«Экадом» супраць АЭС

16 чэрвеня ў судзе Астравецкага раёна адбудзецца судовае пасяджэнне па іску ГА «Экадом», якое патрабуе абавязаць Дырэкцыю будаўніцтва атамнай станцыі падаць дакументацыю па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай беларускай АЭС.

Пра гэта паведаміў юрыст ГА «Экадом» Сяргей Магонаў па выніках папярэдняга судовага пасяджэння, якое прайшло ў судзе Астравецкага раёна 1 чэрвеня.

Нагадаем, арганізацыя мае намер дамагчыся, каб экалагічнай грамадскасці падалі дакументацыю па АУНА будучай беларускай АЭС у электронным ці друкаваным выглядзе. Гэтыя дакументы запытваліся яшчэ з лістапада 2009 года, аднак супрацоўнікі Дырэкцыі будаўніцтва АЭС адмовіліся іх падаць у належнай форме. 17 лютага яны прапанавалі эколагам прыйсці ў офіс для азнаямлення з інфармацыяй, што іх цікавіць. Пры гэтым дакументы былі даступныя толькі ў рабочы час, выносіць іх забаранялася.

Як мяркуе Магонаў, адмова падаць дакументацыю па АУНА будучай беларускай АЭС у запытаным выглядзе супрацьзаконная. Тым самым парушаны палажэнні Орхускай канвенцыі і закона аб навакольным асяроддзі Беларусі.

Паводле слоў Магонава, падчас папярэдняга пасяджэння былі прадстаўлены пазіцыі бакоў. Дырэкцыя будаўніцтва атамнай станцыі адмовілася прызнаць іск ГА «Экадом». Яе прадстаўнікі аргументавалі сваю пазіцыю тым, што сябры ГА «Экадом» усё ж маглі азнаёміцца з дакументамі ў офісе дырэкцыі. Прадстаўнікі ГА «Экадом», у сваю чаргу, настойвалі, што паводле заканадаўства маюць права на атрыманне дакументацыі па АУНА будучай беларускай АЭС у запытаным выглядзе.

Паводле слоў юрыста, у Беларусі судовае пасяджэнне з-за адмовы ў прадстаўленні дакументацыі па АУНА будучай беларускай АЭС будзе першым прэцэдэнтам, які дазволіць зафіксаваць парушэнні чыноўнікамі Орхускай канвенцыі. У выпадку прызнання слушнасці эколагаў у будучым экалагічную інфармацыю будзе атрымліваць лягчэй, мяркуе юрыст.

Як адзначыў Магонаў, пасля атрымання і вывучэння дакументацыі ГА «Экадом» можа прыняць рашэнне аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы справаздачы аб АУНА беларускай АЭС.

Паводле БелаПАН

Каментаваць