Фігуры тыдня: Мікалай Пінігін, Мікалай Зайчанка, Алег Качан

Мікалай Пінігін

Мікалай Пінігін

Характар прынцыповага менеджэра праявіў новы мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін. Пакуль толькі на словах. А час пакажа, наколькі яны будуць сугучныя са справамі. «Я ніколі не буду ставіць п’есу толькі таму, што гэта беларускі тэкст ці беларускі аўтар», — заявіў Пінігін журналістам, патлумачыўшы, што п’есы будуць найперш ацэньвацца з пункту мастацкай вартасці. Радыкальных пераменаў і звальненняў мастацкі кіраўнік не паабяцаў, хаця, паводле яго слоў, у Купалаўскім ёсць некаторыя праблемы сярод акцёраў сярэдняга ўзросту. У сувязі з унутранымі рэформамі бліжэйшым часам з рэпертуару тэатра знікнуць некалькі спектакляў, шэсць-сем — з вялікай сцэны, пяць — з малой. Малую сцэну Мікалай Пінігін хоча зрабіць эксперыментальнай пляцоўкай не толькі для маладых рэжысёраў і драматургаў, але і ў цэлым тым месцам, дзе «штосьці адбываецца як творчы працэс», перадае агенцтва БелаПАН. Бліжэйшым часам гледачы змогуць убачыць некалькі прэм’ер: п’есу Франсіса Вебера «Вячэра з прыдуркам», дзе Мікалай Пінігін выступае ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка, а таксама рэканструкцыю вечара ў Нясвіжскім палацы з выкарыстаннем элементаў балета і оперы. Другі спектакль будзе пастаўлены паводле сцэнару Уршулі Радзівіл, якая жыла ў XVIII стагоддзі і пісала п’есы для палацавага тэатра ў Нясвіжы. Яго прэм’ера прызначана на 2010 год.


Мікалай Зайчанка

Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка даволі арыгінальным спосабам рэалізуе праграму імпартазамяшчэння. “Я гэта не афішую, але я забараніў жонцы купляць імпартныя прадукты, — расказаў міністр на брыфінгу ў Мінску, каментуючы асабісты ўнёсак кіраўніцтва Мінэканомікі ў абмежаванне спажывецкага імпарту.

Пры гэтым Зайчанка не лічыць, што ў перыяд крызісу трэба асабліва эканоміць. Паводле яго меркавання, для больш хуткага пераадолення крызісных з’яў неабходна больш купляць айчынных тавараў.

Акрамя ўласнага прыкладу, для стымулявання попыту на беларускія спажывецкія тавары ўрад падрыхтаваў праект адпаведнага дзяржаўнага рашэння: банкі будуць выдаваць спажывецкія крэдыты на набыццё беларускіх тавараў па палёгкавай стаўцы — 10 працэнтаў гадавых. Гэта пры тым, што апошнім часам банкі выдавалі спажывецкія крэдыты ў беларускіх рублях пад 22–23 працэнта гадавых.


Алег Качан

Галоўны фатэль у Міністэрстве спорту і турызму на гэтым тыдні заняў Алег Качан.

Новапрызначанаму міністру 41 год. Нарадзіўся ён у мястэчку Чэрвень, а жыве ў Лагойску. У 1986 годзе скончыў Смілавіцкі саўгас-тэхнікум Дзяржаграпрама БССР, у 1992 годзе — Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Але не гэтым адметная фігура чыноўніка. У свой час Алег Качан стаў самым маладым загадчыкам аддзелам, потым намеснікам старшыні Лагойскага райвыканкама, затым начальнікам Мінскага абласнога ўпраўлення спорту. Алег Качан дагэтуль быў чалавекам непублічным і ў кулуарных інтрыгах асабліва не засвяціўся. Пасля заступлення на новую пасаду міністр даў інтэрв’ю спартыўнай газеце “Прэсбол, якая была доўга ў “чорных спісах, што ўжо з’яўляецца нечаканым, але абнадзейлівым ходам. Журналісты “Прэсбола лічаць, што прызначэнне на пасаду міністра “маладога, падцягнутага, абаяльнага кіраўніка дорыць надзею на аб’ектыўныя, канструктыўныя перамены, якія вельмі патрэбныя сёння галіне.

Каментаваць