Эксперт: Прагноз аб бяспецы АЭС не спраўджваецца

Для Беларусі будаўніцтва атамнай станцыі не вырашае праблему залежнасці ад Расіі ў пастаўцы энергарэсурсаў. Апроч таго, АЭС закрые магчымасці для развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі.



Для Беларусі будаўніцтва атамнай станцыі не вырашае праблему залежнасці ад Расіі ў пастаўцы энергарэсурсаў. Апроч таго, АЭС закрые магчымасці для развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі.

“Я не зразумеў матывацыю Беларусі ў намеры пабудаваць АЭС. Вы ад адной залежнасці трапляеце ў другую, — заявіў падчас панельнай дыскусіі ў Мінску аб міфах ядзернай энергетыкі Герд Розенкранц — кандыдат прыродазнаўчых навук, інжынер, кіраўнік інфармацыйнага аддзела нямецкага саюзу па ахове навакольнага асяроддзя. — Калі вы хочаце пабудаваць два блокі 2 400 МВт, гэта пакрые амаль палову спажывання. І тым самым вы фактычна зачыніце дзверы для альтэрнатыўнай энергетыкі. Я нагадаю, што самая танная энергія — тая, якую вы не спажываеце. То бок трэба скіраваць высілкі на эфектыўнае спажыванне. Менавіта гэта мусіць быць першым крокам.

Герд Розенкранц таксама прэзентаваў у Мінску кнігу “Міфы атамнай энергетыкі. Адзін з аўтараў выдання зазначыў, што “пасля падзей на “Фукусіме, аргументы, якія прыведзеныя ў кнізе, выглядаюць яшчэ больш правільнымі. “Калі ў 1970-я гады я пачаў выступаць супраць атамнай энергетыкі, то гаварылі, што вялікія катастрофы будуць раз на сто гадоў. А цяпер мы маем тры вялікія катастрофы цягам ста гадоў. Атрымліваецца, што прагноз не спраўджваецца, — гаворыць спадар Розенкранц.

Ён нагадаў, што Германія, якая ад 1960-х гадоў выкарыстоўвае атамную энергію, сёлета вырашыла адмовіцца ад яе да 2022 года. Сёлета ўжо было выведзена з эксплуатацыі восем рэактараў. Дарэчы, пакуль не вырашана пытанне, чым жа Германія заменіць ядзерную энергетыку, аднак спецыялісты вялікія спадзяванні звязваюць менавіта з аднаўляльнымі крыніцамі. Так, за апошнія дванаццаць гадоў доля аднаўляльнай энергетыкі ў вытворчасці электраэнергіі павялічылася ў чатыры разы.

У грамадскай дыскусіі ўдзельнічалі і прадстаўнікі Мінэнерга, якія спрабавалі адстойваць сваю пазіцыю, апелюючы да вядомых тэзаў. “Вакол нас усе краіны маюць намер пабудаваць атамныя станцыі. Чаму Беларусь мусіць заставацца збоку ад сусветных тэндэнцый? — спрабаваў аргументаваць афіцыйную пазіцыю Беларусі кансультант дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнерга Міхаіл Пігулеўскі. — У нас 95 працэнтаў энергіі выпрацоўваецца з прыроднага газа, цана на які ўвесь час павялічваецца. Да таго ж у свеце ёсць універсальная формула — нельга прывязвацца да адной крыніцы энергіі, мусіць быць дыверсіфікацыя. Але якімі ўласнымі рэсурсамі мы валодаем? Мы прааналізавалі аднаўляльныя рэсурсы энергіі Беларусі, рэспубліка не адмаўляецца ад таго, каб выкарыстоўваць зялёную энергію. Ёсць праграма па будаўніцтву ГЭС на рэках, але яны невялікай магутнасці, таму не змогуць пакрыць усе патрэбы. Што тычыцца аварыі на “Фукусіме, дык чалавецтва цяпер проста задумалася над тым, як зрабіць гэтую генерацыю больш бяспечнай.

Кансультанту дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнерга Міхаілу Пігулеўскаму пярэчыць Герд Розенкранц: “Рэактары не будуюцца па ўсім свеце, а толькі там, дзе дзяржаўная дактрына мае ядзерны складнік, — Кітай, Карэя, Індыя, Расія. У астатніх выпадках маем адзінкавыя будоўлі. У Фінляндыі, напрыклад, будуюць рэактар, які мусілі ўвесці ў строй у 2009 годзе, але адсунулі гэтую дату на 2013 год, ды і кошт праекту павялічыўся з трох да пяці мільярдаў еўра. Што тычыцца памежных з Беларуссю дзяржаў, то я перакананы, што там будуць падключаныя толькі адна ці дзе АЭС, а астатнія так і застануцца марамі.

Прафесар, фізік Георгій Лепін з’яўляецца праціўнікам будаўніцтва АЭС. Ён гаворыць, што цяпер ёсць вялікая пагроза таго, што аварыі на АЭС могуць быць частымі, бо ва ўсім свеце дзеля эканамічных выгодаў павялічваецца тэрмін эксплуатацыі станцый. “Даследаванні ўплыву нейтроннага патоку на крышталічную рашотку металаў паказалі, што ён выклікае з’яўленне пор, адпаведна, павялічваецца верагоднасць разбурэння металу канструкцыі з павелічэннем тэрмінам эксплуатацыі станцый. І пакуль не адбудзецца некалькі сур’ёзных аварый, гэтыя тэрміны будуць падаўжаць. Увогуле, ніводны атамны рэактар сябе не акупіў у праектнай эксплуатацыі, калі не падтасоўваць лічбы, не карыстацца бюджэтнымі сродкамі, — гаворыць прафесар Лепін. — І з японскай катастрофай пакуль не ўсё зразумела. Японцы мяркуюць, што наступствы аварыі на Фукусіме будуць большыя, чым ад аварыі на ЧАЭС. Разглядалася нават пытанне аб эвакуацыі Токіа. Да таго ж над рэактарамі Фукусімы задоўга да таго, як туды дабралася цунамі, з’явіўся газ крыптон, то бок для тэхнагеннай катастрофы хапіла і землятрусу. Акадэмік Лягасаў гаварыў, што пасля 2000 года будзе лавінападобнае змяненне клімату, і мы гэта бачым цяпер на кожным кроку.

Прафесар Лепін раскрытыкаваў і разлікі праектоўшчыкаў трываласці канструкцый будучай АЭС у выпадку магчымага падзення самалёту на станцыю. “Літоўцам на іх запыты адказалі, што двайны каўпак вытрымае падзенне самалёта масай да 10 тон, што рухаецца з хуткасцю 300 кіламетраў на гадзіну. Дзе вы бачылі такі сучасны самалёт? Калі я задаў такое пытанне прадстаўніку Мінпрыроды, то ён сказаў, што вось ляціць самалёт, і ў яго адвальваецца рухавік, і падзенне рухавіка каўпак вытрымае, — распавёў пра абсурдныя аргументы дзяржаўных чыноўнікаў навуковец.

Аргумент, што ў атамнай энергетыкі няма альтэрнатываў, аспрэчвае і эколаг Таццяна Новікава. “Атамная энергетыка ў свеце ў электрагенерацыі займае 6–8 працэнтаў. Гэта аспрэчвае думку, што ў атамнай энергетыкі няма альтэрнатывы.

Цікава, што Міхаіл Пігулеўскі адмовіўся называць эканамічныя падрабязнасці праекту беларускай АЭС, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу. “У нас няма магчымасці будаваць неакупальныя праекты ці непрывабныя для бізнэса. Назаву лічбы з бізнэс-плана інвестыцыйнага праекта: сабекошт энергіі — 4,22 цэнта кВт у гадзіну, тэрмін акупальнасці — 18,9 года. За гэты час мы разлічваем выйсці на станоўчую рэнтабельнасць. Спецыяліст Мінэнерга патлумачыў, што доля АЭС у энергабалансе Беларусі будзе каля 25 працэнтаў. Адходы са станцыі будуць вывозіцца ў Расію, што прапісана міжурадавым пагадненнем. Утылізацыяй нізкаактыўных адходаў зоймецца Нацыянальная акадэмія навук. Але трэба памятаць, што Канстытуцыя Расіі забараняе захоўваць на яе тэрыторыі чужыя ядзерныя адходы, то бок пасля перапрацоўкі яны мусяць вяртацца ў краіну, якая іх паставіла.

Варта заўважыць, што сама дыскусія на тэму будаўніцтва АЭС у Беларусі з удзелам прадстаўнікоў міністэрства энергетыкі і грамадскасці была даволі цяжкай: апанентам было няпроста пачуць адзін аднаго ды трымацца вызначанага рэгламенту — даецца ў знакі шматгадовая практыка самаізаляцыі дзяржструктур ад беларускага грамадства і пэўная апатыя апошняга да падзей, што адбываюцца ў краіне. “Давайце больш часта сустракацца, — заявіла напрыканцы сустрэчы прадстаўніца Мінэнерга Лілія Дулінец. І панаркала на няўвагу людзей. — Прамая лінія з Мінэнерга наконт будаўніцтва АЭС была зладжана 28 кастрычніка, але на працягу гадзіны да нас не паступіла ніводнага пытання.

 

Каментаваць