Фігуры тыдня: Уладзімір Макей. Ірына Халіп. Лідзія Ярмошына

Уладзімір Макей

Уладзімір Макей

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей выявіўся не толькі спрытным палітыкам і майстрам кулуарных гульняў, але і настаўнікам чынавенскага апарату. На пасяджэнні калегіі «Аб выніках праверкі працы кіруючых кадраў у дзяржорганах і іншых арганізацыях і мерах па яе ўдасканаленню» спадар Макей адзначыў, што ў сістэме дзяржаўных органаў і арганізацый Беларусі павінны быць у поўнай меры рэалізаваныя патрабаванні прэзідэнта па вылучэнні энергічных кіраўнікоў, якія могуць генераваць новыя ідэі, дзейнічаць не шаблонна, а творча і адказна. Як сапраўдны педагог, чыноўнік не толькі раскрыў перспектывы сваім калегам, але і пажурыў іх для прафілактыкі: «Разам са станоўчымі  прыкладамі рэалізацыі патрабаванняў кіраўніка дзяржавы амаль паўсюдна выяўленыя факты фармалізму, пратэкцыянізму, сямейнасці, ігнаравання нарматыўна-прававой базы або неадэкватнага яе ўжывання асобнымі кіраўнікамі і дзяржорганамі». Чыноўнікам, якія хочуць зрабіць кар’еру, варта было б прыслухацца да слоў Макея. Глядзіш, найлепшыя  вучні і ў каманду да яго патрапяць.


Ірына Халіп

Беларуская журналістка Ірына Халіп атрымала прэстыжную ўзнагароду Міжнароднага фонду жанчын у СМІ ў намінацыі «За мужнасць у журналістыцы». Таксама ўзнагароду заваявалі радыёрэпарцёр з Камеруна Агнес Тайе і журналістка з Ірана Джыле Баньягуб.

«Гэтыя надзвычай добрыя журналісткі зрабілі выбар на карысць асвятлення навін у трох краінах, дзе пошук праўды ставіць іх пад пагрозу арышту, фізічнай расправы і нават гібелі, — заявіла старшыня камітэта фонду па прысуджэнні ўзнагарод «За мужнасць у журналістыцы» Джудзі Вудраф. — Нягледзячы на гэта яны няспынна, на працягу многіх гадоў рызыкуюць сваім жыццём і сродкамі да існавання, раскрываючы гісторыі, якія праліваюць святло на жыццё суайчыннікаў і інфармуюць нас усіх».

IWMF паведамляе, што І. Халіп ужо больш за 15 гадоў працуе журналістам у Беларусі, «краіне, дзе становішча журналістаў — адно з самых цяжкіх у свеце». «Яна працавала ў шэрагу газет, якія адна за адной былі закрыты ўрадам. Зараз Ірына працуе ў «Новой газете», адной з самых незалежных газет у краінах былога Савецкага Саюза, дзе таксама працавала Ганна Паліткоўская, якая атрымала ў 2002 годзе ўзнагароду «За мужнасць» і была забіта ў 2006 годзе. Ірына Халіп працуе журналістам і рэдактарам Мінскага бюро расійскай «Новай газеты». Да гэтага журналістка працавала ў шэрагу выданняў Беларусі,  некаторыя з іх былі закрытыя ўладамі. Ірыну Халіп у Беларусі неаднаразова арыштоўвалі і збівалі міліцыянты.


Лідзія Ярмошына

Гарантам стабільнасці Беларусі на гэтым тыдні з’яўляецца старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У інтэрв’ю Інтэрфаксу яна заявіла: прапановы па змяненні выбарчага заканадаўства, падрыхтаваныя Цэнтрвыбаркамам разам з экспертамі АБСЕ, не прадугледжваюць кардынальнага перагляду выбарчай сістэмы. «Цягам абмеркавання рэкамендацый, якія вылучыла АБСЕ па выніках мінулых парламенцкі выбараў, экспертамі быў падрыхтаваны кампрамісны варыянт прапановаў па змяненні выбарчага заканадаўства. Падрыхтаваны менавіта прапановы, а не законапраект. Там увогуле няма якіх-небудзь новаўвядзенняў, што мянялі б выбарчую сістэму Беларусі», — адзначыла кіраўніца ЦВК. Паводле яе слоў, прапановы перш за ўсё тычацца правядзення перадвыбарчай агітацыі і фінансавання. Цяпер яны накіраваныя на разгляд міністэрстваў і ведамстваў Беларусі для выпрацоўкі адзінай пазіцыі. На іх аснове можа быць падрыхтаваны законапраект, калі будзе атрымана даручэнне суб’екта заканадаўчай ініцыятывы. «Такога даручэння пакуль няма», — заявіла Ярмошына. Адным словам, на бліжэйшых выбарах беларусы могуць спаць спакойна: нечаканасцяў, што як снег на галаву валяцца электарату іншых краінаў, у нас не прадбачыцца. Ні працэдурных, ні выніковых.

Каментаваць