Фігуры тыдня: Сяргей Скрабец . Уладзімір Канаплёў. Максім Дашук

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

Адным кандыдатам у кандыдаты стала болей. Сяргея Скрабца, старшыню аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Свабода», яго аднадумцы абралі для ўдзелу ў выбарах адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад праеўрапейскіх сіл, якія пройдуць на Кангрэсе за еўрапейскія каштоўнасці 21 чэрвеня ў Мінску. Акрамя таго, была прынятая Стратэгія Еўрапейскай кааліцыі. Правядзенне ўстаноўчага з’езда партыі СДП «Свабода» запланавана на верасень. Гэтай вясной былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец заявіў пра свой выхад з Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч, і пра намер стварыць новую партыю. Падставай для такой дзейнасці з’яўляецца тое, што Скрабец і група яго прыхільнікаў не змагла знайсці агульную мову з партыйным кіраўніком, іх не задавольвала “асцярожная і пасіўная пазіцыя кіраўніцтва партыі па парламенцкіх выбарах, па будучых прэзідэнцкіх выбарах, па міжнароднай рабоце.


Уладзімір Канаплёў

Рэзкая крытыка (што ў беларускім спорце з’ява нячастая) на адрас беларускіх гандбалістаў прагучала з боку старшыні беларускай федэрацыі гэтага віду спорту Уладзіміра Канаплёва. Паводле яго слоў, цяперашні склад мужчынскай зборнай Беларусі па гандболу не дазваляе “выходзіць спакойна ў фінал чэмпіянату свету або выконваць тыя задачы, што пастаўленыя дзяржавай нам як федэрацыі па ўдзеле ў Алімпійскіх гульнях 2012 года.

“У нас няма ігракоў, якія б з 11–12 метраў забівалі. У нас брамнікі прапускаюць мячы з 10 метраў. У нас сяміметровыя стала не забіваюцца, і на гэтым мы шмат страчваем. А чыя гэта праца? Гэта праца трэнераў, пачынаючы з юнацкай зборнай, школьнікаў і да нацыянальнай зборнай. Не забіваюць — пастаў, няхай суткамі кідаюць, каб забівалі, — цытуе прапановы Канаплёва БелаПАН. Старшыня БФГ заклікаў не адмаўляцца ад лепшага, што было ў Савецкім Саюзе, “калі мы з вамі станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі не за грошы, а найперш за патрыятызм да радзімы, і фізічная падрыхтоўка гандбалістаў была лепшай... Поўзаеце, як блохі, па пляцоўцы... Агульная бяда ўсіх трэнераў як мужчынскіх камандаў, так і жаночых — гэта дрэнная псіхалагічная падрыхтоўка, — заявіў кіраўнік федэрацыі. Разам з тым эксперты адзначаюць, што праблема найперш у растрачаным патэнцыяле беларускай гандбольнай школы. У 1980-я беларускі гандбол быў наймацнейшы ў свеце. Але пасля развалу Савецкага Саюзу ён пачаў дэградаваць з-за адсутнасці дзяржаўнай падтрымкі. Лепшыя ігракі з’ехалі за мяжу, маладую змену амаль не рыхтавалі. Зборная Беларусі 12 гадоў — з 1995 па 2007 год — не магла трапіць на чэмпіянаты Еўропы ці свету.

Цяпер у 5-й адборачнай групе Чэмпіянату Еўропы–2010 Беларусь пасля шасці гульняў займае трэцяе месца з 8 ачкамі і разам са славенцамі працягвае прэтэндаваць на другую пуцёўку ў фінальную частку.


Максім Дашук

Непаўналетні Максім Дашук, удзельнік акцый пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 года, атрымаў адзін год і тры месяцы абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуру, так званай «хатняй хіміі». Новае пакаранне Максім атрымаў за парушэнне парадку адбыцця абмежавання волі. У маі мінулага года Максім Дашук і яшчэ 13 чалавек былі пакараныя за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Сёлета міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International прызнала фігурантаў «Працэсу чатырнаццаці» вязнямі сумлення.

На мінулым тыдні быў амніставаны адзін з удзельнікаў гэтай справы — Міхаіл Пашкевіч. Таксама была змененая мера адбыцця пакарання Алесю Стральцову і Алесю Чарнышову на папраўчыя працы. Вядома, што цяпер рыхтуюцца дакументы ў суд з рэкамендацыяй амніставаць Міхаіла Суба і Паўла Вінаградава. Разам з тым пагрозу новых пакаранняў за парушэнне парадку адбыцця абмежавання волі маюць Таццяна Цішкевіч, якая з’ехала вучыцца ў Польшчу, і Арцём Дубскі.

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Каментаваць