Фінляндыя, Беларусь і Еўрапейскі Саюз

6 снежня Фінляндыя адзначае 93-я ўгодкі незалежнасці. Мы ганарымся сваёй паўночнай дзяржавай, якая ў 1917 годзе ў адгалоссі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі здабыла незалежнасць, змагалася за яе ў гады другой сусветнай вайны і развілася з беднай сельскагаспадарчай краіны ў адну з найбольш заможных краінаў свету. Сёння мы шануем памяць тых, хто загінуў у войнах, і выказваем падзяку тым ветэранам, якія яшчэ жывуць.

6 снежня Фінляндыя адзначае 93-я ўгодкі незалежнасці. Мы ганарымся сваёй паўночнай дзяржавай, якая ў 1917 годзе ў адгалоссі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі здабыла незалежнасць, змагалася за яе ў гады другой сусветнай вайны і развілася з беднай сельскагаспадарчай краіны ў адну з найбольш заможных краінаў свету. Сёння мы шануем памяць тых, хто загінуў у войнах, і выказваем падзяку тым ветэранам, якія яшчэ жывуць.

Гісторыя Фінляндыі і Беларусі мае цікавыя паралелі. Нашы краіны ў мінулым уваходзілі ў склад магутных дзяржаваў: Беларусь — у склад Вялікага Княства Літоўскага, а Фінляндыя — у склад Швецыі на працягу амаль 700 гадоў. Па меры паслаблення гэтых заходніх дзяржаваў нашы краіны патрапілі пад уплыў магутнай дзяржавы, якая зараджалася на ўсходзе, г. зн. Расіі: у 1795 годзе — Беларусь, а ў 1809 годзе — Фінляндыя. Падчас рэвалюцыйных падзеяў у Расіі ў 1917-1918 гадах абедзве краіны дамагаліся незалежнасці. Фінляндыя дасягнула незалежнасці ў 1917 годзе і здолела яе захаваць. Лёс Беларусі складаўся па-іншаму, пакуль распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе не змяніў сусветны парадак.

Беларусь — еўрапейская дзяржава, якая мае права на еўрапейскую будучыню. Беларусь — частка Еўропы, як дзякуючы свайму геаграфічнаму палажэнню, сваёй гісторыі і культуры, так і (што яшчэ больш важна) таксама дзякуючы сваёй асабістай волі. Спадзяемся, што Беларусь будзе эфектыўна праводзіць рэформы для забеспячэння больш шчыльнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Прыклад Фінляндыі мог бы служыць свайго кшталту арыенцірам, бо інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла паступова і стала часткай доўгатэрміновага працэсу.

Прамежак паміж удзелам Фінляндыі ў ГПТГ (Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі — анг. GATT) і ўдзелам у Еўрапейскім Саюзе склаў 39 гадоў. У 1956 годзе Фінляндыя зрабілася сябрам ГПТГ, арганізацыі-папярэдніцы Сусветнай гандлёвай арганізацыі (анг. WTO). Інтэграцыя Фінляндыі ў Еўропу пачалася ў 1961 годзе, калі Фінляндыя зрабілася асацыяваным сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (анг. EFTA). У 1972 годзе было падпісана пагадненне аб свабодным гандлі з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (анг. EEC) і адначасова з ім пагадненне аб супрацоўніцтве з Саветам эканамічнай узаемадапамогі (анг. CMEA). У 1986 годзе Фінляндыя зрабілася паўнавартасным сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю. У 1992 годзе Фінляндыя падала сваю заяву на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе, і ў 1995 годзе ўвайшла ў склад ЕС.

Інтэграцыйны шлях Фінляндыі быў доўгім і часам складаным у сувязі з тым, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза стаўленне да вольнага гандлю ў межах ЕЭС было негатыўным. Фінляндыя здолела дзякуючы свабоднаму гандлю і інтэграцыі мадэрнізаваць сваю эканоміку і выйсці шырокім фронтам на еўрапейскія рынкі. З прычыны працяглага падрыхтоўчага перыяду сам працэс атрымання статусу сябра ў ЕС у 1990-я гады прайшоў хутка і адносна бязбольна. Тут можна адзначыць, што інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла з адначасовым захаваннем добрых стасункаў з Савецкім Саюзам, а потым — з Расіяй. Гандаль з усходнім суседам заўсёды быў надзвычай істотным для Фінляндыі. Расія і сёння з'яўляецца буйнейшым гандлёвым партнёрам Фінляндыі.

На падставе фінскага досведу магу з перакананасцю рэкамендаваць Беларусі сур'ёзна абмеркаваць прапановы Еўрапейскага Саюза, максімальна выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасці, здзяйсняючы рэформы хуткімі тэмпамі і выконваючы неабходныя патрабаванні. Гэта магло б шматкроць павялічыць аб'ёмы гандлю і інвестыцый паміж Беларуссю і краінамі ЕС.

Фінляндыя выступае прыхільніцай вольнага перамяшчэння грамадзян і спадзяецца, што Беларусь можа рухацца ў бок увядзення бязвізавага рэжыму. Вольнае перамяшчэнне людзей уваходзіць у лік базавых прынцыпаў Еўрапейскага Саюза.

У межах Еўрапейскага Саюза Фінляндыя актыўна падтрымлівае праграму Усходняга партнёрства. Мы жадаем зрабіць свой унёсак у працэс, які спрыяе збліжэнню Украіны, Малдовы і Беларусі, а таксама Арменіі, Азербайджана і Грузіі з Еўрапейскім Саюзам. Фінляндыя прытрымліваецца таго пункту гледжання, што Еўрапейскі Саюз мусіць надалей даваць больш адчувальную падтрымку рэформам краінаў-партнёрак. Рэформы адпавядаюць інтарэсам як вышэй азначаных краінаў, такі і краінаў Еўрапейскага Саюза. Мы падтрымліваем бягучыя перамовы аб заключэнні пагадненняў аб асацыяцыі. Лічым, што бязвізавы рэжым з'яўляецца мэтай доўгатэрміновай перспектывы ў дачыненні кожнай з шасці краінпартнёрак.

На падставе сваёй уласнай гісторыі мы, фіны, непарушна верым у прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і грамадзянскай супольнасці. Мы высока ацэньваем грамадскую ролю няўрадавых арганізацый і СМІ. Мы спадзяемся, што няўрадавыя арганізацыі будуць шырока далучаныя да сферы дзейнасці «Усходняга партнёрства».

Гэтымі словамі я хацеў бы заахвоціць Беларусь да далейшых рэформаў. Беларусь мае ўсе падставы, каб ганарыцца сваімі дасягненнямі. Беларусы, якія прайшлі праз цяжкую гісторыю, зарабілі свае дасягненні, на фундаменце якіх краіна можа будаваць стабільную еўрапейскую будучыню. Мы, фіны, жадаем і надалей заставацца сябрамі Беларусі як у межах Еўрапейскага Саюза, так і праз нашы прамыя кантакты.
 

Аляксандр СТУБ, міністр замежных спраў Фінляндыі

Каментаваць