Электрастанцыю зруйнуюць

Гэтымі днямі Мінск маўкліва развітваецца з унікальным помнікам прамысловай архітэктуры — знаёмым усім жыхарам сталіцы будынкам першай гарадской электрастанцыі.

Трансфарматарны і машынны карпусы, узведзеныя каля 1890 года паміж цыркам і галоўным мостам праз Свіслач, паўразбураныя варварскай разборкай, глядзяцца зараз маўклівымі сведкамі. Сведкамі нашай абыякавасці і брутальнай непавагі да закону.



Гэтымі днямі Мінск маўкліва развітваецца з унікальным помнікам прамысловай архітэктуры — знаёмым усім жыхарам сталіцы будынкам першай гарадской электрастанцыі.

Трансфарматарны і машынны карпусы, узведзеныя каля 1890 года паміж цыркам і галоўным мостам праз Свіслач, паўразбураныя варварскай разборкай, глядзяцца зараз маўклівымі сведкамі. Сведкамі нашай абыякавасці і брутальнай непавагі да закону.

Узведзеныя ў часы губернатарства графа Караля Гутэн-Чапскага, дзейсныя як электрастанцыя яшчэ пасля апошняй вайны ў часы адбудовы горада, ператвораныя затым у спартовыя памяшканні, муры маглі б стаць, напрыклад, каштоўным прытулкам для будучага музея гісторыі тэхнікі. Але не стануць. Трывога за іх лёс узнікла ў 2010 годзе, калі паводле ўказу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2010 г. №243 «Аб умовах будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Мінску» пачалося планаванне прылеглых да будынку цырка карпусоў з гатэлем «Кемпінскі» — проста на месцы размяшчэння электрастанцыі.

Праўда, забудоўшчыку — СТАА «Эліт-Эстэйт» — ніхто не прадпісваў знішчаць унесены ў склад Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 713Г000183 гістарычны архітэктурны комплекс. Трэба было ўзгадніць генплан забудовы паміж Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры (начальнік — Ігар Чарняўскі), Мінгарвыканкамам, праекціроўшчыкам і забудоўшчыкам.

Цягам 2010 года нарадзіліся два варыянты: першы — з пераносам (фактычна руйнаваннем і адбудовай макету бліжэй да праспекту) двух асноўных карпусоў электрастанцыі, і другі — з перасоўваннем гмаху гасцініцы бліжэй да Свіслачы. Перамог, зразумела, першы. На генплане ўжо стаяць подпісы пра яго ўзгадненне усіх бакоў. Гэта азначае, што закон, а таксама павага да гістарычнай спадчыны, чарговы раз праігнараваныя на карысць матэрыяльнай мэтазгоднасці. Будаўніцтва мусіць цалкам скончыцца ў 2014 годзе. Значыць, да гэтага часу мы ў лепшым выпадку ўбачым перанесены на некалькі дзясяткаў метраў макет былога помніка.

Кіраўнік Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у спробе выратаваць помнік звярнуўся з адкрытым лістом да міністра культуры Паўла Латушкі. А таксама склаў заяву ў Генеральную пракуратуру пра парушэнне заканадаўства па ахове помнікаў і бяздзеянне адказных устаноў, уключаючы міністэрства. Па стане на 16 сакавіка сітуацыя не абяцае ніякіх цудаў. Напярэдадні Генеральная пракуратура перадала справу ў гарадскую, хаця ўзровень справы адпавядае менавіта кампетэнцыі першай. А Міністэрства культуры захоўвае маўчанне.

Як напісаў 3 сакавіка ў сваім блогу вядомы журналіст Глеб Лабадзенка, які прыклаў нямала намаганняў для ўратавання электрастанцыі, звяртаючыся да адказных за ахову гістарычнай спадчыны чыноўнікаў: «Што вы абаранілі? Каго вы пакаралі? Колькасць знішчаных помнікаў толькі ў Мінску ідзе на дзясяткі, па краіне — на сотні. Колькасць выключаных са Спіса каштоўнасцяў — таксама. Вашым дзецям, герастраты, будзе сорамна, калі ім пакажуць фоткі і нагадаюць, што гэта іх бацькі вынішчылі Мінск, бо дужа любілі атрымліваць на кішэню…»
 

Каментаваць