Фігуры тыдня: Андрэй Мезін. Сяргей Рассадзін. Наталля Пяткевіч

Андрэй Мезін

Андрэй Мезін

Ад 24 красавіка ў Швейцарыі праходзіць 73-ці чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. Каманда нашай краіны бярэ ўдзел у матчах элітнага дывізіёну. Напярэдадні чвэрцьфіналу з расійскай зборнай (чэмпіёнамі свету) варатар хакейнай зборнай Беларусі Андрэй Мезін парадаваў аптымістычным настроем беларускіх заўзятараў сваімі выказваннямі ў інтэрв’ю газеце «Прессбол». «Чамусьці нехта лічыць, што мы задаволімся месцам у васьмёрцы. Гэта ўжо было, час выходзіць у паўфінал. Па-першае, трэба стрымаць прагназуемы напор расіян у дэбюце. Калі гэта атрымаецца, у другім перыядзе амаль дакладна з’явяцца шанцы забіць і ў іх вароты. Тады, можна не сумнявацца, яны пабягуць «выратоўваць Расію», пачнуць цягаць шайбы па адзіночцы. І тут — глеба для развіцця нашага поспеху. Мне не прызвычайвацца выцягваць па паўсотні кідкоў за матч. Галоўнае, каб не ўсе былі з забойных пазіцый. Разліем перад Расіяй беларускае балота. А калі трэба будзе, і падпалім яго…» — папярэдзіў расійскіх хакеістаў Андрэй Мезін. Аднак не атрымалася. Зборная Беларусі прайграла.

Сяргей Рассадзін

Прыхільнікам новых тэорый, відавочна, не магло не спадабацца «адкрыццё» доктара гістарычных навук, члена Геральдычнага савета пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргея Раcсадзіна. На прэс-канферэнцыі «Развіццё беларускай геральдыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Вытокі беларускай сімволікі» доктар гістарычных навук падзяліўся з журналістамі сенсацыйным фактам: аказваецца, арнаменту на цяперашнім дзяржаўным сцягу мы абавязаныя мамантам. Паводле слоў навукоўца, у рамбічным элеменце арнаменту яскрава бачныя контуры зрэзу біўня маманта. «У сваёй новай кнізе «Гістарычныя вытокі і лёсы дзяржаўных сімвалаў Беларусі» я прыводжу шэраг аргументаў на карысць хрысціянскага бачання сцяга. Чырвоны колер — гэта колер пакутніцтва, вечнага жыцця; зялёны — гэта сімвал вечнасці», — растлумачыў спадар Рассадзін. Шкада, не дажылі маманты да асэнсавання іх ролі ў станаўленні савецкай і постсавецкай сімволікі Беларусі.

Наталля Пяткевіч

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч паведаміла журналістам, што ў часы крызісу людзям хочацца «казкі», а не жахаў.

Выступаючы на форуме «СМІ ў эпоху глабальнага эканамічнага крызісу», спадарыня Пяткевіч зазначыла, што нагнятанне негатыўнай інфармацыі для журналістаў з’яўляецца сродкам павялічыць наклад, але палохае людзей, нават калі для іх страху няма аб’ектыўных прычынаў. «Калі цяжка, няўжо хочацца глядзець жахі? Не, часам хочацца і казкі», — сказала чыноўніца. Пяткевіч заклікала журналістаў прытрымлівацца балансу, калі падаецца інфармацыя. Толькі не пазначыла, якія суадносіны «казак» і «жахаў» найбольш аптымальныя для псіхікі чытача.

Акрамя таго, Наталля Пяткевіч падзялілася сваімі меркаваннямі адносна маральна-этычнага стану айчыннай журналістыкі: «Усё ж такі атрымалася захаваць, у адрозненні ад інстытутаў журналістыкі іншых краін, прыстойнасць і адказнасць». Відаць, спадарыня Пяткевіч не чытала артыкулаў у «Советской Белоруссии» — газеце Адміністрацыі прэзідэнта, калі на прадстаўнікоў апазіцыі выліваецца мора бруду, а людзі выстаўляюцца як неадэкватныя асобы.

Каментаваць