Іэн Кэлі: Развіццё падзей ад 19 снежня 2010 года не пакінула нам іншага выбару, як санкцыі

2 сакавіка 2012 года адбылася прэсавая канферэнцыя амбасадара ЗША пры АБСЕ Іэна Кэлі ў фармаце наўпроставай відэасувязі.



У сваёй заяве, зробленай напачатку канферэнцыі, Іэн Кэлі выказаў занепакоенасць Злучаных Штатаў сур’ёзным парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.  «Апошнія дзеянні беларускіх уладаў, — падкрэсліў ён, — сведчаць, што беларускі рэжым працягвае рух у кірунку ўзмацнення рэпрэсій і самаізаляцыі. І яшчэ болей аддаляе сябе ад усёй Еўропы».

Амбасадар выказаў шкадаванне з нагоды рашэння беларускіх уладаў аб прымусе да ад’езду з Мінску паслоў Еўрапейскага саюза і Польшчы і запэўніў у поўнай салідарнай падтрымцы з боку ЗША краін Еўрасаюза, што адклікалі сваіх амбасадараў з Беларусі.

Прысуд віцебскаму дэмакратычнаму актывісту Сяргею Каваленку ён ахарактарызаваў як абсалютна палітычна матываваны. “Мы глыбока занепакоеныя, — падкрэсліў амбасадар, — яго фізічным станам, а таксама станам здароўя ўсіх палітычных вязняў Беларусі». 

Менавіта вызваленне ўсіх палітвязняў, прычым “тэрміновае і безумоўнае пры іх поўнай рэабілітацыі, з вяртаннем ім усіх правоў і магчымасцей паўнавартаснага ўдзелу ў палітычным жыцці, Іэн Кэлі назваў галоўнай умовай вяртання амбасадараў ЕС у Мінск.

Гэта, на яго меркаванне, быў бы добры крок да нармалізацыі адносін. «Самая важная ўмова для нармальных дыпламатычных адносін — акцэнтаваў амбасадар ЗША, — вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне ўсіх рэпрэсій супраць СМІ, адвакатаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці».

Амбасадар Кэлі адзначыў адзінства пазіцый ЗША і ЕС у адносінах да Беларусі. Ён заявіў аб падтрымцы Штатамі санкцый, якія ўводзіць супраць беларускіх ўладаў Еўрапейскі саюз. Санкцыі, патлумачыў ён, — спосаб дапамагчы зразумець беларускім уладам, што яны знаходзяцца ў ізаляцыі па уласнай віне за парушэнне правоў чалавека, што трэба вяртацца да нармальнага міжнароднага супрацоўніцтва, што ізаляцыя працуе на аслабленне беларускай дзяржавы. «Шлях да дабрабыту Беларусі — гэта інтэграцыя, а не самаізаляцыя. Мы хочам паказаць уладам, што ёсць лепшы шлях, шлях да больш эфектыўнага супрацоўніцтва з Еўропай».

З іншых механізмаў уздзеяння, акрамя санкцый, Іэн Кэлі назваў выключэнне з шэрагаў АБСЕ. Але прымяняецца гэта мера вельмі рэдка. Ці не адзіны выпадак — выключэнне Сербіі за ваенныя дзеянні. АБСЕ, падкрэсліў Іэн Кэлі, — гэта пляцоўка для дыялога, і пакуль што, на яго меркаванне, падстаў для сур’ёзных размоў  аб прымяненні гэтай меры ў адносінах Беларусі не наглядаецца.


На працягу часу ад сакавіка мінулага года, распавёў амбасадар Іэн Кэлі, калі рашэннем беларускіх уладаў быў ліквідаваны офіс АБСЕ ў Мінску, Літва, якая старшынявала ў арганізацыі, прыклала шмат высілкаў да аднаўлення працы офіса. Але пазітыўнага адказу з беларускага боку мы не атрымалі. Зараз гэту працу працягвае Ірландыя. Беларускі бок дэманструе сваю зацікаўленасць ў супрацоўніцтве ў эканамічным і ваенным вымярэннях, але адмаўляе — у трэцім, чалавечым, вымярэнні.

Прысутны на прэсавай канферэнцыі прадстаўнік амбасады ЗША у Беларусі Крыстафер Паніка звярнуў увагу на той факт, што асновай двухбаковых адносін яго краіны з Беларуссю з’яўляецца прынцып паляпшэння ў сферы правоў чалавека, прычым прынцып замацаваны ў супольнай заяве міністра Мартынава і дзяржсакратара Хілары Клінтан ад 1 снежня 2010 года. Гэта ў заяве было “прызнана ўрадам Беларусі як жыццёва важная ўмова для развіцця краіны. І гэты прынцып, падкрэсліў ён, працуе як простая арыфметычная формула: ёсць крок да паляпшэння ў сферы правоў чалавека у адказ — крок у адмене санкцый.

Каментаваць