Эрозія сістэмы працоўных адносінаў

Летась, калі насельніцтва Беларусі сутыкнулася з пагаршэннем матэрыяльнага дабрабыту, эксперты і палітыкі чакалі, што гэта справакуе на актыўныя дзеянні рабочых. Але лакальныя канфлікты ў працоўных калектывах пачалі з’яўляцца напрыканцы 2011-га ды сёлета. Калі і з якой нагоды рабочыя пайшлі ў незалежныя прафсаюзы, і як доўга будзе цягнуцца «агонія» рэжыму? Гэтыя тэмы абмяркоўвалі Аляксей Кароль і Вольга Хвоін з лідарам асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандрам ЯРАШУКОМ.
 



Аляксандр Ярашук


Аляксандр Ярашук: Наша арганізацыя прадстаўленая на дзясятку прадпрыемстваў, таму мы добра ведаем, чым жывуць рабочыя. І мы бачылі, што летась не было такога градусу пратэсту, сацыяльнай напружанасці, якія маглі б трансфармавацца ў акцыі пратэсту. Я б хацеў тут заступіцца за беларусаў і нашых рабочых. Сфармавалася меркаванне пра абыякавасць, недзеяздольнасць і гэтак далей. Але ўсё тлумачыцца эканомікай. Так, заробак тады скараціўся ў 2,5 разы, але ўзровень жыцця так імгненна не ўпаў. Цэны стрымліваліся ўрадам, на руках у людзей былі валютныя зберажэнні. Але з часам цэны, натуральна, давялося адпусціць, і ранейшы ўзровень заробкаў перастаў забяспечваць элементарныя патрэбы. Эканамічнае становішча ў краіне кардынальна адрозніваецца ад таго, што мы мелі да 2010 года. І ў кіраўніцтва Беларусі няма ніводнага шанцу развярнуць усё ў зваротны бок. Асабліва на фоне ў разы вышэйшых заробкаў у Расіі, з якой у нас агульная эканамічная прастора. Гэта моцна ўдарыла па іміджу ўлады, бо беларускую мадэль доўгі час прыводзілі ў прыклад як паспяховую. Я на днях размаўляў з нашым прадстаўніком Лукомльскай ГРЭС, ён распавёў, што рабочыя станцыі масава звальняюцца і едуць працаваць у Расію, дзе ім прапануюць мінімум у пяць разоў большы заробак. І гэта тычыцца многіх рабочых спецыяльнасцяў — едуць будаўнікі, кіроўцы, рабочыя, інжынеры. Адзначу, едуць прафесіяналы, найбольш актыўныя людзі. У камандна-адміністратыўнай сістэме без эканамічнай лібералізацыі, без мадэрнізацыі мы не маем шанцу стварыць канкурэнтаздольную сістэму.

Аляксей Кароль: Вы маеце інфармацыю, які працэнт беларусаў цяпер зарабляе сабе на жыццё па-за межамі краіны?

А. Я.: Сцвярджаюць, што ў краіне 0,6% беспрацоўных, але гэта мана. І сапраўднай лічбы мы не ведаем, як і колькасці тых, хто з’ехаў у працоўную міграцыю. Мяркую, што сапраўдная лічба беспрацоўных у межах 7–10%. Куды аднесці тых, хто з’ехаў? Відаць, таксама можна было б іх запісаць у лік беспрацоўных тут. Колькасць тых, хто з’ехаў з Беларусі, ацэньваюць па-рознаму: ад 300 тысяч да мільёна чалавек. Найбольш людзей хіба што з’язджае ў Расію, бо няма межаў, моўнага бар’еру, ментальных перашкодаў.

Вольга Хвоін: Ці ёсць нейкія выразныя тэндэнцыі ва ўзаемаадносінах «рабочы — наймальнік»?

А. Я.: Цяпер назіраецца эрозія сістэмы працоўных адносінаў. Гэты працэс набірае дынаміку — людзі не вераць уладзе, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая не выконвае сваіх асноўных функцый па абароне правоў рабочых. І кропкава гэта выліваецца ў сітуацыі, як на «Граніце», дзе людзі масава напісалі заявы на сыход з ФПБ ды заснавалі суполку незалежнага прафсаюзу. І я вам скажу, што лідары незалежнага прафсаюзнага руху маглі б дамагчыся, каб усе рабочыя прадпрыемства — а гэта больш за тры тысячы чалавек! — выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу. Але, можа, яны і правільна не пайшлі на такі крок, каб не падвесці столькі людзей пад рэпрэсіі.

Два тыдні таму ў Полацку на вінзаводзе каля двухсот работнікаў заявілі, што выходзяць з ФПБ, каб перайсці ў незалежны прафсаюз, — 37 чалавек напісалі нам адпаведныя заявы. Двух завадатараў адміністрацыя звольніла. Гэта людзі, якія спантанна выйшлі на нашу суполку на прадпрыемстве «Полацк — Шкловалакно». Я не падводжу да таго, што заўтра мы пабачым масавы рух працоўных. Мы маем справу з моцным аўтарытарным рэжымам, але гэты рэжым цягам столькіх гадоў не змог справіцца са сваім галоўным ворагам — эканомікай. І таму я з’яўляюся аптымістам, калі разважаць пра магчымасць беларусаў уплываць на сваю будучыню.

В.Х.: Нядаўна адбыўся санкцыянаваны пікет Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Разам з тым міліцыя затрымала на вуліцы мастакоў з рознакаляровымі кубікамі. Дзе логіка паводзінаў улады?

А. Я: Улады дазволілі пікеты, бо ў лістападзе будзе чарговае пасяджэнне адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). І прадстаўнікі Беларусі будуць вымушаныя рабіць справаздачу, але ў іх няма нічога пазітыўнага ў партфелі, суцэльны негатыў — канфлікты з працоўнымі на «Граніце», «Нафтане»... У свой час менавіта з пазіцыі МАП Еўрасаюз адклікаў гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі. Цяпер будзе хоць адзін пазітыўны факт, які можна агучыць на пасяджэнні, — дазволілі пікет. Усе апошнія гады наш урад хоча пераканаць МАП, што ў Беларусі ёсць прагрэс у дачыненнях працадаўцаў і рабочых. Таксама вы ж бачыце, што адбываецца чарговы этап разгойдвання геапалітычных арэляў. Проста неабходныя хоць якія станоўчыя прыклады ўзаемадачыненняў з прафсаюзамі.

В. Х.: Цягам апошніх гадоў у крызісны перыяд, паводле логікі, колькасць вашых прыхільнікаў мусіла істотна павялічыцца. Ці паболела сябраў у незалежных прафсаюзах?

А. Я.: Мусім быць рэалістамі. Я штогод падчас канферэнцыі МАП нагадваю: беларускія прафсаюзы, як і грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі, знаходзяцца ў рэзервацыі. Яшчэ ў 1999 годзе была ўведзена дазваляльная сістэма рэгістрацыі прафсаюзаў. І за гэты час мы ніводнай суполкі не змаглі легалізаваць. Таму вельмі важна, што за апошнія шэсць-сем гадоў не зменшылася колькасць нашых сябраў. Тым больш, шырока вядома пра магчымасць уплыву на рабочых праз кароткатэрміновыя кантракты. Атрымліваецца так, што адны ад нас сыходзяць, іншыя — прыходзяць. А незалежны прафсаюз гарнякоў цягам апошніх гадоў павялічыў колькасць сябраў на траціну. Толькі ў апошнія месяцы да нас прыйшло некалькі соцень людзей, але з-за ціску адміністрацый прадпрыемстваў, бадай, столькі ж сышло з незалежных прафсаюзаў.



В. Х.: Вас не расчараваў прафсаюзны рух на прадпрыемстве «Граніт»? Ад ініцыятывы гэтых людзей чакалі моцнай, рашучай хвалі салідарнасці ў рабочых калектывах.

А. Я.: «Граніт» не пацярпеў паразу. На наш погляд, той факт, што яны дагэтуль спрабуюць зліквідаваць суполку незалежнага прафсаюзу, сведчыць акурат пра перамогу ў пэўным сэнсе. Дзякуючы намаганням незалежнага прафсаюза некалькі месяцаў таму на «Граніце» падвысілі заробкі рабочым, цяпер вось спрабуюць адкруціць назад. Агулам сітуацыя з аплатаю працы на «Граніце» парадаксальная — гэта другое па велічыні прадпрыемства такога профілю ў Еўропе, фактычна манапаліст, але атрымліваецца, што годны заробак там плаціць не здольныя. Важна, што асобы, якія ўзначалілі гэты рух, маюць добрую адукацыю, кампетэнтнасць і аўтарытэт у вачах мясцовых людзей, чаго не скажаш пра мясцовыя ўлады. Да слова, першапачаткова нагодаю канфлікту сталася хамскае стаўленне кіраўніцтва прадпрыемства да рабочых, а не заробкі. Мы бачым адпаведны ўзор паводзінаў у вышэйшым кіраўніцтве краіны. І вось цалкам гэтыя сітуацыі ілюструюць агонію беларускага рэжыму. Думаю, 2015 год проста так не міне.

В.Х.: Але нядаўна ўладальнік «Дарыды» Дзялендзік намякнуў у інтэрв’ю, што калі ўлада і зменіцца ў Беларусі, то не палітычным шляхам. Вы падзяляеце меркаванне, што беларускі народ не ўплывае на такія глабальныя працэсы ў дзяржаве?

А. Я.: Мне б не хацелася, каб у Беларусі ўсё вырашалася праз рэвалюцыйную сітуацыю. Многае залежыць ад паводзінаў Расіі ў дачыненні да Беларусі, наколькі яна будзе гатовая падстаўляць сваё плячо. Хто прыйдзе на змену? Велізарная рэдкасць, калі недэмакратычныя рэжымы саступалі месца прасунутай дэмакратыі. Магчымы і варыянт, калі мы атрымаем наступствы яшчэ больш цяжкія, чым маем цяпер. Я мяркую, што нам цяпер трэба найперш думаць пра тое, што будзе потым. Як адчыніць дзверы для Беларусі ў якасна іншы свет, іншы стан. Але пра выбары разважаць усур’ёз на тле апошніх парламенцкіх было б наіўна, бо выбараў даўно няма. І я б не выключаў таго, што на сітуацыю можа нечакана паўплываць наменклатура. Вось літаральна на днях размаўляў з дасведчаным чалавекам пра стан нашага аграпрамысловага комплексу — няма ні капейкі ў саўгасаў. У такой сітуацыі фактар наменклатуры можа адыграць сваю ролю. Зразумела, што праз ману на кожным кроку Расія стамілася ад Лукашэнкі, які хай сабе і лаяльны...

А. К.: Ці супрацоўнічаеце з палітычнымі структурамі?

А. Я.: Мы перажывалі розныя перыяды. Быў час сур’ёзнай палітызаванасці незалежных прафсаюзаў, але гэта не зусім правільна, бо прафсаюзы ўсё ж — не палітычная структура. Калі ж мы захапляемся палітычнай дзейнасцю, то губляем канкурэнтаздольнасць на сваім прафсаюзным полі. І той факт, што мы змаглі адмовіцца ад залішняй палітызаванасці, прывёў да паляпшэння якасці нашай працы. Да слова, улады спрабуюць нас падвесці пад палітычную дзейнасць, у такім выпадку мы б пачуваліся, што карова на лёдзе, і былі б больш уразлівымі. Таму стратэгія такая: мы зацікаўленыя, каб нашы сябры ўдзельнічалі ў жыцці самых розных партый. У нас былі выпадкі, калі з прапановамі заключыць дамову аб супрацоўніцтве прыходзілі розныя палітыкі. Але Рада на падобныя ідэі адказвала: ці з усімі, ці ні з кім.

А. К.: Як на гэтых выбарах дзейнічаў рабочы клас?

А. Я.: Ніяк. Нашы арганізацыі найперш прадстаўленыя на прадпрыемствах нафтахімічнага комплексу, таму нам вядома, што было абыякавае стаўленне. Мы сыходзілі з таго, што выбараў у Беларусі даўно няма. Таму ўдзел у гэтым дазваляе ўладзе легалізавацца, а байкот меў на ўвазе, што выбары быццам бы ёсць. З’яўляецца прадмет дыскусіі: былі выбары ці не? Мая прынцыповая пазіцыя: у цяперашніх умовах нельга нават весці размоў пра выбары. Значная частка нашага актыву салідарная з гэтай думкай. Таму мы нават маніторынгам не займаліся.

А. К.: Ці ёсць у вас кантакты з афіцыйнымі прафсаюзамі?

А. Я.: Мы размяжоўваем Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі і яе кіраўніцтва. Думаю, вы пагодзіцеся са мною, што так не бывае: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі да 15 ліпеня 2002 года была прагрэсіўнай, а пасля прызначэння яе кіраўніком Козіка стала кансерватыўнай, рэакцыйнай арганізацыяй. Людзі ж засталіся тыя самыя! І я перакананы, што ўнутры ФПБ ёсць нямала прагрэсіўных людзей, якія спрабуюць рабіць нешта карыснае для іншых. У кіраўніцтве ж федэрацыі мы акурат бачым асобаў, што выконваюць ролю абароны дзяржавы ад працоўных, а мусіць быць наадварот.

Каментаваць