Файлы з дэкрэтам аб лічбавай эканоміцы створаныя ў пірацкім Microsoft Office?

25 снежня тэкст дэкрэта №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» апублікаваны на сайце прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. Увагу адразу прыцягнула тое, што пяць файлаў (уласна тэкст дэкрэта і чатыры дадаткі) запакаваныя архіватарам WinRAR.

Скрыншот з сайта president.gov.by

Самі файлы пры гэтым створаныя ў састарэлым фармаце .doc. Не тое, што не .pdf, а нават не .docx.

Цяпер на тым жа месцы ўжо знаходзіцца новы файл — гэта архіў Dekret-8.zip з пяццю дакументамі ў фармаце .pdf. Але па стане на 13:30 27 снежня па наступнай спасылцы:

http://president.gov.by/uploads/archives/Decret-8.rar

— яшчэ даступны стары .rar-файл, які, падобна, пакуль што папросту забылі выдаліць з сайта прэс-службы.

Самае цікавае пачынаецца, калі паглядзець ва ўласцівасці .doc-файлаў з тэкстам дэкрэта, паведамляе "Еўрарадыё".

Па-першае, там можна даведацца прозвішчы людзей, якія працавалі над дакументамі: КараваеўСіткевічТкач.

Па-другое, бачная дата стварэння файлаў і колькасць рэдагаванняў. Напрыклад, файл з асноўным тэкстам (“декрет8.doc”) створаны 11 снежня і адрэдагаваны 48 разоў.

Па-трэцяе, поле “Арганізацыя” па-рознаму запоўненае для ўсіх пяці файлаў, якія змяшчаюцца ў архіве. Для файлаў “декрет8.doc” і “прил.2.doc” гэта “Администрация Президента РБ“, для файла “прил.1.doc” гэта “HOME”, для файла “прил.3.doc” — “SPecialiST RePack”, “прил.4.doc” — “cm”.

Нейкіх канкрэтных высноваў па арганізацыях “HOME” і “cm” зрабіць немагчыма, а вось “SPecialiST RePack” — гэта адна з самых папулярных “пірацкіх” зборак Microsoft Office, якая атрымала шырокае распаўсюджанне праз торэнты.

Пракаментаваць гэтую сітуацыю Еўрарадыё папрасіла карпарацыю Microsoft. Пакуль што мы чакаем адказу. Але крыху раней, разбіраючыся ў выпадку выкарыстання “пірацкага” софту ў адной з беларускіх кампаній, мы ўжо атрымлівалі афіцыйны каментарый з падобнай нагоды ад афіцыйнага прадстаўніка амерыканскай карпарацыі Алены Мухсінавай.

Лічым магчымым размясціць яго тут:

“На жаль, я не магу пракаментаваць чуткі. Аднак, карыстаючыся выпадкам, хацела б звярнуць вашу ўвагу на тое, што ў 96% выпадкаў кантрафактнае праграмнае забеспячэнне з'яўляецца адкрытымі дзвярыма для кіберзлачынцаў, пра што кажуць і маштабныя кібератакі, што пачасціліся ў апошні час. Напрыклад, самая папулярная “пірацкая” Windows (ZverCD) змяшчае 63 варыянты бэкдораў, траянаў і іншых убудаваных зламыснікамі хібаў. Такім чынам, выкарыстанне неліцэнзійнага ПЗ з'яўляецца прамой пагрозай бяспекі прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці.

Дарэчы, праграмнае забеспячэнне з'яўляецца аб’ектам аўтарскага права. За парушэнне аўтарскіх правоў у Беларусі прадугледжаная адміністрацыйная (арт. 9.21 КаАП), крымінальная (арт. 201 КК) і грамадзянска-прававая (арт. 989 ГК) адказнасць“.

euroradio.fm



Абмеркаванне:

  • Стары Літвін
  • 2017-12-27 15:06:31
Ах-ха-ха. Вось цяпер пабачым, як МУС шчэмане Адміністрацыю, як нядаўна праверылі кампутары у адной беларускай фірмы і далі спагнанне за пірацкае ПЗ.

Каментаваць