Фігуры тыдня: Васіль Быкаў. Алесь Пушкін. Уладзімір Макей

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Сёлета 19 чэрвеня Народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Уладзіміравічу Быкаву споўнілася б 85 гадоў. А 22 чэрвеня 2003 года, у дзень пачатку Айчыннай вайны, пра якую Быкаў пісаў усё жыццё, творца сышоў у іншы свет. Найбольш вядомыя творы — аповесці “Знак бяды, “Трэцяя ракета, “Дажыць да світання, “Альпійская балада, “Мёртвым не баліць, “Сотнікаў — паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выбітнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагоддзя.

Мерапрыемствы па ўшанаванню памяці пісьменніка прайшлі па ўсёй Беларусі. Але найбольш знакавай падзеяй, відаць, з’яўляецца выхад у свет двухтомніка «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця» аўтарства журналіста Сяргея Шапрана. У кнізе сабраныя ўспаміны пра Васіля Быкава такіх асобаў, як Міхаіл Гарбачоў, Чынгіз Айтматаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч ды іншых. Апублікаваныя лісты з прыватнай перапіскі пісьменніка са сваімі сябрамі, франтавая перапіска, розныя дакументы, архіўныя матэрыялы.

 
Алесь Пушкін

Мастак Алесь Пушкін стаў лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі імя Васіля Быкава. Уручэнне прэміі, якую заснаваў рух “За свабоду, адбылося ў Дзень нараджэння пісьменніка 19 чэрвеня ў яго роднай вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.

Прэміяй уганароўваюцца асобы, які плённа працуюць на ніве беларушчыны, зрабілі значны ўнёсак у развіццё нацыянальнай думкі.

Алесь Пушкін вядомы як аўтар маніфеста соцарта, арганізатар перфомансаў. За найбольш вядомы з іх — «Гной для прэзiдэнта»,  — калі мастак перавярнуў каляску з гноем перад адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнки, быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Удзельнік мноства мастацкіх выстаў, Алесь Пушкін займаўся роспісам будынкаў, кніжнай графікай.

Летась прэмію “За свабоду думкі атрымалі пісьменнікі Рыгор Барадулін і Уладзімір Арлоў, а таксама палітык і пісьменнік Павел Севярынец.


Уладзімір Макей

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей заявіў пра гатоўнасць да палітычнага абмену: мараторый на смяротную кару ўзамен на вяртанне Беларусі статусу адмыслова запрошанага ў Парламенцкую асамблею Савета Еўропы.

“Мяркую, не варта разглядаць ужыванне ў беларускім заканадаўстве смяротнай кары як штосьці застылае, — адзначыў Уладзімір Макей на выязным пасяджэнні Грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта, якое прайшло ў жодзінскай турме. — Грамадства, дзяржава, заканадаўчыя сістэмы — усё гэта развіваецца, і, адпаведна, змяняюцца адносіны да дадзенай праблемы. Уладзімір Макей адзначыў важнасць гэтага пытання ў кантэксце перспектыў уступлення Беларусі ў Савет Еўропы. Па словах кіраўніка “Чырвонага дома, калі Беларусі будзе вернуты статут адмыслова запрошанага ў ПАСЕ, то пытанне пра мараторый неабходна будзе вырашаць у бліжэйшай будучыні. “Адпаведная працоўная група будзе створаная ў беларускім парламенце, і парламент выкажа сваё меркаванне па гэтым пытанні. Пытанне гэтае вельмі далікатнае, — зазначыў Макей.

Дарэчы, па словах кіраўніка офіса АБСЕ ў Мінску Ханса-Йохана Шмідта, Еўракамісія гатовая прафінансаваць інфармацыйную кампанію ў падтрымку адмены смяротнай кары.

Летась у Беларусі былі прыведзеныя ў выкананне чатыры прысуды да смяротнай кары. Агульную статыстыку па смяротнай кары ўлады не агучваюць.

Каментаваць