Фігуры тыдня: Мітрапаліт Філарэт, Алесь Бяляцкі , Наталля Пяткевіч

Мітрапаліт Філарэт

Мітрапаліт Філарэт

Мітрапаліт Філарэт падчас сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам 27 сакавіка прапанаваў увесці рэгуляванне інтэрнэту на ўзор кітайскага досведу. Паводле кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, «інтэрнэт — дзверы, адчыненыя ў свет, ён мае магутны ўплыў, які фармуе характар і каштоўнасці. Аднак не ўсё, што знаходзіцца на тым баку гэтых дзвярэй, бяспечна, карысна і праўдзіва. Асноўная пагроза тут складаецца ў тым, што ўсякага кшталту амаральная інфармацыя зараз стала лёгка даступнай для самым уразлівых пластоў насельніцтва — дзяцей і падлеткаў. Падрастаючае пакаленне мае несфармаваную, няўстойлівую псіхіку, часта ў падлеткаў адсутнічае пачуццё самакантролю. Таму менавіта для іх і для іх будучыні віртуальны хаос аказваецца «пагібельней за ўсё». Каб пазбегнуць вышэй названых праблем, Філарэт заклікаў рэгуляваць інтэрнэт на заканадаўчым узроўні. Найлепш на ўзор Кітаю. Пачаць трэба з «брудных» рэсурсаў. Аднак ёсць верагоднасць, што ўслед за блакаваннем сайтаў парнаграфічнага характару паступяць прапановы абмежаваць доступ і да іншых, якія няправільна, з гледзішча дзяржаўнай ідэалогіі, фармуюць «няўстойлівую псіхіку» падлеткаў. А пасля і ўвогуле інтэрнэт можна «адсячы» — ад граху падалей, і свабоды слова таксама.

Алесь Бяляцкі

Адзін з найбольш вядомых праваабаронцаў Беларусі Алесь Бяляцкі ў трэці раз спрабуе зарэгістраваць праваабарончую арганізацыю «Наша Вясна». На ўстаноўчым сходзе арганізацыі Бяляцкі быў у чарговы раз абраны яе кіраўніком. Але, відаць, ён зняверыўся ў магчымасці ўвайсці ў прававое поле краіны і заявіў, што гэта будзе «трэцяя і апошняя спроба». Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі «Вясне», якая з’яўляецца сябрам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, двойчы — у 2007 годзе і ў лютым 2009-га. «На маю думку, зараз, калі сучасныя тэхналогіі дазваляюць імгненна распаўсюджваць нейкія факты, калі падзея жыве тады, калі яна выкладзена ў інфармацыі, калі ёсць кампутары, інтэрнэт, мабільная сувязь, і калі ёсць магчымасць прадстаўляць інфармацыю ў розныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі, не існуе праблемы кантактавання праваабаронцаў паміж сабой, з грамадскай супольнасцю, канкрэтна з людзьмі, — патлумачыў рашэнне Алесь Бяляцкі. — Кожны праваабаронца можа індывідуальна працаваць, што фактычна ў апошні час намі і рабілася. Таксама мы маглі як праваабаронцы супольна дабівацца выканання нейкіх мэтаў. У любым выпадку, праваабарончая дзейнасць у тых накірунках, у якіх мы працавалі раней, будзе працягвацца». Інтэрнэт — сябра і памочнік для праваабаронца. Праўда, калі ініцыятывы па рэгуляванню сеціва не пашырацца ў тэорыі і на практыцы.

Наталля Пяткевіч


Фактычна адзіная жанчына з праўладных і публічных палітыкаў выйшла замуж. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч у другі раз пабралася шлюбам. Абраннікам «жалезнай лэдзі» з Адміністрацыі стаў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка. Інтэрнэт-газета «Салідарнасць» паведаміла, што цырымонія адбылася ў Мінскім гарадскім доме шлюбаў 27 сакавіка. Мартыненка з’яўляецца намеснікам кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Праз некалькі дзён пара з’явілася на афіцыйна-ўрачыстым мерапрыемстве — уручэнні прэміі «Тэлевяршыня». Былы муж Наталлі Пяткевіч Уладзіслаў Пяткевіч узначальвае «Нацыянальныя спартовыя латарэі».

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Каментаваць