Фігурант «справы патрыётаў» спрабуе адсудзіць у дзяржавы 10 тысяч рублёў за 9,5 сутак у СІЗА

Другое паседжанне па справе Змітра Крамянецкага прайшло 6 снежня, паведамляе Радыё Свабода. Супрацоўнікі КДБ яго праігнаравалі.
Зміцер Крамянецкі (на фота справа) па вызваленні ў красавіку

Зміцер Крамянецкі (на фота справа) па вызваленні ў красавіку


Позву Крамянецкі падаў яшчэ ў жніўні, пакуль гэта адзіны фігурант «справы Белага легіёна», які спрабуе атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы.


Для таго, каб разлічваць на кампенсацыю, Крамянецкаму неабходна мець пастанову органа, які прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы. Першапачаткова гэта павінен быў быць дакумент са Следчага камітэту, аднак там палічылі, што Крамянецкі павінен прадставіць дакумент з Камітэта дзяржаўнай бяспекі. КДБ у сваю чаргу на запыты адваката Крамянецкага і суда не адказвае. У выніку разгляд справы прыпынены, суд вырашыў выклікаць на паседжанне прадстаўніка Камітэту дзяржбяспекі.

«Я хачу кампенсацыі маральнай шкоды, — расказвае ў размове са Свабодай сам Зміцер Крамянецкі. — Мы параіліся з юрыстамі, з адвакатам і вырашылі, што кампенсацыя павінна быць такой. 10 тысяч беларускіх рублёў. У мяне была пастанова аб спыненні справы са Следчага камітэту. Аднак пазьней там сказалі, што памыліліся і я павінен атрымаць такую паперу з КДБ. КДБ маўчыць».

Актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка і правёў за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага 9,5 сутак. Па «справе Белага легіёну» ён знаходзіўся ў статусе падазраванага, абвінавачванні Крамянецкаму прад’яўленыя не былі. Справу разглядае суд Маскоўскага раёну Мінску, дата наступнага паседжання пакуль невядомая.

Каментаваць