Дунаеў: Беларускі бок ухіляецца ад канкрэтыкі ў Балонскім працэсе

На канферэнцыі міністраў адукацыі ў Парыжы была працягнута Дарожная карта Балонскага працэса для Беларусі. Але ці могуць сёлетнія абітурыенты і студэнты вну разлічваць на хуткія змены ў сістэме вышэйшай адукацыі?


Не выканалі за тры гады — выканаем за два?

Нагадаем, у 2015 годзе Беларусь далучылася да Балонскага працэса з пэўнымі ўмовамі, якія былі адлюстраваныя ў Дарожнай карце рэфармавання вышэйшай адукацыі, разлічанай на тры гады. Аднак большасць з абавязацельстваў, якія наша краіна ўзяла на сябе адносна Дарожнай карты, засталіся невыкананымі. І вось на канферэнцыі міністраў адукацыі ў Парыжы Беларусь займела новы шанец на рэфармаванне адукацыйнай сістэмы ў рамках Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Аднак гэта зусім не значыць, што наша краіна яго выкарыстае, як не выкарыстала ў першы раз.

На саміце зацвердзілі Стратэгічны план дзеянняў на 2018-2020 гады, распрацаваны беларускім Міністэрствам адукацыі. Ён мае тую ж структуру, што і Дарожная карта, у ім часткова супадаюць абавязацельствы (бо Беларусь так і не выканала большую частку з іх), канкрэтызаваны інструменты Балонскага працэса. Але ў цэлым з дакумента вынікае, што хуткіх зменаў у беларускай сістэме адукацыі чакаць не варта.

Паводле стратэгіі, Міністэрства адукацыі пацвярджае сваю прыхільнасць далейшай імплементацыі прынцыпаў і інструментаў ЕПВА ў сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі і сваю гатоўнасць да супрацоўніцтва па гэтых пытаннях з Назіральнай групай Балонскага працэса (BFUG). З гэтай мэтай ведамства бярэ на сябе абавязак да 2019 года зацвердзіць нацыянальную рамку кваліфікацый. Сістэма вышэйшай адукацыі будзе складацца з дзвюх прыступак: бакалаўрыят, падчас навучання ў якім трэба набраць 180-240 заліковых адзінак — «крэдытаў», і магістратура на 90-120 «крэдытаў».

Мінадукацыі працягне працаваць над рэалізацыяй сумесных адукацыйных праграм і праграм з магчымасцю атрымання двайнога дыплома. Ад нашай краіны чакаюць прадастаўлення грантаў замежным студэнтам для навучання ва ўніверсітэтах Беларусі.

А вось адносна размеркавання ўмовы, у параўнанні з Дарожнай картай, у Стратэгічным плане ўжо не такія жорсткія. Калі раней ад Беларусі патрабавалася перагледзець сістэму размеркавання выпускнікоў і ў будучыні адмовіцца ад яе, то цяпер гаворка ідзе толькі пра вывучэнне міжнароднага досведу ў гэтым пытанні, каб распрацаваць прапановы для Беларусі па пераглядзе сістэмы размеркавання. Пры гэтым дакладныя тэрміны ў стратэгіі не пазначаны.

У 2019-2020 гадах Беларусь павінна ўключыць студэнтаў у савет па якаснай ацэнцы адукацыйных праграм. Таксама будзе распрацавана працэдура вылучэння кіраўніка ўніверсітэта на конкурснай аснове (пра вяртанне выбараў рэктараў, якія існавалі ў Беларусі да 1996 года, гаворка ўжо не ідзе). Аднак пытанне прызначэння рэктараў застаецца ў кампетэнцыі кіраўніка Беларусі, таму загадзя зразумела, што кошт гэтым абавязацельствам малы.  

І Бога не гнявіць, і чорту дагадзіць

— Тое, што Беларусь пацвердзіла свой намер працягнуць Балонскія рэформы — гэта добра, — каментуе прыняты дакумент сябра Грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў. — Хаця некаторыя фармулёўкі ў Стратэгічным плане не маюць ніякай канкрэтыкі. А некаторыя абавязацельствы ўвогуле зніклі, напрыклад, тыя, што звязаныя з палягчэннем стварэння і рэгістрацыі студэнцкіх і выкладчыцкіх арганізацый. Бо Стратэгічны план адносіцца да Міністэрства адукацыі, а пытанне рэгістрацыі арганізацый — не іх кампетэнцыя. І гэта вельмі кепска, бо калі мадэрнізацыя адукацыі датычыцца толькі аднаго ведамства, механізм рэформаў вельмі слабы. Абмежаванасць паўнамоцтваў Міністэрства адукацыі сур’ёзна падрывае давер да Стратэгічнага плана. Таму неабходна, каб такі дакумент быў прадстаўлены ад імя ўраду, а не Міністэрства адукацыі. Гэта дало б шанец, каб іншыя ведамствы разглядалі для сябе выкананне Стратэгічнага плана як задачу.

У той жа час, нягледзячы на ўсе недахопы, у стратэгіі ёсць спасылкі на рэкамендацыі Савета Еўропы па дзяржаўных гарантыях акадэмічнай свабоды і ўніверсітэцкай аўтаноміі. Праўда, ці будуць імі кіравацца і наколькі — асобнае пытанне.

— Адзін з папрокаў міжнароднай групы, якая маніторыла выкананне Дарожнай карты ў Беларусі, датычыўся таго, што беларускі бок не выкарыстоўвае тую дапамогу, якую еўрапейскія эксперты гатовыя аказваць і аказваюць нашай краіне, — адзначае прафесар.

У частцы сацыяльнага вымярэння і акадэмічных каштоўнасцей Стратэгічны план саступае Дарожнай карце. Калі апошняя была сфармуляваная вельмі асцярожна для беларускай улады, то Стратэгічны план пераўзыходзіць гэтую асцярожнасць шматкроць. А яшчэ ў Плане ёсць агаворка: «у выпадку, калі вышэйшыя заканадаўчыя і выканаўчыя органы Рэспублікі Беларусь пачнуць уносіць змены ў праграмную палітыку развіцця сацыяльнага сектара, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь можа змяніць умовы імплементацыі мер, пазначаных у дадзеным Стратэгічным плане дзеянняў». Іншымі словамі, калі беларускія ўлады вырашаць, што няма сэнсу выконваць заяўленыя абавязацельствы, то гэта дастатковая падстава для таго, каб гэтага не рабіць. Хіба што абяцаюць своечасова праінфармаваць пра гэта BFUG. Такое адчуванне, што Міністэрства адукацыі баіцца рэформ і стараецца пазбегнуць іх усімі магчымымі спосабамі, але пры гэтым хоча застацца ў ЕПВА.

А ці патрэбныя нам рэформы?

— План дзеянняў — гэта, хутчэй, пытанне зменаў у заканадаўстве, а не ў рэальнай акадэмічнай практыцы. У якой ступені ўсе гэтыя крокі могуць рэальна змяніць якасць беларускай адукацыі? Ці гэта рытуалы, якія змогуць супакоіць еўрапейскіх назіральнікаў? Да таго ж тэмпы рэформ настолькі марудныя, што яны самі сябе дэвальвуюць. Тыя змены, на якія павінна рэагаваць сістэма вышэйшай адукацыі, больш дынамічныя, чым рэформы, што праводзіць Беларусь. У гэтым сэнсе мы не скарачаем разрыў з лідарамі, а ўсё больш адстаем ад іх, — звяртае ўвагу эксперт.

Уладзімір Дунаеў адзначае, што было б добра пашырыць доступ студэнтаў і выкладчыкаў да кіравання ўніверсітэтамі. Бо Стратэгічны план змяшчае ў сабе толькі спасылкі на досыць фармальныя існуючыя падзаконныя акты, якія многія вну проста не выконваюць. Але ж ці варта чакаць іншага ў краіне, дзе закон не выклікае павагі і дзе суды заўжды на баку адміністрацыі, а не рэальных пацярпелых?

Дарэчы, паводле звестак Мінадукацыі, студэнцкае прадстаўніцтва ў саветах вну складае 25% — гэта сапраўды шмат па еўрапейскіх мерках. Аднак ці так гэта насамрэч — ніхто не ведае, бо беларускія вну не агалошваюць склад сваіх саветаў, больш за тое, хаваюць інфармацыю пра іх. Але нават калі гэтая лічба праўдзівая, то працэдура запаўнення студэнцкіх месцаў выклікае пытанні.

— У некаторых вну гэта прапісана літаральна як сістэма квот: столькі — ад БРСМ, столькі — ад прафсаюзаў. Таму нават калі ў нас ёсць нейкія органы, што нагадваюць студэнцкае самакіраванне, яны фармуюцца, часцей за ўсё, недэмакратычным чынам. Ды і якія паўнамоцтвы ў гэтых калегіяльных органаў кіравання? У нас яны не прымаюць рашэнняў, фактычна, ні па якіх пытаннях, звязаных з кіраваннем, — зазначае сябра ГБК.

Аднак без рэальнага запыту з боку саміх студэнтаў і выкладчыкаў дэмакратызаваць сістэму немагчыма. Як немагчыма рэфармаваць адукацыю без запыту грамадства. Таму не варта спадзявацца на тое, што ўлады змогуць напоўніцу рэалізаваць Балонскія рэформы — размыты Стратэгічны план дзеянняў таму пацверджанне. Грамадству неабходна самому стаць ініцыятарам зменаў — ці тое ў адукацыі, ці тое ў дзяржаве. А гвалтоўна быць свабоднымі не прымусіш.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-06-02 10:06:17
Усё, што бел-чырвона-белае - гэта здрада, здрадніцтва. Гэта аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Напрыклад так зв Балонскі працэс. Уся гэта муць вакол БП створана для дабрабыту краін Дзікага Захада людзьмі, якія думаць не думалі аб сістэме адукацыі ў краінах постСССР і ў дадзеным выпадку ў постБССР. То бок Захад стагоддзямі нешта ствараў для сябе=для сваёй эканомікі, не думаючы, пра нас былых саўкоў і камуністаў, якія сто ялт пасля Вялікага Кастрычніка 1917г. думалі о Родине, а потом о себе, а затем о своей некапиталистической, а социалістической экономике без частной собственности богатых. Такім чынам б-ч-б прапаганда + б-ч-б здраднікі пад шум колаў БП спрабуюць сумясціць горкае з квадратным на карысць Дзікага Захаду. То бок усё бел-чырвона-белае гэта здрада на карысць Захаду. Ну, не стане шматмільённы багаты Дзікі Захад улічваць асаблівасці эканамікі і адпаведныя ёй патрабаванні сістэмы адукацыі нашай 9,5млн маленькай беднай постБССР! Навошта яму такая рэвалюцыя? А нам яна патрэбна?

Каментаваць