарона амерыканскім і еўрапейскім інвестыцыйным банкам на крэдытаванне беларускага ўрада і працу па змяшчэнні яго аблігацый у Лондане была б яшчэ адной эфектыўнай санкцыяй.

Але ці не абярнуцца гэтыя меры супраць беларусаў? Здаецца, што не. Беларускія ўлады добра ведаюць, на чым трымаецца іх эканамічны фундамент, і што, знікні навагодні расійскі падарунак, рэсурсу не хопіць і на год. Няма падстаў думаць, што ў 2011 годзе беларусы пагодзяцца доўга пакутаваць за гэты ўрад і хутка разбяруцца, хто вінаваты. Таму, калі санкцыі па нафце і Белнафтахіму будуць прынятыя, рэжым хутка пойдзе на саступкі і — рана ці позна — на сур’ёзныя эканамічныя рэформы.

Вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій, забеспячэнне правоў чалавека, сканчэнне палітычнага ціску, эканамічная свабода, гарантыі інвестарам і паступовая лібералізацыя жыцця ў краіне ў абмен на крэдытныя лініі ЕС і прэферэнцыі для інвестыцый, плюс зніжэнне гандлёвых тарыфаў — і ў Беларусі пачнецца сапраўдны эканамічны цуд.

Эканоміка Беларусі, якой яе сёння захоўвае рэжым, — несапраўдная. Гэта мумія савецкай эканамічнай сістэмы, і зараз ужо ўсім зразумела, што яе трэба змяніць. І чым хутчэй, тым меней балюча.

Шаснаццаць гадоў Лукашэнка балансаваў паміж Расіяй і Захадам і тым атрымліваў неверагодныя субсідыі. Гэтую схему проста ліквідаваць, калі запусціць яе ў «рэверсным рэжыме». Зараз, калі стала зразумела, што ўлада не спыніцца ні перад чым, калі відавочна, што самі беларусы гатовыя да зменаў, настаў час павярнуць вентыль фіскальных субсідый і спыніць свой удзел у нафтавых спекуляцыях дыктатуры.

Паток «крывавага паліва» з Беларусі на Захад, на якім зарабляе рэжым, надышоў час спыніць, а потым хутка аднавіць паўнавартасныя эканамічныя зносіны, адчыніць гандлёвыя і фінансавыя прэферэнцыі, ад якіх будуць зарабляць грамадзяне Беларусі, а не вузкі слой яе гаспадароў.
 

Каментаваць