Палітычны гвалт: межы дазволенага

Суды ў Еўропе, у адрозненні ад беларускіх, выдатна асэнсоўваюць, што з’яўляецца гвалтоўным, а што негвалтоўным супрацівам. Яны адрозніваюць гвалтоўныя дзеянні, якія пашкодзілі маёмасць, але не прычынілі шкоды людзям, ад гвалтоўных дзеянняў, у якіх ёсць пацярпелыя.

Акцыя Маладога Фронту 25 жніўня 201 6 года. Фота Арцёма Лявы




Уладзімір Ульянаў за некалькі дзесяцігоддзяў да ўзнікнення дэмакратый сучаснага ўзору высунуў пастулат: «Дзяржава — апарат гвалту ў руках пануючага класу». Грамадзяніну, які ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, гэтая цытата можа падацца пазбаўленай сэнсу. Аднак усё мяняецца, калі чалавек пачынае «займацца палітыкай». Бо гэта — вотчына дзяржавы, і тут яна выразна акрэслівае межы дазволенага і недазволенага. У тым ліку з дапамогай гвалту.

Беларускі рэжым палітолагі адносяць да аўтарытарных, дзе гвалт дзяржавы над палітычнымі апанентамі — з’ява сістэмная. У краінах заходніх дэмакратый панятак палітычных рэпрэсій мае зусім іншае гучанне.


Гвалт гвалту розніца

Першае, што кідаецца ў вочы, — залежнасць ступені рэпрэсій ад масавасці пратэстных дзеянняў: чым больш людзей удзельнічае ў нейкім гвалце, тым меншая адказнасць. Прыклады гэтага можна сустрэць амаль у кожным бунце моладзі ў Еўропе. Тыя, хто ўдзельнічае ў гарадскіх беспарадках, амаль ніколі не атрымліваюць буйныя тэрміны зняволення — большасць абыходзіцца штрафамі ці нашымі аналагамі адміністратыўнага арышту.

Прычын можна назваць некалькі. Першая, умоўна гістарычная — у Еўропе такія здарэнні не з’яўляюцца нечым дзіўным, яны адбываліся і адбываюцца, бадай, з самага ўзнікнення нацыянальных дзяржаў. Больш за тое — сённяшнія палітычныя сістэмы фактычна абавязаныя сваім узнікненнем менавіта «несанкцыянаваным сходам» і «дэструктыўным дзеянням» (калі карыстацца афіцыёзнай беларускай тэрміналогіяй) незадаволеных мас: ад Вялікай Французскай рэвалюцыі і «Вясны народаў» да «Аксамітавай рэвалюцыі» і падзення Берлінскай сцяны.

Другая прычына — кан’юнктурная: палітычныя эліты Захаду ў немалой ступені залежаць ад грамадскай думкі. А яна ніколі не падтрымае жорсткіх рэпрэсій, кшталту пасадак на доўгія тэрміны, супраць палітычных груп, нават калі погляды гэтых груп не падзяляюцца большасцю. Вальтэраўскі пастулат: «Я не згодзен ні з адным вашым словам, але гатовы загінуць за ваша права гэта казаць» па-ранейшаму мае вагу ў грамадскай свядомасці еўрапейцаў, нават калі пратэстоўцы не толькі «гавораць». А кожным палітычным пралікам улады з задавальненнем скарыстаецца апазіцыя. Гэта таксама адыгрывае сваю ролю.


Гвалт не роўны тэрору

Усё інакш, калі справа датычыцца ўзброеных дзеянняў, асабліва арганізаваных. Да прыкладу можна ўзяць ірландскіх нацыяналістаў: PIRA (Provisional Irish Republican Army — Часовая Ірландская рэспубліканская армія) і INLA (Irish National Libration Army — Ірландская нацыянальна-вызваленчая армія). Сотні іх сяброў знаходзіліся ў брытанскіх турмах на пажыццёвым зняволенні, і знаходзіліся б па сёння, калі б не «Пагадненне добрай пятніцы» (Good friday agreement) 1998 года, згодна з якім у абмен на спыненне агню ў Паўночнай Ірландыі праводзіліся палітычныя рэформы, а ўсіх вязняў выпусцілі на волю.

Не так пашчасціла баскскай арганізацыі ETA — больш за 350 яе ўдзельнікаў зараз знаходзяцца ў турмах Іспаніі, Францыі і Швейцарыі.

Грэцыя апошніх гадоў — арэна барацьбы паўстанцкіх анархісцкіх груповак з уладай. У пачатку ліпеня гэтага года былі асуджаныя сябры арганізацыі «Змова вогненных ячэек» — нігілісты, прыхільнікі так званай інсурэкцыянісцкай плыні ў анархізме. Іх абвінавачвалі ў закладанні выбуховага прыстасавання ў падатковым офісе, адпраўку пасылак з бомбамі ў паліцэйскі пастарунак і дом суддзі, падрыхтоўку ўзброеных уцёкаў з турмы, захоўванне агнястрэльнай зброі, ручных гранатамётаў і выбухоўкі. Усё гэта — у мэтах «падрыву сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага жыцця краіны». Дзесяць удзельнікаў арганізацыі атрымалі па 115 гадоў зняволення кожны.

Пры гэтым трэба адзначыць, што ў турмах грэчаскія барацьбіты з капіталізмам працягваюць палітычную дзейнасць: на адмысловых сайтах можна чытаць іх заявы аб палітычнай сітуацыі, у турмах ствараюцца прафсаюзы, каб дамагчыся паляпшэння ўмоў утрымання, праводзяцца галадоўкі і акцыі пратэсту. Адбываюцца нават сутычкі паміж палітычнымі групоўкамі, якія варагуюць паміж сабой.

Пратэст у Кёльне


Падобная сітуацыя ў Германіі. Яе можна ацаніць на прыкладзе аднаго з самых вядомых палітычных вязняў — Томаса Мейера Фалька, які знаходзіцца ў турме з 1996 года за рабаўніцтва банку ў палітычных мэтах і «запужванне і знявагу суддзі». Свой тэрмін ён даўно адбыў, аднак ужо некалькі разоў зняволенне было падоўжана на падставе «закону аб прэвентыўным зняволенні» — аналагам беларускага артыкула КК 411. Гэты закон быў прыняты ў Германіі за нацыстамі, у 1933 годзе, і згодна з ім асуджанага, у дачыненні да якога ёсць падазрэнні, што ён можа працягнуць злачынную дзейнасць, могуць утрымліваць у турме колькі заўгодна і пасля заканчэння тэрміну. 45-гадовы Фальк адбыў за кратамі ўжо 20 гадоў і не ведае, калі будзе вызвалены: кожны раз суд прыходзіць да высновы, што ён яшчэ недастаткова выправіўся.

Па законе аб прэвентыўным зняволенні сёння ў Германіі адбывае бестэрміновае пакаранне каля 500 вязняў.

Аналагічны закон існуе і ў Італіі. Для асуджаных за сувязь з мафіяй, разбой і злачынствы, якія «падрываюць канстытуцыйны лад», зняволенне можа быць спынена толькі тады, калі вязень ідзе на супрацоўніцтва з уладай. Альбо памірае.


Што было б з нашымі анархістамі?

З 2009 па 2010 год у Беларусі адбыліся акцыі, якія дзяржпрэса назвала «хуліганствам з элементамі тэрору»: падпал аддзялення «Беларусбанка», спаленне машыны расійскага пасольства, атака «кактэйлямі Молатава» на мінскі ІЧУ і спроба падпалу аддзялення КДБ у Бабруйску. Абвінавачаныя па гэтых эпізодах атрымалі па 7–8 гадоў зняволення.

У Еўропе гэтыя дзеянні, магчыма, увогуле не прызналі б крыміналам. Напрыклад, анархісцкая група «Rouvikonas» (Рубікон), якая дзейнічае ў Грэцыі, балансуючы на мяжы паміж тэрорам і радыкальным акцыянізмам. На яе рахунку захоп будынку тэлебачання падчас прамога эфіру, разгром офісу даўгавой кампаніі (мэтанакіравана знішчаліся лічбавыя носьбіты, на якіх захоўвалася інфармацыя аб пазыках грамадзян), і нават узброеная дэманстрацыя супраць наркамафіі ў афінскім раёне Экзархія. Але ўсе рэпрэсіі дзяржавы, якія на сябе адчула гэтая група, — вобшукі па падазрэнні ў захоўванні зброі ў трох яе сяброў. Ніводнаму чалавеку абвінавачанне выстаўлена не было.

Акцыя пратэсту ў Грэцыі. photo-day

Палітычныя матывы не заўжды з’яўляюцца абцяжарваючымі абставінамі. Паказальны выпадак Эмы Шэпард, радыкальнай абаронцы прыроды, якую судзілі ў брытанскім Брысталі ў 2015 годзе. Дзяўчына выклала самаробныя стужкі з шыпамі ля паліцэйскага пастарунку, некалькі патрульных машын прабілі колы. Падчас працэсу суддзя выказаў павагу да матываў — безумоўна палітычных — актывісткі, і да яе імкнення абараняць найбольш безабаронных, хаця і заўважыў, што для гэтага яна абрала занадта «арыгінальныя», як ён выказаўся, метады. Фактычна, палітычны матыў быў прызнаны змякчальнымі абставінамі. Суд вынес даволі мяккі прысуд: два гады вязніцы.

Не менш дзіўнай можа падацца і судовая сістэма згаданай Італіі. Нярэдка вязень едзе ў суд па абвінавачанні ў тэрарызме, а там гэты артыкул з яго здымаюць. Альбо, калі ў выніку яго дзеянняў ніхто не загінуў, даюць смешныя — па беларускіх мерках — тэрміны. Сведчанне таму — справа ўдзельнікаў кампаніі супраць будаўніцтва высокахуткаснай чыгуначнай магістралі. Гэтая кампанія (NO-TAV) існуе ўжо больш за 20 гадоў, і яе ўдзельнікі не спыняюцца на выключна законных метадах супраціву. У 2013 годзе чацвёра анархістаў былі абвінавачаныя ў сабатажы будаўніцтва, інтэрпрэтаваным як «атака з тэрарыстычнымі метадамі», ужыванні выбуховых прыстасаванняў і захоўванні боепрыпасаў. У выніку суд даў актывістам... 3,5 гады зняволення кожнаму і поўнае апраўданне па «тэрарыстычным» артыкуле. Зняволенне, дарэчы, яны адбывалі ва ўмовах… хатняга арышту!

Гэта яскравыя прыклады, якія пераконваюць, што нават у Еўрасаюзе падыход да ліквідацыі палітычных пагроз з боку радыкалаў антыаўтарытарнага кірунку — розны. Прычыны гэтага, імаверна, хаваюцца ў гістарычным кантэксце, агульнай палітычнай культуры грамадзян і асабліва службовых асоб, ступені незалежнасці судовай сістэмы.


Заканадаўства блізкае, прымяненне рознае

Як казалася вышэй, еўрапейскае заканадаўства не варта ідэалізаваць. Аднак, калі прадзяржаўныя палітолагі ці прапагандысты з БТ, каб апраўдаць чарговыя рэпрэсіўныя захады, кажуць пра жорсткае еўрапейскае заканадаўства супраць тэрарызму, і што гэта «нармальная сусветная практыка», — дапускаюць вялікую лагічную памылку.

Акцыя 25 жніўня 201 6 года. Фота Арцёма Лявы


Заканадаўства адносна экстрэмізму, тэрарызму і меркаваных злачынцаў-рэцыдывістаў у Беларусі амаль такое ж жорсткае, як у Еўропе — правапрымяняльная практыка адрозніваецца. У большасці краін Еўропы тэрарызмам і экстрэмізмам лічацца выключна тыя дзеянні, якія вядуць да смерці людзей, ці тыя, у якіх ужывалася зброя. У Беларусі гэтая ўмова не абавязковая.

За знішчэнне маёмасці на палітычнай глебе ў краінах Еўропы, як і ў Беларусі, пакаранні даволі суровыя, аднак там папраўчае заканадаўства дазваляе вязням выйсці на волю нашмат раней, чым гэта ўказана прысудам. У той жа Грэцыі асуджаныя нават на некалькі пажыццёвых тэрмінаў ужо праз пару гадоў могуць атрымліваць адпачынак і праводзіць яго дома. Беларускія палітвязні, якія не вылазяць са штрафнога ізалятару, пра гэта могуць толькі марыць...

Суды ў Еўропе выдатна асэнсоўваюць, што з’яўляецца гвалтоўным, а што негвалтоўным супрацівам. Яны адрозніваюць гвалтоўныя дзеянні, якія пашкодзілі маёмасць, але не прычынілі шкоды людзям, ад гвалтоўных дзеянняў, у якіх ёсць пацярпелыя. І «пацярпелых ад гвалтоўных дзеянняў» — ад накіраваных на вялікую колькасць ахвяр тэрарызму і тэрарыстычных груповак. У нас жа любое дзеянне «з элементамі гвалту» — нават калі ніхто не пацярпеў, і шкода была нанесеная нязначная, — караецца па вышэйшай планцы.



Каментаваць