Фігуры тыдня: Аляксей Янукевіч. Удзельнікі галадоўкі салідарнасці. Павел Кур’яновіч

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч публічна абвясціў пра свой намер змяніць на пасадзе кіраўніка Лявона Баршчэўскага. Дагэтуль Аляксей Янукевіч знаходзіўся ў ценю партыйных функцыянераў і на публічнасць асабліва не прэтэндаваў, цяпер жа, відавочна, хоча ўзысці на алімп беларускай палітыкі. «Сітуацыя ў краіне настолькі імкліва мяняецца, што існаваць так, як Фронт існаваў апошнія гады, няма ніякай магчымасці. Важна прыцягнуць у партыю новых людзей з новымі ідэямі. Прыход новай асобы, якая не ідзе на адкіданне фронтаўскай спадчыны, а выступае за абнаўленне БНФ, будзе добрым сігналам грамадству», — заявіў у інтэрв’ю газеце «Наша ніва» малады палітык.

Чарговы з’езд партыі БНФ адбудзецца ў верасні гэтага года. Цяперашні старшыня Лявон Баршчэўскі неаднаразова заяўляў пра свой намер сысці з пасады кіраўніка партыі.
 

Удзельнікі галадоўкі салідарнасці

Ужо дзесяць дзён доўжыцца галадоўка салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары на Валадарцы. Галадоўнікі-маладафронтаўцы Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Арцём Дубскі, Яўген Скрабец, Ірына Губская, Ілля Нагорны і Кацярына Салаўёва знаходзяцца ў памяшканні ўправы партыі БНФ. Сваёй акцыяй яны імкнуцца прыцягнуць увагу да сітуацыі з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, а таксама дамагаюцца рэакцыі з боку ўладаў. Нягледзячы на тое, што Мікалай Аўтуховіч заклікаў маладафронтаўцаў спыніць акцыю, яны маюць намер працягваць галадоўку да таго часу, пакуль не будзе вырашана пытанне з ваўкавыскімі вязнямі.

Да ўсяго 14 мая маладафронтаўцы маюць намер правесці «Марш за незалежнасць» ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Дата маршу прымеркаваная на дзень, калі нацыянальныя сімвалы Беларусі — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг — былі змененыя на цяперашнія, што засталіся ў спадчыну ад часоў БССР.
 

Павел Кур’яновіч

Актывіст «Маладога фронту» Павел Кур’яновіч «патрапіў пад судовую раздачу» за распаўсюд улётак з інфармацыяй пра правядзенне «Маршу за незалежнасць». Актывіста разам з непаўналетняй дзяўчынай Вікай Ладзіс супрацоўнікі міліцыі затрымалі 12 мая ў Мінску на праспекце Незалежнасці. Іх абвінавацілі ў распаўсюджванні ўлётак, хаця юнак сцвярджае, што такім чынам рэалізоўваў сваё права на ўдзел у мітынгах і дэманстрацыях. Віку Ладзіс пасля затрымання адпусцілі, а Павел вымушаны быў пераначаваць за кратамі.

Актывісту пагражаў арышт або штраф за парушэнне правілаў правядзення масавых акцыяў. Адвакат Павел Сапелка непакоіўся, што справу Кур’яновіча маглі перакваліфікаваць, бо актывіста ўжо прыцягвалі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення вулічных акцый.

Суддзя Леанід Ярмоленка, відаць, з перасцярогі за таямніцу такой важнай дзяржаўнай справы, як суд за ўлёткі, забараніў весці аўдыёзапіс паседжання, раней былі забароненыя фотаздымкі ў Першамайскім судзе, у тым ліку і да пачатку працэсу. Рашэннем суда Павел аштрафаваны на 10 базавых велічыняў.

Каментаваць