Эколага і журналіста ўлада выдавіла з краіны

Эколаг і журналіст з Турава, былы сябра АГП і сябра Руху «За вабоду» Міхаіл Козел больш не здолеў трываць націск улады і напісаў адкрыты ліст да Вярхоўнага Камісара Камісіі па правах чалавека ААН.



У адкрытым лісце Козел просіць узяць яго пад абарону міжнароднага права «як асобу, якая не мае грамадзянства па прычыне выгнання афіцыйнымі ўладамі з краіны майго законнага знаходжання».

Змаганне актывіста з мясцовай і рэспубліканскімі ўладамі пачалося даволі даўно. А скончылася тым, што Козела фактычна незаконна выселілі з дома, у якім ён пражываў па праве спадчыны.

Раней Міхаіл Козел быў актыўным чалавекам. Менавіта ён быў адным з першых, які агалосіў факты прамысловай вырубкі Прыпяцкага запаведніка, зараз — нацыянальнага парка «Прыпяцкі». З 2001 па 2007 год выдаваў лакальную газету «Вольныя Навіны». Увогуле, нават тое, што Козел з 2008 года адрокся ад палітыкі, яму не дапамагло.

Рашэнне аб эміграцыі і адмове ад беларускага грамадзянства Козел абгрунтаваў тым, што на працягу апошніх пяці год мясцовыя ўлады і спецслужбы проста не даюць яму продыху.  Праблемы ў яго пачаліся пасля таго, як ён стаў чальцом ініцыятыўнай групы Алякскндра Мілінкевіча ў 2006 годзе. З вясны 2007 года яму пачалі паступаць прапановы аб супрацоўніцтве з КДБ, але ён адмовіўся. Па меркаванні Козела, гэтая адмова стала прычынай уціску.

Каб нікога не падстаўляць, з мая 2008 года Козел ніякім чынам не займаўся палітыкай і журналісцкай дзейнасцю, не прымаў удзелу ў апазыцыйных мерапрыемствах, выбарах і гэтак далей. У тым жа маі 2008 года супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў ДФР КДК і КДБ па Мінскай вобласці незаконна адабралі ў яго 1422 долара ЗША і 40 еўра, нібыта для праверкі іх сапраўднасці. Грошы былі прадастаўленыя Козелу ў якасці крэдыту для малога бізнэсу тэрмінам на адзін год. Незаконна аднятыя грошы і па гэты дзень так і не вернутыя беларускімі ўладамі.

«З афіцыйнага адказу супрацоўніка Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Сімахіна М.Я. ад 08.12.2008 г., куды я звяртаўся з заявай аб абароне сваіх законных інтарэсаў, вынікала, што мае грошы знаходзіліся ў КДБ. Генеральнай пракуратурай мне было рэкамендавана звярнуцца з пісьмовай заявай у КДБ, з просьбай вярнуць мне мае грошы. На мой пісьмовы зварот гэтая спецслужба не адказала», — паведамляе Козел.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што з 2007 года па сёння ў дачыненні да Козела дзейнічае, як ён гэта называе, «забарона на афіцыйнае працаўладкаванне ў межах Жыткавіцкага раёна», дзе ён жыве.

Упершыню з забаронай ён сутыкнуўся ў жніўні 2007 года, калі па аб'яве «патрабуецца фатограф» звярнуўся да кіраўніка КДУП «Киновидиосеть». Козелу адмовілі ў працаўладкаванні на той падставе, што яго кандыдатуру ў якасці фатографа немагчыма ўзгадніць з ідэалагічным аддзелам Жыткавіцкага райвыканкама.

З тых часоў Козел спрабаваў уладкавацца на працу хоць кімсьці, але без залежнасці ад прафесіі і пасады, любы кіраўнік суб'екта гаспадарання, ён жа наймальнік, тэлефануе ў ідэалагічны аддзел Жыткавіцкага райвыканкама, дзе яму рэкамендуюць Козела на працу не браць.

Былы актывіст у 2011 годзе нават праводзіў галадоўку і патрабаваннем працы, пісьмова звярнуўся да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з просьбай спыніць незаконны пераслед з боку мясцовых органаў улады, і аказаць садзейнічанне ў зняцці забароны на працаўладкаванне.

«Мне было паведамлена, што мой зварот накіраваны ў Гомельскую абласную пракуратуру, адкуль перанакіраваны ў Жыткавіцкую раённую пракуратуру. Раённы пракурор малодшы саветнік юстыцыі Сяргей Зайцаў, кіруючыся інфармацыяй з Петрыкаўскага УКДБ, даў пісьмовы адказ, з якога вынікае, што я з'яўляюся дармаедам і незаконны пераслед мяне з боку міліцыі цалкам апраўданы. У ходзе сустрэчы з Зайцавым, якая адбылася 18.02.2011 г., я быў пастаўлены на ўлік у службе занятасці Упраўлення па працы Жыткавіцкага райвыканкама. На працягу трох месяцаў, за час знаходжання мяне на ўліку ў якасці беспрацоўнага, служба занятасці не прапанавала мне ні адной вакансіі па заяўленым мной прафесіях журналіста ці жывёлагадоўца. Нягледзячы на тое, што на падчас ўсяго гэтага перыяда ў розных суб’ектах гаспадарання на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна ўвесь час меліся вакансіі жывёлаводаў! 18.05.2011 г. мяне знялі з уліку ў службе занятасці Упраўлення па працы Жыткавіцкага райвыканкама, так і не даўшы накіравання на працу», — тлумачыць Козел.

Усе гэтыя гады Козел жыў выключна сваёй гаспадаркай з прысядзібнага ўчастку. Недзе сезонна падпрацоўваў, але — не стала. І працягваў дамагацца працы. Ён нават судзіўся з гэтай нагоды з мясцовымі органамі ўлады, але суд адмовіў яму ў праве на працу.

Усё б нічога, але дзяржава, ствараючы Козелу перашкоды ў працаўладкаванні, рэгулярна патрабавала ад яго падаткаў на нерухомасць.

«На працягу апошніх пяці гадоў я не магу адчуваць сябе ў бяспецы ва ўласным доме. 18 чэрвеня 2008 года двое супрацоўнікаў Петрыкаўскага УКДБ па Гомельскай вобласці, адзін з якіх уяўляўся Грышчэнем, незаконна ўламіліся ў мой дом. Пасля прыезду супрацоўніка Тураўскага аддзялення міліцыі я быў арыштаваны без прад’яўлення абвінавачвання, дастаўлены ў Тураўскае аддзяленне міліцыі, дзе ў адным з кабінетаў следчага з мяне выбівалі тлумачэнні супраць сябе самога. Мне ставіліся ў віну артыкул 342 «Стварэнне і ўдзел у супрацьпраўных арганізацыях», а так ж частка 1 артыкула 369 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Зварот у Пракуратуру і КДБ з мэтай абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў КДБ (парушэнне права на недатыкальнасць жылля артыкул 29 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь) далі нечаканы вынік: іх дзеянні прызнаныя законнымі», — піша Козел.

Па словах Козела, супрацоўнікі КДБ неаднаразова заяўлялі яму, што той павінен з’ехаць з краіны і прасіць палітычны прытулак у ЗША.

«Мае канстытуцыйныя правы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адназначна патаптаныя. Афіцыйныя беларускія ўлады адмаўляюцца прызнаць мяне чалавекам, які валодае правамі чалавека ад нараджэння. Службовыя асобы толькі рэпрэсуюць мяне па сваіх законах, а калі не хапае законаў, то і беззаконна здзекуюцца з мяне. Мне не даюць спакойна жыць у сябе дома, па адрасе майго месца жыхарства, сістэматычна падвяргаючы дасканалым катаванням. У гэтай сітуацыі няспыннага ціску я проста вымушаны пакінуць не толькі свой дом, але і тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, справядліва баючыся пераследу ў любым іншым месцы, на якое распаўсюджваецца юрысдыкцыя афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым прашу Вярхоўнага Камісара Камісіі па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ўзяць мяне пад абарону міжнароднага права як асоба, якая не мае грамадзянства па прычыне выгнання афіцыйнымі ўладамі з краіны майго законнага знаходжання», — напісаў Козел.

Каментаваць