Эколагі і мясцовыя жыхары бароняць унікальнае возера Балдук

25 лістапада ў Глыбоцкім раённым судзе адбылося ўжо трэцяе пасяджэнне паводле іску грамадзянскага аб'яднання "Экадом" супраць Пастаўскага выканкама, які даў дазвол на будаўніцтва на беразе возера Балдук царквы і іншых збудаванняў без правядзення грамадскага абмеркавання.



Справу разглядаў суддзя Андрэй Тарасевіч. Суд заслухаў сведкаў з абодвух бакоў, сярод якіх былі старшыня Лынтупскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Макаранка, прадстаўнік райвыканкама Алесь Ціхановіч, а таксама Ігар Пастухоў, Мікалай Івашын і іншыя жыхары бліжэйшых вёсак.

Заяўнікі — Яраслаў Бекіш (экалагічнае таварыства "Зялёная сетка"), Рыгор Фёдараў (ГА "Экадом"), жыхары вёскі — перакананыя, што для будаўніцтва культавага аб'екта на дзяржаўнай зямлі па законе неабходна правядзенне грамадскага абмеркавання. Чыноўнікі лічаць, што гэта неабавязкова.

"Адказнікі спрабуюць давесці, што для будаўніцтва такога роду аб'екта грамадскае абмеркаванне не патрэбнае ўвогуле. З чаго яны робяць такую выснову, незразумела. Закон патрабуе правядзенне грамадскага абмеркавання пабудовы аб'екта на дзяржаўнай зямлі. Зараз у суда два выйсця: альбо прызначаць грамадскае абмеркаванне, альбо прымаць беспадстаўнае рашэнне аб тым, што абмеркаванне не патрэбнае", — паведаміў у перапынку журналісту НЧ Рыгор Фёдараў, старшыня Рады ГА "Экадом".

 Яраслаў Бекіш і Рыгор Фёдараў (злева)

Мясцовыя ўлады падтрымалі ініцыятыву сталічнага бізнесмена Мікалая Рамановіча пабудаваць каля вёсцы Станчыкі, якая месціцца на паўднёвым беразе возера Балдук, комплекс культавых збудаванняў. Тэрыторыя будучай забудовы загадзя была далучана да тэрыторыі Пастаўскага праваслаўнага прыходу і выведзеная па-за межы гідралагічнага заказніка.

Мікалай Рамановіч кажа, што яму не прынцыпова, дзе будаваць царкву: "Чаму я будую у вёсцы Станчыкі? Таму што месца там далі. Мне не прынцыпова, дзе будаваць. Можна было і ў Вайшхунах, дзе больш праваслаўных, але там яшчэ бліжэй да возера".

Жыхароў бліжэйшых вёсак не задавальняе стаўленне да іх мясцовага начальства, а дакладней — ігнараванне іх меркавання ў пытанні будаўніцтва культавых пабудоў побач з возерам Балдук і іх дамамі. Людзей таксама вельмі хвалюе лёс унікальнага возера Балдук.

"Жыхары нашай вёскі абураныя, што з імі нават не параіліся, а паставілі перад фактам. Я супраць пабудовы царквы, бо, як кажуць у народзе, пусці свінню пад стол — залезе на стол. Спачатку пабудуюць царкву, потым праваслаўны моладзевы лагер на 150 месцаў і пайшло-паехала… Што пасля гэтага застанецца ад возера, можна толькі здагадвацца", — кажа журналісту НЧ Валянцін Відэйка, жыхар вёскі Станчыкі.

Валянцін Відэйка

 

"Мы даведаліся толькі ў 2012 годзе ад рабочых, што будуецца царква. Усё ўзгоднена, а мы, жыхары вёскі, нічога не ведаем. Даведаліся, што людзі, прычым з іншай вёскі, давалі згоду толькі на пабудову каплічкі каля сядзібы Мікалая Рамановіча. Жыхары Станчыкаў выказаліся супраць царквы. Але іх ніхто не хоча чуць. Пашырэнне Пастаўскага праваслаўнага прыходу незаконнае, бо ў нашай вёсцы няма праваслаўных", — дадае жыхар вёскі Станчыкі Мікалай Івашын.

Падчас судовых спрэчак старшыня Рады ГА "Экадом" дадаў, што вёска, дзе будуецца комплекс культавых аб'ектаў, з'яўляецца анклавам гідралагічнага заказніка. І, па сутнасці, вельмі важнае пытанне ацэнкі ўздзеяння на асяродак гаспадарчай дзейнасці жыхароў вёскі і, адпаведна, насельнікаў аб'екта, што можа быць пабудаваным. Такой ацэнкі зроблена не было. Ён таксама прывёў нядаўні прыклад правядзення грамадскага абмеркавання па аналагічным аб'екце у Віцебску і Паставах. "Чым жыхары Станчыкаў горшыя за жыхароў Віцебска? Чаму парушаюцца іх правы?" — задае пытанне юрыст. Закон павінен быць аднолькавы для ўсіх грамадзян Беларусі. Грамадскае абмеркаванне абавязковае. Гаворка не ідзе пра адмену ранейшага рашэння, а пра аднаўленне правоў грамадзян.

Напрыканцы пасяджэння суддзя заявіў, што рашэнне будзе абвешчана 27 лістапада а 10 гадзіне.

Нагадаем, 10 мая 2014 года жыхары бліжэйшых вёсак правялі сход, на якім выказалі заклапочанасць планамі будаўніцтва праваслаўнай царквы, для якой у ваколіцах нават няма прыхаджан. Тым не менш, зямлю пад царкву агарадзілі, пачаліся падрыхтоўчыя будаўнічыя працы, што выклікала абурэнне мясцовых жыхароў. Ім на дапамогу прыйшлі эколагі. За кароткі час падтрымку электроннай петыцыі супраць будаўніцтва сабрана больш за 17 тысяч подпісаў.

 Ігар Пастухоў

На думку мясцовых жыхароў і эколагаў, чыноўнікі далі дазвол на будаўніцтва, абышоўшы неабходныя па закону працэдуры і мерапрыемствы. У прыватнасці, не было праведзенае грамадскае абмеркаванне. Праціўнікі будаўніцтва звяртаюць увагу на тое, што возера Балдук знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парка "Нарачанскі", дзе ўсялякая гаспадарчая дзейнасць абмежаваная.

Унікальнае па сваёй прыгажосці і чысціні возера Балдук малапраточнае. Вада ў ім натуральным чынам абнаўляецца цягам 30-ці гадоў. Ужо цяпер Акадэмія Навук рэкамендавала мясцовым уладам значна паменшыць антрапагенную нагрузку на гэтую водную экасістэму, абмежаваўшы доступ да возера нават звычайным турыстам. Эколагі справядліва апасаюцца, што комплекс культавых пабудоў на беразе вадаёма незваротна яго забрудзіць.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-25 19:16:34
Вашхунах = Вайшкунах

Каментаваць