Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі

Неаднаразова беларускія ўлады падкідвалі дабрачынным ініцыятывам «лыжку дзёгцю», якую афіцыйная прапаганда звычайна называе «асобнымі недахопамі» і пакідае «за дужкамі». На мой жа погляд, гаворка ідзе пра сістэму створанай за савецкія гады чалавечай хітрасці; нават «хітрыкаў» з крывадушнасцю. Сістэму, якую цяпер называюць «сацыяльна арыентаванай».

2006 год. Ля Рэйнскіх вадаспадаў у Швейцарыі.   У цэнтры стаяць (злева – направа) Дорлі Філіліпі,   Галіна Кавальчук, Ірына Грушавая у атачэнні спевакоў ансамбля “Грамніцы”, які прымаў удзел у дабрачынных канцэртах



Да 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі пастаянны аўтар «Новага Часу» Аляксандр Тамковіч падрыхтаваў кнігу, якую анансаваў так: «Гэта кніга — не пра бэры, бекерэлі альбо радый са стронцыем. Яна — пра людзей. Пра тых, хто сваёй чуласцю да чужога болю дапамог выратаваць генафонд беларускай нацыі. Гэта падзяка тым, хто не пашкадаваў свайго здароўя дзеля здароўя іншых. Гэтая кніга пра філасофію дабрыні». Прапануем чарговы ўрывак з кнігі.

 

Швейцарскія падарожжы



На швейцарскай зямлі мне пашанцавала сустрэць сапраўднага казачніка. Толькі, у адрозненне ад іншых, пастар Андрэас Гёрліх паказаў казку, дзе нічога не было выдумана. Назва гэтай казкі — Швейцарыя.


Казачны пастар


У Швейцарыю Андрэаса Гёрліха накіравалі служыць у 1993 годзе — у горад Іланц, дзе ён стварыў ініцыятыву «Чарнобыльская дапамога Сурсельвы». Сёння ёй кіруюць Беат і Іаланта Эрб. Беат — святар новаапостальскай царквы, а яго жонка Іаланта валодае прыватнай аптэкай. Дзякуючы ёй, ініцыятыва змагла падрыхтаваць гуманітарнай дапамогі для чарнобыльскіх дзяцей больш як на мільён швейцарскіх франкаў.

Сам Андрэас Гёрліх хутка быў пераведзены ў маленькі горад Глатбруг, які знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Цюрыха. Святар і там вырашыў стварыць чарнобыльскую ініцыятыву і, каб пазнаёміцца з сітуацыяй «на месцы», арганізаваў экуменічную паездку ў Беларусь. Паездка была вельмі паспяховай, і ўжо праз некалькі тыдняў новая ініцыятыва падрыхтавала першы гуманітарны канвой.

Не ўсё было так проста і лёгка, як пра гэта пішацца. Неаднаразова беларускія ўлады падкідвалі дабрачынным ініцыятывам «лыжку дзёгцю», якую афіцыйная прапаганда звычайна называе «асобнымі недахопамі» і пакідае «за дужкамі». На мой жа погляд, гаворка ідзе пра сістэму створанай за савецкія гады чалавечай хітрасці; нават «хітрыкаў» з крывадушнасцю. Сістэму, якую цяпер называюць «сацыяльна арыентаванай».

Пастар Андрэас Гёрліх

Пастар Андрэас Гёрліх



Першы гуманітарны канвой «Чарнобыльская дапамога Сурсельвы» падрыхтавала ў 1994 годзе. Падчас яго фармавання ініцыятыва Гёрліха цалкам улічыла тое, пра што папрасілі яе беларускія медыкі. А канкрэтна, частку грузу складалі абязбольваючыя лекі, якія звычайна выкарыстоўваюцца пры цяжкіх формах раку для змяншэння болю і пакутаў хворага. Каштавалі яны даволі дорага — больш за пяць тысяч швейцарскіх франкаў.

Першыя крокі новай ініцыятывы прыйшліся на сумнавядомыя «ліхія дзевяностыя», і можна толькі паспачуваць цяжкасцям, з якімі сутыкнуліся валанцёры. Беларуская мяжа тады нагадвала нешта накшталт фільмаў сюррэалізму.

Лекі хавалі ў адзенне, праз знаёмых даведваліся, дзе і калі на мяжы будзе больш спрыяльнае «вакно», паклалі ў кабіну вадзіцеля патэнцыйны хабар для мытнікаў. Сёння гэта можа падаецца смешным, але ў тыя часы ўсім, хто ехаў праз беларускую мяжу, было не да гумару.

Канвойнае аўто, што называецца, «ператрэслі па поўнай праграме»… Выратавала тое, што мытнік спакусіўся на вельмі дэфіцытны тады факсімільны апарат, і той стаў «пропускам» да чарнобыльцаў…

Асабіста Андрэас гуманітарны канвой не суправаджаў, і быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што груз так і не перададзены адрасату. Больш за тое, грузавік з лекамі і адзеннем быў ускрыты.

Аказалася, праблема ў тым, што ў леках утрымліваецца «забаронены ў Беларусі наркотык». Самае цікавае, праз мяжу «забаронены наркотык» прайшоў без перашкодаў і толькі потым прыехаў з «праверкай» прадстаўнік Дэпартамента па гуманітарнай дапамозе...

Як кажуць у такіх выпадках, сачыце за рукамі: беларускія дактары тлумачаць, што хворыя пакутуюць ад раку, і просяць швейцарцаў прывесці тое, што можа паменшыць боль. А як толькі дэфіцытны прэпарат трапляе ў Беларусь, з Мінску прыязджае чалавек і аб’яўляе яго забароненым «наркотыкам».

«Кантрабанду» канфіскавалі і «знішчылі». Нібыта спалілі, але гэтаму спаленню няма ні сведак, ні адпаведных дакументаў…

Падчас шматлікіх кантактаў з іншаземцамі я неаднаразова дзівіўся іх цярплівасці: людзі дапамагаюць, ахвяруюць сваім часам, фінансамі і ўвесь час сутыкаюцца са спробамі іх падмануць.

Андрэас Гёрліх расказаў яшчэ пра некалькі выпадкаў; два з іх хацелася б узгадаць. Напрыклад, у Добрушы швейцарцам прапанавалі «абысціся» без мінскіх кантралёраў у выглядзе фонду «Дзецям Чарнобыля», а працаваць «наўпрост». Вельмі хутка высветлілася, што трэба прывозіць толькі некім заказаныя прэзенты, а ў групы на адпачынак у Швейцарыі сталі трапляць тыя, каго, калі казаць мякка, цяжка было назваць самымі беднымі: дзеці мясцовых начальнікаў, міліцыянтаў і нават бізнесоўцаў…

Другім прыкладам быў Слаўгарад — дакладней, мясцовая праваслаўная парафія, дзе таксама прапанавалі пазбавіцца ад вонкавага кантролю. Маўляў, навошта швейцарскім грошам, за якія слаўгарадцы будуць купляць лекі, праходзіць яшчэ і праз Мінск? У якасці забойчага аргумента праваслаўны святар расказаў пра неабходнасць тэрмінова дапамагчы Дому састарэлых.

Пратэстанцкі святар Гёрліх паверыў свайму праваслаўнаму калегу і перадаў яму дзесяць тысяч швейцарскіх франкаў.

Калі Андрэас прыехаў у наступны раз, высветлілася, што святар ужо забыўся, на што прасіў тыя грошы, і перад усім прыходам падзякаваў швейцарцам за прыўкрасны купал на царкве, які за грошы швейцарцаў стаў сапраўды залатым…


Аптэка міласэрнасці


«Чарнобыльская дапамога Сурсельвы», створаная Андрэасам Гёрліхам у 1993 годзе, працуе і па сёння. Напэўна, яе нельга назваць самай буйной і багатай у Швейцарыі, — і тым больш уражваюць лічбы, агучаныя яе сучасным кіраўніком Беатам Эрбам. За гады іх работы на адпачынку ў казачных мясцінах Сурсельвы пабыло 680 дзяцей з Добрушскага раёна Гомельскай вобласці.

Калі на чатыры тыдні ў Швейцарыю прыязджаюць чарнобыльскія дзеці, Беат заўсёды бярэ на працы адпачынак і апякуецца імі.

 Іаланта і Беат Эрб

 Іаланта і Беат Эрб


Тое, што зрабілі ў сэрцах швейцарцаў чарнобыльскія дзеці, падобна да сапраўднага цуду. Калі група з Добруша збіралася ў Швейцарыі разам, то любы мясцовы рэстаратар лічыў для сябе гонарам іх бясплатна накарміць, фірмы бясплатна выдзялялі гасцям аўтобус, а мінакі на вуліцах ахвяравалі грошы на марозіва ды фрукты.

Дарэчы, аўтобусны трансфер, якім карыстаюцца для дастаўкі дзяцей, швейцарцы абралі адмыслова. На думку Беата, калі дзеці ляцяць самалётам, то адбываецца гэта так хутка, што «іх целы ўжо ў Швейцарыі, а сэрцы яшчэ ў Беларусі». Калі ехаць аўтобусам, атрымліваецца па-іншаму.

За час адпачынку групы Беат робіць больш за 200 фотаздымкаў, і кожны з дзяцей вязе назад у Беларусь асабісты фотаальбом — як напамін пра тое, як жыў і што бачыў у Швейцарыі. Для кожнага таксама рабіцца футболка з уласным партрэтам і лагатыпам ініцыятывы.

«Чарнобыльская дапамога Сурсельвы» — адна з тых, каго беларуская ўлада пераканала супрацоўнічаць з ёю, а не з «нефармаламі» з фонду «Дзецям Чарнобыля». Маўляў, «не трэба ніякай палітыкі, галоўнае — аздараўленне чарнобыльскіх дзяцей».

З палітыкай — зразумела, а вось наконт аздараўлення… Я проста працытую Іаланту Эрб, чый аўтарытэт сярод фармацэўтаў дазваляў прывозіць у Добруш вельмі карысныя і вельмі дарагія медыкаменты:

«Шмат гадоў запар мы накіроўвалі ў Беларусь медычную дапамогу, і я кожны раз сачыла з яе правільным размеркаваннем. Пакуль гэтым займаўся Чырвоны Крыж, усё было нармальна, а потым наша гуманітарная дапамога трапіла ў сферу зацікаўленасці ўладных структур. І адразу ж пачаліся праблемы. Швейцарскія медыкаменты размяркоўваліся так, як падабалася вашым чыноўнікам, а не так, як хацелі мы, — бясплатна і для тых, хто меў патрэбу.

У 2000 годзе мы прывезлі шмат неверагодна дарагіх вітамінаў, якія меркавалася перадаць людзям сталага веку, бо так патрабавала інструкцыя па іх ужыванні. Аднак нехта вырашыў па-іншаму. Вітаміны перадалі ў дзіцячы садок, дзе, зразумела, высветлілася, што для дзіцячых арганізмаў яны шкодныя. Дзеці іх блага пераносілі, і вітаміны проста знішчылі.

Пасля гэтага мы вырашылі, што больш не будзем прывозіць ніякай медычнай дапамогі…»

Пазней яе муж Беат дадаў да расповеду жонкі, якім чынам вітаміны «знішчалі».

«Спачатку нам казалі, што іх адвезлі ў нейкую бальніцу, а потым нехта шапнуў: вітаміны аддалі на свінаферму — каб жывёлы лепш раслі. Калі мы туды прыйшлі, то адразу ўбачылі з такімі цяжкасцямі сабраныя ў Швейцарыі каробкі… Ніколі ў жыцці я не бачыў, каб Іаланта так плакала.

Вітаміны, якія мы прывезлі ў 2000 годзе, былі вельмі дарагімі нават па швейцарскіх мерках, і тое, што іх проста выкінулі, бо самі няправільна скарысталі, калі сказаць вельмі мякка, — крыўдна. Нам жа фармацэўтычныя фірмы даюць іх не проста так, а хочуць ведаць, што прынеслі нейкую карысць. А тут…»

Тым не менш, швейцарцы не адмовіліся ад дапамогі. Працягваюцца паездкі дзяцей з Добрушскага раёна; сярод іх ёсць і дзеці тых, хто першымі пазнаёміўся з ветлівасцю швейцарцаў з ініцыятывы «Чарнобыльская дапамога Сурсельвы», за што Іаланце і Беату Эрб хочацца сказаць асобны дзякуй.

Яшчэ адно хобі байкера


Петэр Граф, які жыве ў Глатбругу, — з той катэгорыі людзей, што не шукаюць пакой на канапах. На момант нашай размовы яму быў 41 год — і 50 краінаў за плячыма. Фактычна ўсе свае падарожжы Петэр ажыццявіў за рулём уласнага байка. Перад самымі выбарамі на пасаду прэзідэнта чарнобыльскай ініцыятывы сваёй мясцовасці ён перанёс вельмі сур’ёзную аперацыю, звязаную з парокам сэрца, які абмяжоўваў яго актыўнасць ад нараджэння.



Ніколі б не падумаў, што яго захапленне будзе звязанае менавіта з дабрачыннасцю: байкеры пераважна ўспрымаюцца як людзі, далёкія ад сантыментаў. Уразіла мяне не толькі гэта, — у чарговы раз узрушыла, як сур’ёзна за мяжой ставяцца да прыёму беларускіх дзяцей. Расказ Петэра Графа не толькі вельмі тыповы, але і вельмі паказальны:

«Мае бацькі пачалі прымаць чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне адразу пасля таго, як у нашым горадзе была створана адпаведная ініцыятыва. Аляксей, які першым прыехаў у нашу сям’ю, з часам стаў маім добрым сябрам. Тым не менш, я не ўваходзіў у склад гэтай ініцыятывы.

Аднойчы я пачуў, што ім патрэбны чалавек, які на валанцёрскіх пачатках будзе выконваць пэўную частку работы. Работа па навучэнні абслугоўванню фармакалагічных машын і ўпакоўцы лекаў дазваляла не толькі падарожнічаць па ўсім свеце, але і знаходзіць час на нешта іншае. Праўленне ахвотна прыняло мяне ў свае шэрагі. Я прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях, аднак не браў удзелу ў галасаванні і не адказваў за канкрэтны напрамак работы: так бы мовіць, быў «міністрам без партфеля».

Праз некалькі гадоў мяне абралі намеснікам кіраўніка ініцыятывы, а яшчэ праз пэўны час паўстала пытанне, каб яе ўзначаліць. Вероніка Ройшэнбах, якая займала пасаду прэзідэнта ініцыятывы дзесяць гадоў запар і ўжо крыху стамілася, пажадала бачыць мяне сваім пераемнікам.

Было гэта ў маі 2014 года. У жніўні я запрасіў усіх сяброў праўлення да сябе дадому, і мы на працягу цэлага дня праводзілі своеасаблівы ворк-шоп. Пасля таго, як пераразмеркавалі абавязкі, я зразумеў: грамадская дзейнасць не будзе замінаць маёй рабоце, і ў кастрычніку мяне абралі прэзідэнтам.


Андрэас Гёрліх з беларускімі дзецьмі ў швейцарскіх Альпах 

Андрэас Гёрліх з беларускімі дзецьмі ў швейцарскіх Альпах 


Так, гэтая пасада валанцёрская, але цалкам назваць яе бясплатнай нельга. Толькі плацяць не грашыма. Я б нават сказаў, што яна аплачваецца па-царску — любоўю, удзячнасцю, радасцю тых дзяцей, якіх прымаем у Швейцарыі. Пачуццяў так шмат, што ніякімі грашыма іх не вымераць. Гэта самая галоўная матывацыя.

Дзеці, якія адпачываюць у Швейцарыі, бавяць час не толькі ў сем’ях. Тройчы на тыдзень у нас адбываюцца «праграмныя дні», калі праводзяцца агульныя для ўсіх мерапрыемствы.

Адзін праграмны дзень мы ладзім у парафіі Андрэаса Гёрліха, — той праводзіць для беларускіх дзяцей экскурсію па царкве, расказвае, як яна працуе ў Швейцарыі. Дзецям дазваляецца вывучаць уладкаванне алтара, біць у званы… Такое нават у Швейцарыі магчыма далёка не ў кожнай царкве. У Пфунгене, дзе і служыць пастар, лагоднасць звязаная перш за ўсё з імем Андрэаса Гёрліха. Яго тут вельмі паважаюць.

Месца ў гэтай горнай вёсцы шмат, таму мы праводзім там нямала розных спартыўных гульняў і алімпіяд. Большасць з іх суправаджаецца шчырым дзіцячым смехам, што для ўсіх — жаданы падарунак. Для дзяцей вялікім уражаннем робіцца наведванне самага буйнога ў Швейцарыі вадаспаду, які месціцца непадалёк.

Асабліва дзеці любяць дзень, які праходзіць разам з пажарнымі-ратавальнікамі. Там бывае вельмі шмат цікавостак.

Словам, мы робім усё, каб адпачынак у Швейцарыі запомніўся на ўсё жыццё».


Соль зямлі


Дорлі Філіпі зараз 88 гадоў. Яна — адна з заснавальнікаў усяго швейцарскага руху дапамогі чарнобыльскім дзецям. Да выхаду на пенсію працавала бухгалтарам у вядомай авіякампаніі Swiss Air. Можа, менавіта з-за гэтага яна так любіць падарожнічаць.

Банальнасць, але для любых дабрачынных ініцыятыў патрэбныя сродкі, і любы бухгалтар добра гэта ведае. Каб з’явілася магчымасць запрашаць на адпачынак у Швейцарыю беларускіх дзяцей, было вырашана спачатку запрасіць у гэтую цудоўную краіну беларускі фальклорны ансамбль «Крэсіва» для дабрачынных канцэртаў.



Дорлі Філіпі (слева) і Вероніка Ройшэнбах

Дорлі Філіпі (слева) і Вероніка Ройшэнбах



У 1998 годзе артысты ўпершыню завіталі ў Швейцарыю, а ўжо ў наступным годзе сюды прыехалі першыя 40 дзяцей з Дзятлавіч, што пад Лунінцом. І з таго часу кожны год швейцарцы пачалі прымаць на чатыры тыдні спачатку па сорак, а потым — па трыццаць беларускіх дзяцей.

Выключэннем стаў толькі 2008 год, калі беларускі кіраўнік сваім загадам забараніў аздараўленне чарнобыльскіх дзяцей за мяжой. Афіцыйнай нагодай для гэтага стаў інцыдэнт, калі адна з беларускіх дзяўчынак адмовілася вяртацца ў Беларусь з Італіі. Урэшце яе вярнулі, але пацярпелі ад гэтага астатнія.

Швейцарцам (як выбаршчыкам), напрыклад, прыйшлося звяртацца ў свой парламент, каб іх дэпутаты аказалі адпаведны ціск на беларускія ўлады; іх падтрымалі таксама палітыкі іншых краін — і афіцыйнаму Мінску давялося адступіць.

Дарэчы, ліст у швейцарскі парламент ад імя пяці ініцыятываў, з якімі была ў кантакце, тады напісала Вероніка Ройшэнбах, пра якую згадваў Петэр Граф.

Пасля звароту Ройшэнбах у парламент (федэральны сход), яе разам з іншымі ініцыятарамі ліста афіцыйна запрасілі ў Берн, дзе адбылася сустрэча з удзелам прадстаўнікоў швейцарскіх МЗС, МУС, Дэпартамента па міграцыі і беларускага амбасадара ў гэтай краіне.

Уяўляю, колькі людзей зараз падумалі, што ў беларускіх умовах падобнае немагчыма па вызначэнні. Цалкам згодны. Як і з тым, што знакамітае выслоўе Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» трэба не толькі пісаць на газетах, але і выконваць у надзённым жыцці…

Менавіта Ройшэнбах расказала мне, што ўсе чацвёра дзяцей Дорлі Філіпі выраслі годнымі, прыгожымі людзьмі, і з вельмі вялікай павагай ставяцца да сваёй прыёмнай маці. Усе яны — дзеці мужа Дорлі ад першага сужэнства, якому суд загадаў іх выхоўваць. То бок для Дорлі яны не былі роднымі па крыві, аднак усе яны ставіліся да яе як да роднай маці.

Увага да чарнобыльскіх па­дзей зараз зусім не тая, якой была раней, але не трэба забываць, што мінула ўжо трыццаць гадоў. Ініцыятыва, дзе актыўна працуе Дорлі Філіпі, таксама адчула зніжэнне колькасці гэтага самага паліва, і, каб яно не знікла ўвогуле, швейцарцы прыдумалі вельмі арыгінальную рэч.

На зямлі фермера, які ад самага пачатку падтрымлівае дзейнасць ініцыятывы, у 1999 годзе пасадзілі яблыню. Побач устанавілі шыльду з тэкстам пра тое, што дрэва пасаджанае ў гонар чарнобыльскіх дзяцей, падчас іх першага адпачынку ў Швейцарыі.

Падобныя рэчы былі зробленыя таксама і ў Дзятлавічах, і ў мінскім «Садзе надзеі» імя Генадзя Грушавога, але там гэта мела больш сімвалічны характар. Швейцарская ж яблыня стала не толькі сімвалам.

Кожны год Дорлі Філіпі збірае з гэтага дрэва ўраджай. Рэжа яблыкі на маленькія долькі, затым высушвае, прыгожа пакуе і прадае на калядным кірмашы, які доўжыцца ўвесь снежань.

На кірмашы для яе выдзелена спецыяльнае месца, а ўсе заробленыя праз продаж грошы ідуць на падтрыманне візітаў чарнобыльскіх дзяцей.

Тая яблыня стала абавязковым пунктам праграмы іх аздараўлення ў Швейцарыі.

Фінансамі сваёй ініцыятывы Дорлі Філіпі займалася да 2012 года, калі вырашыла пакінуць гэтую пасаду «па ўзросце». Ёй споўнілася 85 гадоў, і жанчына вырашыла даць дарогу моладзі. Пры гэтым яна лічыць трэці перыяд (два першых звязаныя дзяцінствам, бацькамі, вучобай, уласнай сям’ёй і г.д. — усім, што было да пенсіі) адным з самых цікавых у сваім жыцці, бо менавіта ён прыўнёс у яго чарнобыльскія справы.


Абмеркаванне:

  • Марголина Светлана
  • 2016-04-12 08:07:17
А почему господин Томкович не написал, что инициатива Сурсельвы, которую возглавляли Иоланда и Беат Эрб, в 1998 году ушла от сотрудничества с фондом Грушевого и с тех пор работают с ББОО "В будущее с надеждой" Михаила Казловского и они уже четыре года не руководители инициативы. Просто Грушевая, которая диктовала, наверное, текст Томковичу, сама этого не помнит

Каментаваць