Эмігранцкія рэзервы

Беларусь узнялася на адзін пункт у рэйтынгу індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) — з 69-га на 68-е месца. Рэйтынг склала Праграма развіцця ААН у рамках даклада ААН «Праблема бар’ераў: чалавечая мабільнасць і развіццё». За аснову прымаліся статыстычныя звесткі за 2007 год са 182 краін свету.



Беларусь узнялася на адзін пункт у рэйтынгу індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) — з 69-га на 68-е месца. Рэйтынг склала Праграма развіцця ААН у рамках даклада ААН «Праблема бар’ераў: чалавечая мабільнасць і развіццё». За аснову прымаліся статыстычныя звесткі за 2007 год са 182 краін свету.

Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу — гэта абагульнены паказчык узроўню дабрабыту людзей. Ён уключае індыкатары чаканай працягласці жыцця насельніцтва, доступу да адукацыі і долі валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва. Кіраўнік Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніус Брук адз­начыў, што месца Беларусі ў рэйтынгу — гэта вынік 15-гадовага прагрэсу ў краіне. Эксперт звярнуў увагу на амаль 100-працэнтную пісьменнасць дарослага насельніцтва краіны, адносную гендэрную роўнасць (тут ён прывёў прыклад беларускага парламента, дзе кожны трэці дэпутат — жанчына), а таксама чаканую працягласць жыцця нашых суайчыннікаў, якая складае 69 гадоў.

Падобныя рэйтынгі даюць уяўленне не толькі наконт пазіцыі, якую займае краіна ў адносінах да іншых, але і пра дынаміку развіцця. Паводле рэйтынгу ІРЧП, усе краіны падзяляюцца на чатыры групы: краіны з вельмі высокім узроўнем развіцця, краіны з высокім узроўнем развіцця, краіны з сярэднім узроўнем развіцця і краіны з нізкім узроўнем развіцця. Беларусь уваходзіць у другую групу разам са сваімі суседкамі — Літвой (46-е месца), Латвіяй (48-е месца), Польшчай (41-е месца), Расіяй (71-е месца). Украіна адносіцца да краін з сярэднім ІРЧП і займае 85-е месца. Узначальвае рэйтынг Нарвегія, за ёй ідуць Аўстралія і Ісландыя. Гэтыя краіны адносяцца да краін з вельмі высокім узроўнем індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу.

Дарэчы, у 1990 годзе Беларусь займала 40-е месца ў рэйтынгу ІРЧП, далей назіралася паступовае падзенне, і летась краіна была на 64-м месцы.

Што тычыцца тэматычнага складніку даклада — міграцыйнай праблемы, то яго аўтары сцвярджаюць, што «ў дакладзе развейваюцца многія міфы, звязаныя з міграцыяй». Напрыклад, тое, што мігранты крадуць працоўныя месцы і жывуць за кошт падаткаплацельшчыкаў. «Гэта насамрэч не так. Давайце ўспомнім Аляксандра Рыбака, які перамог у Еўрабачанні і з’яўляецца самым знакамітым эмігрантам з Беларусі ў Нарвегіі», — заўважыў падчас прэзентацыі дакладу кіраўнік Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніус Брук.

Факты, прадстаўленыя ў дакладзе, паказваюць, што большасць мігрантаў не перасякае міжнародныя межы, а мяняе месца жыхарства ўнутры ўласнай краіны. Колькасць унутраных мігрантаў у свеце складае каля 740 мільёнаў чалавек, гэта амаль у чатыры разы больш за колькасць міжнародных мігрантаў. Сярод апошніх 30 працэнтаў пераязджаюць з краін, што  развіваюцца, у развітыя.

Мігранты звычайна садзейнічаюць росту вытворчасці і аддаюць больш, чым атрымліваюць. Міграцыя, як правіла, павышае занятасць у рэгіёне, які прымае, садзейнічае інвестыцыям у новыя прадпрыемствы і праграмы. Аднак і мігранты могуць нямала атрымаць пасля перамены месца жыхарства. Даход мігрантаў з больш бедных краін, пасля іх пераезду ў развітую краіну, у сярэднім у 15 разоў вышэйшы, чым на радзіме, паказчык ахопу дзяцей школьнай адукацыяй удвая вышэйшы, а дзіцячая смяротнасць у 16 разоў ніжэй.

Разам з тым аўтары дакладу папярэджваюць, што міграцыя не з’яўляецца заменай развіццю, хаця і можа зрабіць пазітыўны ўнёсак у аздараўленне эканомікі ў час крызісу. Антоніус Брук лічыць, што крызіс сур’ёзна паўплывае на эканамічную сітуацыю ва ўсіх краінах свету, асабліва з нізкім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу. Таму ўсе краіны, у тым ліку і Беларусь, павінны падвоіць свае намаганні ў правядзенні эканамічных рэформ. Для краін СНД міграцыя з’яўляецца станоўчай з’явай, бо ў гэтым рэгіёне назіраецца паніжэнне долі працаздольнага насельніцтва, а імігранты — гэта маладыя і адукаваныя работнікі.

Паводле высноваў аналізу статыстычных дадзеных, міграцыя ў краінах постсавецкай прасторы за апошнія два дзесяцігоддзі знізілася, за выключэннем Расіі, якая з’яўляецца своеасаблівым магнітам у рэгіёне.

У Беларусі плынь мігрантаў за апошнія гады павялічылася. Летась у краіну ўехалі 17 500 мігрантаў, а два гады таму — 14 тысяч чалавек, пры гэтым з краіны выехалі толькі 8 тысяч чалавек. Прыблізна палова з тых, хто абраў Беларусь сваім новым домам, прасілі тут палітычнага прытулку. Начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бегун адзначыў, што ў краіне традыцыйна назіраецца станоўчае сальда міграцыі і колькасць працоўных мігрантаў, якія ўязджаюць у Беларусь, на 50 працэнтаў перавышае колькасць беларусаў, што выязджаюць на працу за мяжу. Унутры краіны штогод месца жыхарства мяняюць каля 300 тысяч чалавек. Асноўная плынь мігрантаў накіраваная з сельскай мясцовасці ў горад.

Што тычыцца нелегальнай міграцыі, то гэта міграцыйныйная плынь, па словах Аляксея Бегуна, цяпер не ўяўляе небяспекі для Беларусі. Сёлета супрацоўнікамі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў былі затрыманыя 33 нелегальных эмігранты, крыху большая лічба ў Дзяржаўнага памежнага камітэта, у той час як у 2001 годзе гэты паказчык перавышаў дзве тысячы чалавек.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за восем месяцаў бягучага года ў краіну ўехалі 12 754 чалавекі, выехалі — 4 997 чалавек.

Каментаваць