Фігуры тыдня: Юозас Булька, Вікторыя Азаранка , Сяргей Сідорскі

Юозас Булька

Літоўская юстыцыя выдала еўрапейскі ордэр на арышт 83-гадовага каталіцкага святара з Беларусі Юозаса Булькі, які абвінавачваецца ў генацыдзе. Беларусь выдаць Літве ксяндза Бульку адмовілася, аргументаваўшы гэта неадпаведнасцю законам Беларусі.

Юозас Булька

Літоўская юстыцыя выдала еўрапейскі ордэр на арышт 83-гадовага каталіцкага святара з Беларусі Юозаса Булькі, які абвінавачваецца ў генацыдзе. Беларусь выдаць Літве ксяндза Бульку адмовілася, аргументаваўшы гэта неадпаведнасцю законам Беларусі.

Летась у кастрычніку літоўская пракуратура абвясціла вядомага ў Беларусі святара Юозаса Бульку ў еўрапейскі вышук. Літоўскія слугі Феміды абвінавачваюць Бульку ў тым, што на пачатку 1950-х гадоў ён супрацоўнічаў з камуністычнымі ўладамі, дапамагаў ім высочваць «лясных братоў», якія выступалі супраць савецкай улады, і мірных жыхароў, якія партызанам дапамагалі. Спачатку Юозас Булька змагаўся на баку “лясных братоў, а потым быў завербаваны органамі ГБ і супрацоўнічаў з імі як агент пад мянушкаю «Бімба». Пракуроры Літвы лічаць, што ксёндз Булька датычны да забойстваў 56 чалавек, якіх ён выдаў спецслужбам. Паводле літоўскіх законаў яму пагражае турэмнае зняволенне да 25 гадоў.

Ксёндз Юозас Булька атрымаў беларускае грамадзянства 10 гадоў таму. У вёсцы Мосар, дзе знаходзіцца яго прыход, святар карыстаецца вялікім аўтарытэтам, ён разгарнуў кампанію супраць алкагалізму, адкрыў музей барацьбы з п’янствам, помнік Яну Паўлу II. У 2006 годзе Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ксяндза медалём Францыска Скарыны. Высунутыя супраць яго абвінавачванні святар абвяргае.


Вікторыя Азаранка

Беларуская 19-гадовая тэнісістка Вікторыя Азаранка пасля перамогі на турніры ў Маямі паднялася на 4-е месца ў чэмпіёнскай гонцы Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Сёлета Вікторыя выйграла адразу тры турніры — у Брысбене, Мемфісе і Маямі. У абноўленым рэйтынг-лісце WTA Вікторыя Азаранка з 10-й пазіцыі паднялася на 8-ю. Першай ракеткай свету па-ранейшаму застаецца Серэна Уільмс, на другой прыступцы расіянка Дзінара Сафіна, на трэцяй — Алена Дзяменцьева.

«Мая мэта — стаць першай ракеткай свету. Гэта галоўны чыннік, чаму я гуляю ў тэніс, і я думаю, што мэта кожнага спартоўца — стаць нумарам адзін. Я не гавару, што гэта абавязкова адбудзецца, але я зраблю ўсё, што змагу», — заявіла Вікторыя Азаранка пасля перамогі ў Маямі.


Сяргей Сідорскі

Надзвычайным клопатам пра спартыўную будучыню беларусаў вызначыўся прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазелем ён паведаміў, што цягам бліжэйшых гадоў у Беларусі будзе пабудавана 12 новых крытых хакейных арэн — лядовых палацаў. «Напрыканцы года я ўзгадніў з прэзідэнтам будаўніцтва яшчэ 12 пляцовак у бліжэйшыя гады», — сказаў прэм’ер. Усяго плануецца пабудаваць 30 новых арэн, дадаў ён. Сідорскі адзначыў, што яшчэ некалькі гадоў таму ў Беларусі было 4 крытыя лядовыя арэны, цяпер іх ужо 13. Прэм’ер-міністр нагадаў, што беларуская зборная па хакеі з шайбай уваходзіць у дзесятку мацнейшых каманд свету, а дакладней, знаходзіцца на дзевятым месцы ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея.

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Каментаваць