Фігуры тыдня: Вячаслаў Сіўчык. Алесь Камоцкі. Бернард Штанге

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

Грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык узначаліў аргкамітэт руху салідарнасці «Разам». У арганізацыйным пасяджэнні новастворанага руху прынялі ўдзел 57 дэлегатаў з Мінска і рэгіёнаў. Сваю дзейнасць рух збіраецца накіраваць на падтрымку беларускіх прадпрымальнікаў і «супрацьстаянне этнацыду беларусаў». Таксама рух салідарнасці «Разам» прыме ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскага выбару, які адбудзецца 21 чэрвеня 2009 года ў Мінску. Заснавальнікі руху аднагалосна вырашылі зарэгістраваць арганізацыю ў любой краіне, «дзе дзейнічае права і паважаюцца правы чалавека». Зыходзячы з кантэксту рашэння, арганізатары не будуць спрабаваць зарэгістраваць рух у Беларусі. Намеснікамі Вячаслава Сіўчыка абраныя прадпрымальніцкі лідэр Аляксандр Макаеў і грамадскі дзеяч Аляксандр Мазур.


Алесь Камоцкі

Бард Алесь Камоцкі адзначыў свой 51-ы дзень народзінаў канцэртнай прэзентацыяй новага альбому «З бацькоўскай кружэлкі». Альбом складаецца з папулярных за савецкім часам песень, ператвораных і выкананых па-беларуску Алесем і яго музыкамі. Упершыню прыхільнікі спевака змаглі пачуць па-беларуску такія хіты, як «Старый клён», «Утомлённое солнце», «Одинокая гармонь», а таксама народныя песні «Чёрный ворон» і «Шумел камыш». У дадатак да музычнага дыску альбом утрымлівае асобны дыск з беларускамоўным відэа-караоке да ўсіх песень. «За апошні час мне стала падабацца граць з музыкамі! — заўважае бард. — Я ўсё жыццё рабіў усё самастойна, але зараз — зусім іншая справа! Хачу таксама сказаць, што на шостым дзесятку я адчуваю, што жыццё толькі пачынаецца. Ніякага рубяжа ці раптоўнай мяжы… Вось памятаеце, як раней казалі: «Да майскіх мы паспеем гэта, а да акцябрскіх — гэта. І ўсё, мы перамаглі, мы паспелі да майскіх… скасіць капусту»? Дык гэта ўсё ўмоўнасці! Вось і дзесяткі — таксама ўмоўнасці. Галоўнае тое, як ты сябе адчуваеш!» На святочным канцэрце народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, віншуючы Камоцкага, заўважыў, што ў Алеся саамы актуальны ўзрост для жаніцьбы. На гэта бард адказаў наступнае: «Як знайду што талковае, то ажанюся, а пакуль — не».


Бернард Штанге

Пад кіраўніцтвам трэнера Бернарда Штанге зборная Беларусі па футболе атрымала трэцюю перамогу ў адборачным турніры Чэмпіянату свету–2010. Падапечныя Штанге выйгралі ў каманды Андоры з лікам 5:1. «Вельмі цяжка было гуляць супраць каманды, якая толькі абараняецца, — адзначыў галоўны трэнер зборнай Беларусі на прэс-канферэнцыі пасля матчу. — Я сказаў футбалістам быць гатовымі да цярплівай гульні, дзейнічаць спакойна і чакаць, пакуль Андора зламаецца. Гэта адбылося, і хуткі гол на другой хвіліне нам дапамог». Штанге адзначыў, што па матчы з Андорай нельга меркаваць пра цяперашняюю сілу. «Мы проста выканалі свой абавязак, перамогшы Андору. Наша мэта — выйграць хатнія матчы з Харватыяй, Украінай і Казахстанам, і тады сітуацыя ў групе можа быць цікавай. Мне шкада, што нам патрапілася моцная група. Калі б пры лёсаванні былі большыя поспехі, у нас было б больш шанцаў у барацьбе за выхад на Чэмпіянат свету», — лічыць галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе. Цяпер Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў сваёй адборачнай групе ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету. Пад кіраўніцтвам Штанге Беларусь выйграла ў Казахстана — 3:1, Андоры — 5:1, прайграла англічанам і ўкраінцам. Наступную сустрэчу адборачнага цыкла да Чэмпіяната свету 2010 года нашы футбалісты згуляюць 12 жніўня ў Мінску супраць харватаў. Для Штанге матч з Андорай быў соты па ліку. Ён трэніраваў зборныя ГДР, Аману, Іраку і Беларусі. Пад кіраўніцтвам Бернарда Штанге зборная Беларусі займала самы высокі рэйтынг ФІФА — 57-е месца

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Каментаваць