Еш, пакуль даюць!

Як паведаміла БелТА, А. Лукашэнка паставіў перад урадам і суб’ектамі гаспадарання 8 асноўных задач у галіне імпартазамяшчэння.

Асноўная іх мэта не патрабуе тлумачэння, а стыль цалкам нагадвае метады камандна-адміністрацыйнага кіравання мінулых часоў. Што праўда, запаветы беларускага правадыра яшчэ не высякаюцца ў мармуры, як гэта было з «каштоўнымі ўказаннямі» таварыша Кім Ір Сена, першага з дынастыі Кіраў у сацыялістычнай Паўночнай Карэі.



Як паведаміла БелТА, А. Лукашэнка паставіў перад урадам і суб’ектамі гаспадарання 8 асноўных задач у галіне імпартазамяшчэння.

Асноўная іх мэта не патрабуе тлумачэння, а стыль цалкам нагадвае метады камандна-адміністрацыйнага кіравання мінулых часоў. Што праўда, запаветы беларускага правадыра яшчэ не высякаюцца ў мармуры, як гэта было з «каштоўнымі ўказаннямі» таварыша Кім Ір Сена, першага з дынастыі Кіраў у сацыялістычнай Паўночнай Карэі.

Значыць, ёсць куды імкнуцца. Не толькі ў сэнсе формы, але і зместу. Акрамя поўнай перамогі ў Народнай Карэі прынцыпаў рэальнага гуманізму, гэта краіна маўкліва ганарыцца тым, што нічога за сваімі межамі не купляе. Калі не хапае рысу, ядуць траву. Але за межамі не купяць ні зярнятка.

Ядуць і п’юць выключна сваё. І, зразумела, забяспечваюць паўсюдную і «жэстачайшую» эканомію ўсіх рэсурсаў. Гэтая ж задача пад першым нумарам значыцца і ў спісе А. Лукашэнкі. А задача нумар сем патрабуе ажыццяў­ляць імпартазамяшчэнне на спажывецкім рынку шляхам вырабу якаснай і канкурэнтаздольнай (!) айчыннай прадукцыі.

Як той казаў, ёсць куды расці і развівацца. Так, спадар Касінец, што кіруе Віцебскай вобласцю, яшчэ летам запатрабаваў усталяваць дыктатуру імпартазамяшчэння на, так бы мовіць, падмандатнай тэрыторыі. Кіраўнікі прадпрыемстваў звыкла падпарадкаваліся, і справа закіпела. З канвеераў пайшла імпартазамяшчальная і экспартна арыентаваная прадукцыя, але ў пошуках плацежаздольнага пакупніка трапіла на склад. Не вельмі шмат, але ў выглядзе складскіх запасаў вобласць замарозіла абаротных сродкаў на 1 трыльён рублёў. Вось так яно бывае — пайшоў небарака па воўну, а вярнуўся стрыжаным!

Справа ў тым, што дэвальвацыя мела на мэце абмежаваць спажывецкі ды вытворчы імпарт, каб змусіць купляць свае. Але, здаецца, нечакана для нашых слынных эканамістаў ад вертыкалі, выклікала амаль што гіперінфляцыю, а рост коштаў прывёў да катастрафічнага скарачэння спажывання ўвогуле. Каб купляць, грошай няма, а без грошай таксама не даюць.

Зусім як у тым анекдоце пра дыялектыку: лазню будуюць для мурзатых, а ходзяць у яе чыстыя. Спрабуючы вырашыць гэтае спрадвечнае непаразуменне, спадар Касінец (урач, эканаміст і адміністратар), патрабуе правесці інвентарызацыю складскіх запасаў. Нарабілі самі не ведаюць чаго. І зараз, як казала гераіня Міхаіла Зошчанкі — «они сами не знают, чего они хочут».

Ва ўсім свеце такія інвентарызацыі заканчваюцца маштабным распродажам заляжалага тавару. Каб атрымаць хоць нейкія грошы. І не вырабляць болей нічога неліквіднага. У нас жа наадварот, чым цяжэй прадаць прадукцыю, тым яе болей вырабляюць. Прычым спрабуюць знайсці спажыўцоў на беларускі неліквід не столькі ў самой Беларусі, колькі за яе межамі. Так задача нумар два патрабуе дасягнуць у бягучай пяцігодцы росту экспарту тавараў і паслуг у 2,2 разы. Але справа ў тым, што на сусветным рынку купляюць збольшага ці абсалютна таннае, ці абсалютна якаснае. Беларусі, якая прапануе на продаж толькі «адносна таннае і адносна якаснае», знайсці пакупніка не проста. Па «таннаму» ёй не ўгнацца за Кітаем, па «якаснаму» — за лепшымі ў свеце брэндамі і за тым жа Кітаем. Гэта краіна часу не марнавала, і сама ўжо стала сусветным брэндам.

Таму, у адпаведнасці з трэцяй задачай, адносна плацежаздольнага пакупніка на беларускае будуць шукаць «з улікам рэалій Адзінай эканамічнай прасторы». То бок у Расіі, Казахстане ды іншых не вельмі развітых краінах, якія да гэтай прасторы далучацца. Што тут сказаць? Калі верыць, што прастора гэта пачне багацець, то яе насельнікі аддадуць перавагу больш якаснай прадукцыі. Калі ж яны, што больш верагодна, застануцца беднымі яшчэ на дзесяцігоддзі, то галоўным і адзіным экспарцёрам для іх застанецца Кітай.

А што застанецца Беларусі? У адказе на гэта пытанне цяжка памыліцца. Перад краінай адкрываюцца два шляхі. Адзін — да стану Паўночнай Карэі, «еш пакуль даюць». Другі — да адмовы ад кіравання эканомікай на аснове вертыкальных дырэктыў, задач і загадаў, а значыць, да росквіту і дабрабыту.

Апошняе найбольш верагодна, хаця і патрабуе радыкальных змен.

Каментаваць