Фігуры тыдня: Мікалай Чарнавус. Міхась Ільін. Міхаіл Комар

Мікалай Чарнавус

Мікалай Чарнавус

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус у часы крызісу зладзіў на рынку дабрачынны абед. Гэта ўжо другая грамадская акцыя бізнесоўца за гэта лета. Прадпрымальнік, які гандлюе на рынку дзіцячымі цацкамі, сам падрыхтаваў абед: боршч, кашу з мясам і кампот. Дабрачыннымі абедамі Мікалай Чарнавус хоча падтрымаць малазабяспечаныя сем’і, бяздомных грамадзянаў. Іншыя прадпрымальнікі Баранавічаў да падобнай дабрачыннасці пакуль не далучыліся. Варта адзначыць, што добрыя намеры Чарнавуса не ацаніла мясцовая санстанцыя. На другі дзень пасля акцыі Мікалая выклікалі ў гарадское ўпраўленне «Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», дзе паведамілі, што раздаваць ежу на рынку — негігіенічна. Цікава, ці згодныя з санстанцыяй тыя, для каго рыхтуюцца бясплатныя абеды? Мікалай Чарнавус мае намер працягваць арганізацыю бясплатных абедаў, але, каб пазбегнуць прэтэнзій санстанцыі, будзе арэндаваць сталовыя горада. Праўда, грошы, якія пайшлі б непасрэдна на абед, цяпер трэба будзе сплаціць за арэнду памяшкання.


Міхась Ільін

Улады пачынаюць ціск на чарговага актывіста арганізацыі «Малады Фронт». Кіраўніка Брэсцкай філіі «Маладога фронту» Міхася Ільіна завезлі ў пракуратуру, дзе папярэдзілі, што супраць яго будзе распачата крымінальная справа, калі хлопец не спыніць удзел у моладзевай арганізацыі. Напярэдадні мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Крымінальны кодэкс Беларусі быў унесены 193-ці артыкул, які прадугледжвае крымінальны пераслед за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. За гэты час па ім былі асуджаныя чатырнаццаць чалавек, пяцёра іх адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.


Міхаіл Комар

Былы генеральны дырэктар ААТ «Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат» асуджаны Гомельскім абласным судом да дзевяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Былы кіраўнік буйнейшага беларускага прадпрыемства па перапрацоўцы малака «прызнаны вінаватым у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі пры завалоданні маёмасцю, учыненым службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў арганізаванай групай, у буйным памеры» (ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса), — перадае БелаПАН. Комара таксама прызналі вінаватым у незаконным набыцці і захоўванні боепрыпасаў (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса), за што абвінавачанаму прызначаны адзін год пазбаўлення волі без канфіскацыі. Адбываць пакаранне Міхаіл Комар будзе ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з экс-дырэктара на карысць Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната больш за 8,7 мільярда рублёў.

Разам з Міхаілам Комарам у крымінальнай справе фігуруе яго сын, які таксама меў дачыненне да фінансавых махінацый. Грошы раскрадаліся шляхам заключэння фіктыўных дамоваў. Сына Міхаіла Комара, якому 29 гадоў, пасля абвяшчэння ў міжнародны вышук, затрымалі ў Іспаніі. Яго таксама чакае суд.
 

Каментаваць