Выбары–2015: За каго падпісваемся?

У Беларусі сваёй чарадой праходзіць электаральная кампанія. Мы прайшліся па пікетах некаторых прэтэндэнтаў на пасаду кандыдата ў прэзідэнты і задалі ім аднолькавыя пытанні. Прапануем іх адказы.  



Навошта ваш кандыдат ідзе на выбары?

На пікеце Анатоля Лябедзькі прысутнічаў сам прэтэндэнт, які даў разгорнуты адказ:

— На выбары мы не ідзем, наша мэта — дамагчыся, каб выбары былі. Дзеля гэтага мы ўдзельнічаем у цяперашняй палітычнай кампаніі, у якой мы вызначылі канкрэтныя мэты і задачы: па-першае, сабраць доказы, што свабодных і сумленных выбараў у нас няма, і праз гэта не дапусціць міжнароднай легітымацыі нашага кіраўніка, па-другое, мы ставім амбітную мэту — павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу, бо той грамадска-палітычнай талакой, якую мы зараз маем, немагчыма ставіць амбітныя задачы, быць сілай уплыву на грамадства і сілай уціску на ўладу. А лежачы на канапе новых людзей не знойдзеш. У нас ёсць пэўная выпрацаваная стратэгія ўдзелу ў кампаніі, калі мы выкарыстоўваем магчымасці, якія дае нам закон, і не дазваляем уладам маніпуляваць намі. У нас ёсць рашэнне штабу на 100% выкарыстаць стратэгію мінулай парламенцкай кампаніі. Тады нас не было ў бюлетэнях. Мы не дазволім уладам напісаць нам 0,5% падтрымкі і спекуляваць гэтымі лічбамі. У людзей няма цікавасці да выбараў, але ёсць цікавасць да нашага паслання. Нам бы хацелася скарыстаць магчымасць публічных выступаў на радыё і тэлебачанні і на гэтых выступах расставіць кропкі над "і".

Яўген Рыбакоў, сябра Сойму ПБНФ і сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч упэўнены, што ягоная прэтэндэнтка ідзе на перамогу:

— Наш кандыдат ідзе, каб перамагчы і стаць прэзідэнтам, каб навесці парадак у краіне. Галоўная яе задача — дабівацца падвышэння дабрабыту простых грамадзянаў.

На перамогу спадзяецца і сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча, каардынатар па зборы подпісаў Мінскага раёна Аляксандр Піліпчук. Але ён таксама ўважае за добры вынік — саму магчымасць прарэкламаваць ЛДПБ:

— Любы кандыдат ідзе на выбары, каб перамагчы. У дадзеным выпадку, калі не атрымаецца перамагчы, — паўдзельнічаем, нагадаем людзям пра тое, што мы ёсць. Любы кіраўнік палітычнай партыі мусіць удзельнічаць у выбарах, калі не дзеля перамогі, то дзеля піяру.

Сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Яўген (прозвішча не назваў) патлумачыў удзел Лукашэнкі ў выбарах ягонай стоадсоткавай упэўненасцю ў сабе:

— Мабыць, ён упэўнены, што можа нешта карыснае зрабіць для краіны, упэўнены ў сваіх сілах, у тым, што абраны шлях правільны.

Студэнтка ВНУ, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі, якая прасіла не фатаграфаваць яе і не ўзгадваць прозвішча, каротка паведаміла, што яе прэтэндэнт ідзе на выбары, каб заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў і стаць прэзідэнтам.

Ці спадзяецца ваш кандыдат перамагчы ў існуючай сістэме?

— Перамагаць альбо прайграць у сённяшніх выбарах немагчыма. Перамогу вызначаюць лічбы, атрыманыя пры сумленным падліку галасоў, а мы маем справу з чыстай маніпуляцыяй. Мы можам сказаць, што выйгралі кампанію, калі не дапусцім легітымацыі Лукашэнкі, і калі ў нашых шэрагах з'явіцца дастаткова многа новых, цікавых, энергічных, амбітных людзей, гатовых працаваць на перамены, — адказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Сябра ІГ Таццяны Караткевіч аптымістычна заявіў, што яна можа перамагчы, калі беларускія грамадзяне яе падтрымаюць:

— Мы чакаем нашых грамадзян у Мінску на праспекце Незалежнасці прыходзіць і падпісвацца за нашую прэтэндэнтку. Людзі прыходзяць масава. Гэта будзе замест плошчы. Тут не будуць збіваць палкамі міліцыянты.

Прадстаўнік Сяргея Гайдукевіча не сумняваецца ў справядлівасці айчыннага выбарчага заканадаўства:

— Канешне, мы ні ў якім разе не спрабуем перамагчы нейкім радыкальным чынам. Будзем змагацца за пасаду прэзідэнта выключна законным шляхам. Наш Выбарчы кодэкс стварае для ўсіх кандыдатаў роўныя магчымасці, — перакананы Аляксандр Піліпчук.

Сябры ІГ Лукашэнкі і Цярэшчанкі заявілі пра магчымасць перамогі свайго прэтэндэнта з рознай, адпаведнай статусу, ступенню ўпэўненасці.

Чым ваш кандыдат лепшы за астатніх?

— Мы для сябе бачым адзінага апанента — існуючы рэжым на чале з А. Г. Лукашэнкам. Таму ў якасці прывабнай эканамічнай альтэрнатывы таму, што здзяйсняў Лукашэнка на працягу 20 гадоў, мы прапануем праграму "Мільён новых працоўных месцаў". Мы таксама прапануем іншае бачанне сістэмы кіравання і палітычнай сістэмы краіны, якое сабрана ў так званай "Малой канстытуцыі", — адзначыў старшыня АГП.

Бэнээфавец Яўген Рыбакоў, які збірае подпісы за Таццяну Караткевіч, адказаў проста:

— Наша кандыдатка маладзейшая і мацнейшая. Маладосць не адняць. Яна, у адрозненне ад многіх нашых мужчын, яшчэ і смелая. Гэта правадыр, за якім можна пайсці.

— Наш кандыдат імкнецца аб'яднаць беларусаў, якія ходзяць як пад чырвона-зялёным, так і пад бел-чырвона-белым сцягам, — дадаў сябра ініцыятыўнай групы Алесь.

Прадстаўніка ІГ Лукашэнкі нашае пытанне трошкі збянтэжыла:

— Нават не ведаю, што вам сказаць. Наш кандыдат ужо не першы год паказвае сябе ў справе. Ягоныя справы і вынікі навідавоку. Годнай альтэрнатывы Лукашэнкі мы не бачым. Жыццё змяняецца, перад краінай з'яўляюцца новых выклікі, як унутраныя, так і знешнепалітычныя. Наш кандыдат яшчэ можа шмат чаго карыснага зрабіць на пасадзе кіраўніка краіны.

— Кожны чалавек у чымсьці здольны і выбітны. Я не магу сказаць, што Віктар Цярэшчанка лепшы альбо горшы. Ён хоча рэалізаваць свае эканамічныя праекты, якія дапамогуць нашай краіне выйсці з крызісу, — сказала студэнта, якая збірае подпісы за эканаміста.

— Чым лепшы? Па першае, у яго вялікі палітычны досвед. Ён шмат гадоў у палітыцы, быў таксама дэпутатам парламента, працаваў у міністэрстве, быў спецпрадстаўніком, выконваў інтэрнацыянальны абавязак. Ваенны чалавек кепскім не бывае, — бадзёра адрапартаваў Аляксандр Піліпчук, сябра ІГ Гайдукевіча.

Ці зарэгіструюць вашага кандыдата?

На думку прэтэндэнта ў кандыдаты Анатоля Лябедзькі, улада будзе рэгістраваць усіх, хто здасць хоць нейкія подпісы, нават калі іх не будзе 100 тысяч. Такая палітычная ўстаноўка з боку рэжыму.

— Мы ў гэтыя гульні не гуляем і найперш будзем сумленнымі самі з сабой. Паколькі няма выбараў, змагацца за падтрымку, якая выражаецца ў лічбах і ставіцца занадта драматычна, калі не будзе тых сто тысяч подпісаў, мы не будзем. Галоўныя намаганні мы прыкладаем, каб скарыстаць магчымасці, якія нам дае кампанія для рэалізацыі нашых мэтаў і задачаў: недапушчэння легітымацыі Лукашэнкі і павелічэння колькасці заангажаваных у палітычны працэс грамадзян. Мы гэта пачалі рабіць значна раней. Я ўжо два месяцы вандрую па краіне, наведваю рынкі, прахадныя буйных прадпрыемстваў, бяру мегафон і выступаю перад людзьмі. Калі нам удасца сабраць 100 тысяч подпісаў, мы зробім яшчэ крок. У нас яшчэ нейкі шанец ёсць, але для гэтага хуткасць збору подпісаў неабходна павялічыць, — кажа спадар Лябедзька.

Са старшынёй АГП пагаджаецца і сябра ІГ Таццяны Караткевіч Яўген Рыбакоў:

— Я лічу, што зарэгіструюць усіх, нават тых, хто не назбірае галасоў. Гэта выгадна ўладзе, каб расцярушыць галасы выбаршчыкаў з альтэрнатыўнымі Лукашэнку поглядамі.

Сябра ІГ Сяргея Гайдукевіча на 100% упэўнены ў тым, што ягонага прэтэндэнта зарэгіструюць, і адзначае, што неабходная колькасць подпісаў ягонай камандай нібыта ўжо сабраная, а пікеты стаяць выключна як інфармацыйныя. У рэгістрацыі ўпэўнены таксама сябры ІГ Лукашэнкі і Цярэшчанкі, з якімі мы размаўлялі.

Такім чынам, палітычная кампанія пад назвай "прэзідэнцкія выбары" працягваецца. І калі агульны фармальны вынік прадказаць даволі проста (сенсацыйных лічбаў чакаць не даводзіцца), тое, як адаб'юцца выбары 2015 года на лёсах дэмакратычных актывістаў, што ўсё-такі ўвязаліся ў кампанію, якая будучыня чакае паслявыбарную Беларусь, — загадка. 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-08-13 21:33:28
"Ваенны чалавек кепскім не бывае" :)) О так, ніхто з генералаў не быў асуджаны за карупцыйныя злачынствы ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ва Ўкраіне! І палкоўніка Буданава не было!

Каментаваць