Флэш-моб па-грамадзянску

Актывісты кампаніі «Грамадзянін» правялі ў Мінску акцыю «Фота-Беларусь». Яны фатаграфавалі мінакоў на фоне стэнда з контурамі Беларусі. А потым змяшчалі іх здымкі на сімвалічнай мапе.



Актывісты кампаніі «Грамадзянін» правялі ў Мінску акцыю «Фота-Беларусь». Яны фатаграфавалі мінакоў на фоне стэнда з контурамі Беларусі. А потым змяшчалі іх здымкі на сімвалічнай мапе.

Другі здымак уручаўся ўдзельніку фотасесіі на памяць. На стэндзе значыўся надпіс: «Краіну стварае не ўлада. Краіну ствараюць грамадзяне!». «Сэнс акцыі — паказаць, што наша краіна складаецца не з чыноўнікаў, не з палітыкаў, а з грамадзян. І кожны з нас стварае Беларусь. Менавіта грамадзяне вырашаюць, якой Беларусь павінна быць»,—патлумачыў актывіст кампаніі Мікіта Красноў.

Шлях мінчукоў пралягаў на Камароўскі рынак. Але нягледзячы на гаспадарскія справы, яны даволі ахвотна пазіравалі. «Усё залежыць толькі ад нас, — лічыць страхавы агент Наталля Гарачка. — Калі людзі гавораць: «Ой, мы не верым, што штосьці можна змяніць. Усё роўна будзе Лукашэнка», я ім кажу: «Усё за­лежыць ад вашых думак. Як вы думаеце, так і будзе. Хочаце быць статкам, які заганяюць у стой­ла ці бязвыхаднае становішча — будзьце. Але потым не плачце. Хочаце быць асобай, калі ласка, ідзіце і выказвайце сваю думку адкрыта».

Пенсіянерка Тамара Барысенка таксама пакінула свой здымак на мапе Беларусі. «Моладзь хоча паказаць, што калі мы ўсе разам збяромся, то нешта зможам і зрабіць. Калі ўсе разам, то гэта ж сіла», — адзначыла яна.

Пра акцыю, якая адбылася 7 снежня, было загадзя паведамлена ў інтэрнэце. Таму некаторыя карыстальнікі папросту даслалі ініцыятарам флэш-мобу свае фота. Іх разам з астатнімі таксама змясцілі на стэндзе. Удзельнікам акцыі стаў і кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, якія праходзіў міма. З ім моладзь зрабіла калектыўны здымак.

Мапа Беларусі была шчыльна заклеена фоткамі. А агулам за паўтары гадзіны, як паведамілі арганізатары акцыі, сфатаграфаваліся больш за 100 чалавек. Здымкі будуць змешчаны на сайце www.citizenby.org, а стэнд моладзь пакінула сабе. «Ён застанецца ў нас на офісе як адзін з сімвалаў нашай кампаніі», — паведамілі актывісты.

«Мы хочам, каб чалавек разумеў, што толькі ён можа ствараць Беларусь і можа кантраляваць гэту ўладу, — падкрэсліў Мікіта Красноў, — разумеў, што прэзідэнт, урадаўцы і г.д. — гэта проста чыноўнікі, якіх мы нанялі. Мы нанялі іх, каб яны абаранялі нашы інтарэсы. Калі ў чалавека ёсць праблема, гэта праблема гэтага прэзідэнта і гэтай улады. Не грамадзяне для ўлады, а наадварот, улада створана для грамадзян. І менавіта ад іх залежыць, якой наша дзяржава будзе».

P.S. Актывісты кампаніі «Грамадзянін» паведамілі, што будуць дапамагаць людзям у вырашэнні розных праблем — ад ціску адміністрацыі ўніверсітэта на студэнтаў да капітальнага рамонту дамоў. Каардынаты для сувязі: citizenbelarus@gmail. com; тэл. (+375 29) 643 76 40, (+375 29) 551 09 30.

Каментаваць