Фігуры тыдня: Анатоль Ляўковіч. Яўген Лебедзеў. Павел Севярынец

Анатоль Ляўковіч

Анатоль Ляўковіч

Калабарантам тыдня стаў кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч. Косці яму перамылі калегі па палітычнаму полю, супернікі і журналісты. А ўсё з-за інтэрв’ю «Советской Белоруссии», асабліва з-за адной ёмкай і ганебнай фразы. 16 красавіка Анатоль Ляўковіч у інтэрв’ю газеце Адміністрацыі прэзідэнта заявіў, што «беларускія дэмакраты неабдумана сталі ў непрымірымую апазіцыю Аляксандру Лукашэнку» і «павялі барацьбу за адхіленне ад улады прэзідэнта, якога абрала і падтрымлівае большасць народа». Сустаршыні Аб’яднаных дэмсіл асудзілі Ляўковіча, а кіраўнік партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ўвогуле паставіў пытанне рубам: або выключэнне з кааліцыі Анатоля Ляўковіча і прыпыненне сяброўства БСДП, пакуль не будзе зменены старшыня, або БНФ абвесціць аб выхадзе з кааліцыі. Летась Ляўковіч быў звязаны са скандалам па выцясненню з кіраўніцтва партыі Аляксандра Казуліна ў час, калі той знаходзіўся ў зняволенні. Тады прадстаўнікі АДС таксама асудзілі Ляўковіча за амаральнасць дзеянняў. На гэты раз пайшлі далей. 22 красавіка прэзідыум Палітрады АДС  забараніў Ляўковічу выступаць ад імя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.


Яўген Лебедзеў


Перамога гомельскай зборнай па хакею над камандаю Лукашэнкі (між іншым, першынства каманды кіраўніка краіны ніколі дагэтуль не аспрэчвалася) ледзь не абярнулася звальненнем для галоўнага трэнера каманды жлобінскага клубу «Металург» Яўгена Лебедзева. Спачатку з’явілася інфармацыя, што назіральная рада жлобінскага хакейнага клуба «Металург» датэрмінова спыніла кантракт з Лебедзевым. Пасля таго, як пра гэта напісалі ў СМІ, на афіцыйным сайце «Металурга» з’явілася абвяржэнне. Дырэктар клуба спадар Багарада заявіў, што ніякіх дакументаў аб адхіленні галоўнага трэнера аформлена не было, хаця кіраўніцтва «турбуе непаважлівы характар і няўменне выслухваць крытычныя заўвагі». У заяве гаворыцца, што кантракт з Яўгенам Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 года, «яму прапанавана выконваць свае абавязкі, нягледзячы на ўсю шуміху, якую ён падняў у СМІ».


Павел Севярынец

Аптымістам тыдня выявіўся сустаршыня аргкамітэта па заснаванню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Нягледзячы на праблемы з рэгістрацыяй партыі (спачатку адмова Мінюста, а пасля прыпыненне рашэння аб адмове), палітык выказвае толькі станоўчыя эмоцыі, да таго ж развярнуў са сваімі паплечнікамі на гэтым тыдні новую кампанію БХД. «Рашэнне Мінюста нас не расстроіла — ні адно, ні другое. Мы цудоўна разумеем, што прымаецца яно не ў міністэрстве. Мы не для рэгістрацыі пачыналі гэтую справу. Гэта ўсё толькі этапы. Беларускі народны фронт самыя значныя старонкі сваёй гісторыі пісаў без рэгістрацыі. Яна дае магчымасць легальна працаваць, але для нас гэта невялікая праблема», — падкрэслівае Севярынец.
 

Каментаваць