Фигуры тыдня: Георгій Марчук. Юрый Шаўчук . Максім Скавыш

Георгій Марчук

Беларуская Рада па маральнасці будзе сачыць за рэакцыяй жыхароў краіны на кнігі і кіно. І хаця стваральнікі рады заяўляюць, што нічога супольнага з цэнзурай не мае, але сёе-тое яны ўжо зараз гатовыя паставіць пад сумнеў.

Георгій Марчук

Беларуская Рада па маральнасці будзе сачыць за рэакцыяй жыхароў краіны на кнігі і кіно. І хаця стваральнікі рады заяўляюць, што нічога супольнага з цэнзурай не мае, але сёе-тое яны ўжо зараз гатовыя паставіць пад сумнеў.

Сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук заявіў, што практычна ацэньваць маральнае аблічча беларускага кніжнага і кіношнага рынка спецыялісты яшчэ не пачалі, але ўжо гатовыя назваць некалькі твораў і фільмаў, да якіх, па іх меркаванні, варта ставіцца з насцярогай. Марчук патлумачыў прынцып працы створанай структуры: “Гэта грамадская арганізацыя, у склад якой уваходзяць больш 30 прадстаўнікоў розных канфесій, пісьменнікі, мастакі, работнікі культуры, спецыялісты міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі. Мы будзем адсочваць усе культурныя навінкі, назіраць за рэакцыяй людзей на так званыя спрэчныя творы, задзірлівыя палярныя меркаванні, а потым знаёміць міністэрствы і ведамствы з вынікамі нашых даследаванняў. Георгій Марчук выказаў здагадку, што кніга расійскага пісьменніка Уладзіміра Сарокіна “Блакітнае сала або камедыя “Гітлер капут!, якая нядаўна была ў беларускім кінапракаце, цалкам маглі б патрапіць пад увагу рады. Пры гэтым сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі падкрэсліў, што мэта структуры простая — “не даць загінуць высокім маральным ідэалам, якія ёсць у грамадстве. Мы будзем толькі рэкамендаваць зацікаўленым ведамствам зважаць на асаблівую крайнасць таго або іншага твора. Але ні для каго не сакрэт, што ў Беларусі рэкамендацыі чыноўнікаў маюць абавязковы для выканання характар, а на месцах лічаць за лепшае “перавыканаць, чым недавыканаць. Глядзіш, і меней культурнай прадукцыі ў крамах і кінатэатрах, якая не адпавядае густу сяброў новастворанай рады.


Юрый Шаўчук

Хаця лідэр групы ДДТ Юрый Шаўчук і не беларус, але за яго падтрымку беларускасці, думаем, варта далучыць знакамітага спявака да ліку “Фігураў тыдня. Падчас канцэрту, прысвечанаму афіцыйнаму Дню Незалежнасці Беларусі ў Магілёве, лідэр групы ДДТ Юрый Шаўчук са сцэны заявіў, што вельмі любіць беларускае малако і заклікаў не забываць родную мову, перадае інтэрнэт-рэсурс “Беларускі партызан. У перапынках паміж песнямі Юрый Шаўчук не адзін раз гаварыў пра тое, як яму спадабаўся Магілёў. А ў песні “Каханне нават экспромтам замяніў “Няву на “Днепр. Пад канец свайго выступу спявак у парыве заклікаў беларусаў не забываць родную мову. Спадзяемся, што да парады гуру расійскага рока прыслухаюцца не толькі яго беларускія прыхільнікі.


Максім Скавыш

Нападаючы футбольнага клуба БАТЭ Максім Скавыш узначаліў спіс бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі па футболе. У актыве дзевятнаццацігадовага спартоўца дзесяць забітых галоў. За ім у рэйтынгу з адставаннем у адзін гол — аднаклубнік паўабаронца Сяргей Крывец, на трэцім месцы — нападаючы футбольнага клуба «Гомель» бразілец Майкон Каліжуры. Максіма Скавыша ўжо называюць галоўным адкрыццём першай паловы чэмпіянату Беларусі. Яшчэ летась хлопец не мог патрапіць нават у склад БАТЭ, а сёлета выйшаў на першы радок спісу бамбардзіраў. Пры гэтым у чэрвені Максім не патрапіў у склад маладзёжнай зборнай на чэмпіянат Еўропы. Адмыслоўцы лічаць, што нашай зборнай для ўдалага выступу ў Швецыі, дзе праходзіў чэмпіянат, на хапала акурат такога вострага нападаючага, як Скавыш. У адным з інтэрв’ю Максім расказаў, што для яго ўзорам спартовага майстэрства з’яўляецца нападаючы клуба БАТЭ, трохразовы чэмпіён Беларусі Віталь Радзівонаў.

Каментаваць