Факты сведчаць: улады бароняць не Курапаты, а інтарэсы бізнесоўцаў

Улады не выключаюць далейшага скарачэння ахоўнай зоны Курапатаў. На такое меркаванне наводзіць адказ Міністэрства культуры на адкрыты ліст да грамадскасці і ўладаў Беларусі наконт вяртання Курапатам ахоўнай зоны шырынёй у 300 метраў.



Нагадаем, што гэты адкрыты ліст ад 24 чэрвеня, ініцыяваны сябрамі аргкамітэту і журы грамадскага творчага конкурсу “Курапаты — народны мемарыял”, падпісалі 15 чалавек. Сярод іх — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, праваабаронца Тамара Сяргей, археолаг Валянціна Вяргей, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка, пісьменнік Уладзімер Арлоў, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава і Алесь Шатэрнік, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, старшыня сталічнай Савецкай раённай арганізацыі ТБМ Аляксей Галіч, грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка і грамадскі актывіст Алесь Макаў.    

У лісце, між іншым зазначаецца, што з 2003 па 2014 гады шырыня ахоўнай зоны Курапатаў звузілася з 300 да 50 метраў.

Падпісанты лісту нагадваюць, што ў межах ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты, законам забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, апроч будаўніцтва аб'ектаў на патрэбы самой каштоўнасці.

Нягледзячы на гэта, адбываюцца спробы і надалей звузіць ахоўную зону Курапатаў, дзе ляжаць парэшткі бязвінных ахвяраў сталінізму, расстраляных НКВД у 1930–1940-я гады.

Так, грамадскасці стала вядома, што нядаўна ўнітарнае прадпрыемства “Праектны інстытут Белгіпразем” звярнулася ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з просьбай атрымаць дазвол на адвядзенне зямель для ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў гаспадарча-бытавой каналізацыі для аб’екту “Будаўніцтва лагістычнага цэнтру з пад’язной дарогай да яго, а таксама са складскімі, адміністрацыйнымі і сервіснымі памяшканнямі” каля вёскі Дроздава Мінскага раёна.

Міністэрства культуры патлумачыла заяўніку, што станоўчае заключэнне аб адвядзенні зямель можа быць падрыхтавана пасля ўнясення адпаведнай змены ў дзеючы праект зонаў аховы Курапатаў з улікам “навукова-метадычнага абгрунтавання” гэтай змены.

Такім чынам, Міністэрства культуры дапускае магчымасць далейшага  звужэння ахоўнай зоны каштоўнасці праз “навукова-метадычнае абгрунтаванне” чарговых зменаў у праекце зонаў аховы.  

Аднак здаровы сэнс падказвае, што навуковымі метадамі можна абгрунтаваць толькі адзін памер шырыні ахоўнай зоны Курапатаў. І гэта было зроблена ў 2003 годзе архітэктарамі Таццянай Косьціч і Вольгай Кукуняй са сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя”, якія ўпершыню вызначылі аптымальную шырыню ахоўнай зоны каштоўнасці ў 300 метраў і "навукова абгрунтавалі праект, зыходзячы з сусветнага досведу ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню, як Курапаты". Такімі словамі 20 мая 2003 года ацаніў працу архітэктараў на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прадстаўнік гэтага міністэрства Ігар Чарняўскі. Праект быў аднагалосна ўхвалены Радай.
Таму меншая за 300 метраў шырыня ахоўнай зоны каштоўнасці вызначаецца ўжо не навуковымі метадамі, а жаданнямі чыноўніцтва і інвестараў.

Прадстаўнікі грамадскасці патрабавалі ад дзяржавы аднавіць і зацвердзіць гістарычна абгрунтаваны і адпаведны беларускаму заканадаўству Праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў ад 20 мая 2003 года.

Падчас падпісання адкрытага лісту падкрэслівалася, што з увагі на асобную ролю Курапатаў як нацыянальнага некропалю ён павінен мець і годную ахоўную зону, што засведчыць знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі Беларусі і краінаў Еўропы.

У адказе ад 15 ліпеня з Міністэрства культуры апошняе звужэнне шырыні ахоўнай зоны Курапатаў, што адбылося напрыканцы 2014 года, між іншым, матывуецца “зменамі горадабудаўнічай і прыродна-ландшафтнай сітуацыі, асаблівасцямі развіцця тэрыторыі, вынікамі праведзенага ландшафтнага аналізу, наяўнасцю інжынернай інфраструктуры, прапановай па арганізацыі зоны адміністрацыйна-гаспадарчага абслугоўвання помніка гісторыі і ўсталяванню элементаў ушанавання памяці ахвяраў рэпрэсій”.  

Насамрэч, больш празаічнымі прычынамі было выклікана звужэнне ахоўнай зоны Курапатаў, у тым ліку незаконнай і самавольнай забудовай 1,1 га яе тэрыторыі рэстаранна-забаўляльным комплексам з былой назвай “Бульбаш-хол”, што амаль чатыры гады таму з захаду ад помніка здзейсніла СТАА “БелРэстІнвест”.  
 
Зараз, як бачна вышэй, Міністэрства культуры не выключае новае звужэнне ахоўнай зоны Курапатаў па заяўцы УП “Праектны інстытут Белгіпразем”.

Аднак архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня свой навукова і метадычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў матывавалі, у першую чаргу, неабходнасцю максімальнага захавання ад антрапагеннага ўціску сістэмы гістарычнай планіроўкі з былымі дарогамі, ландшафтам і краявіднымі кропкамі, што фарміруюць старадаўняе асяроддзе і атачэнне гістарычна-культурнай каштоўнасці.

На жаль, на сёння ў Беларусі памеры ахоўнай зоны Курапатаў вызначаюць не гэтыя крытэры і сумленныя архітэктары, а чыноўнікі і інвестары — забудоўнікі тэрыторыі вакол урочышча, якія і выступаюць заказчыкамі праектаў зонаў аховы гэтага ўнікальнага помніка трагедыі беларускага народа. Прычым гэтыя праекты потым зацвярджаюцца адпаведнымі пастановамі Міністэрства культуры.

Дарэчы, “навуковыя” метады, якімі кіруюцца ў Міністэрстве культуры для абгрунтавання звужэння ахоўнай зоны Курапатаў, часам змяняюцца ў залежнасці ад патрэбаў заказчыкаў. І гэта робіцца нягледзячы на тое, што з кожнай новай саступкай Міністэрства культуры заказчыкам атрапагенны ўціск на помнік павялічваецца. З прыведзеных фактаў можна зрабіць сумную выснову, што Міністэрства культуры, на жаль, не бароніць Курапаты, а лабіруе інтарэсы бізнесоўцаў.

Апроч таго, апошнім часам узмацнілася міжнародная ўвага да Курапатаў, асабліва з боку Польшчы. І відавочнае пагаршэнне стану помніка, да якога вядзе няўхільнае звужэнне яго ахоўнай зоны, ніяк не спрыяе міжнароднаму аўтарытэту цяперашняй улады.
 





Абмеркаванне:

  • пенсионерка
  • 2016-07-30 09:08:06
К сожалению, власть интересует только личное благополучие. Государство, в котором чиновники безнаказанно демонстрируют неуважение к Законам и Конституции страны, нет и не может быть ни чего святого. Для этой власти жизнь человека ни чего не значит, а мы хотим, чтобы они помнили о мёртвых. Помнить и защищать память о жертвах сталинизму способны только люди с нормальными человеческими качествами.

Каментаваць