Фобіі ўлады

Нагадаем дамінантныя падзеі, што вызначаюць асноўны змест палітычнай сітуацыі ў Беларусі і разам з тым выяўляюць асноўныя фобіі, страхі ўлады.



Разгон Плошчы 19 снежня 2010 года, суды і прысуды “за Плошчу, несціхаючая хваля арыштаў і ператрусаў, забарона на выказванне любой іншай, акрамя афіцыйнай, версіі выбуху ў метро, серыя ператрусаў на офісах незалежных СМІ і кватэрах журналістаў, пагроза закрыцця газет “Наша ніва і “Народная воля, арышт журналіста Андрэя Пачобута па абвінавачванню ў паклёпе на прэзідэнта і, урэшце, кампанія па навядзенню дысцыпліны на прадпрыемствах.

Гэтыя падзеі ёсць адначасова — праяўленні фобіі менавіта ўлады таталітарнага тыпу. Дэмакратычна арганізаваная ўлада таксама мае свае фобіі. Але ні адна з іх не нясе ў сабе страшнага закляцця рэпрэсій. Страта ўлады, перазменка палітычных лідараў і каманд, каналы для выхаду пратэстнай энергіі прадугледжаны ў самой яе канструкцыі.

Гэту канструкцыю беларуская ўладная групоўка свядома адпрэчыла яшчэ ў 1994 годзе, але да 19 снежня 2010 года паўсюдна публічна сцвярджала, што створаная імі мадэль — так званая “вертыкаль — ёсць ні што іншае, як ўвасабленне найлепшай у Еўропе дэмакратыі. Па сутнасці, гэта ёсць пераліцаваная ідэалагема Леніна аб сацыялізме як поўнай, даведзенай да канца дэмакратыі.

Другі класічны таталітарны рэжым, нацыянал-сацыялісцкага гатунку, у сваім прапагандысцкім арсенале карыстаўся іншай формулай — адкрытым адмаўленнем дэмакратыі як прыдумкі плутакратаў для падману народа.

Пасля 19 снежня Лукашэнка публічна адмовіўся ад дэмакратыі. Маскіровачны покрыў са створанай ім канструкцыі быў скінуты.

Канцэпцыя таталітарнага рэжыму завострана на вечнае існаванне, а значыць, і на пажыццёвае знаходжанне на вяршыні піраміды яе творцаў, яе правадыра. Адсюль і ўспрыняцце такім рэжымам пагроз свайму існаванню, што трансфармуюцца ў навязлівыя фобіі, страхі. Гэта — канкурэнты, як у шэрагах уладнай бюракратыі, так і апазіцыі. Любое іншадумства, свабода інфармацыі, свабода слова. І наймацнейшы страх — сацыяльнае незадавальненне ў любых яго формах: ад размоў на кухні да сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. Гэта — любыя перамены ў сістэме, бо нават самыя бяскрыўдныя нясуць у сабе пагрозу некантралюемага абвалу.

Брутальны разгон Плошчы — на першы погляд, нечаканы і нематываваны, і нават шкодны для самога рэжыму — быў заканамерным праяўленнем менавіта гэтых глыбінных таталітарных комплексаў. Узросшы на тле, на аскепку савецкага, ён мусіў быў зліквідаваць пагрозы свайму існаванню, якія спакваля кандэнсаваліся і з відавочнай яснасцю выявіліся падчас выбараў.

Рэжым раптам адчуў, што нават жорстка рэгулюемая, імітацыйная дэмакратызацыя прыадчыняе вароты яго аўтарытарнай крэпасці, што ў гэтую шчыліну можа вось-вось лавінай хлынуць натоўп. Не выключана, што мірная дэманстрацыя на плошчы ўладамі сапраўды ўспрымалася як рэальная спроба паўстання. У страху — вялікія вочы.

Свае фобіі любы таталітарны (і нават аўтарытарны) рэжым лечыць хірургічнымі аперацыямі — па ізаляцыі і ліквідацыі сваіх апанентаў, як рэальных, так і патэнцыйных, што яму прымроіліся (знакамітае бальшавіцкае «лес рубят, щепки летят»). Рэфлекторна імкнецца заглушыць свае страхі праз застрашванне грамадства. Розніца толькі ў маштабах ахвяр. Бо чалавек для таталітарнай сістэмы — усяго толькі людскі рэсурс, чалавечы матэрыял. Рацыянальны разлік да абсурду пераплецены з ірацыянальным.

Судовыя працэсы — лагічны працяг разгону Плошчы. Адмовіцца ад судоў азначала б паставіць пад сумнеў 19-га і, галоўнае, вярнуцца хаця б да імітацыйнай дэмакратызацыі палітычнага жыцця краіны. Мэта прысудаў — застрашванне апазіцыі, параліч яе дзейнасці, расправа з канкурэнтамі і адначасова прышчэпка ад вылучэння кандыдатамі ў будучых выбарах любога, апроч прызначаных дзейнай уладай. Ну і, зразумела, палітвязні — закладнікі, той самы чалавечы матэрыял на выпадак магчымага гандлю з Захадам.

З гэтай логікі вынікае і схема арганізацыі судовых працэсаў — разбіўка падсудных на адмыслова сфармаваныя групы, размеркаванне пад розныя артыкулы Крымінальнага кодэкса і пад розныя тэрміны зняволення. Аднак на правядзенне гучнага паказальнага судовага працэсу ўлады не рашыліся. З-за боязі грамадскага рэзанансу. Раскідалі па розных судах, судзяць у невялікіх залах, пры мінімальным асвятленні ў дзяржаўных СМІ. Боязь не без падстаў: па апытанні на партале tut.by, сярод праблем, якія найбольш хвалююць грамадства, суды над апазіцыяй былі названы нароўні з “вызваленнем курса долара. Большасць грамадзян спачувае зняволеным, што выявілася ў моцнай кампаніяй салідарнай дапамогі ахвярам Плошчы.

Ці дасягнуў рэжым пастаўленых мэтаў? Часткова і на час. Найбольш, падаецца, у кансалідацыі бюракратыі, ліквідацыі ў яе шэрагах любых праяў фронды. Арганізаваная апазіцыя, асабліва партыйная, — сапраўды выглядае паралізаванай, аднак структуры яе захаваліся і пры першых жа прыкметах росту незадавальнення ў грамадстве могуць ажыць, стаць прыцягальнымі для новых людзей. Грамадскія арганізацыі сышлі з палітычнага поля ў больш бяспечныя сферы дзейнасці — культурніцкія, асветніцкія. Але актывізаваліся праваабарончыя арганізацыі.

Не саступіў ані кроку назад, нягледзячы на бесперапынныя затрыманні і арышты актывістаў, у сваёй кампаніі негвалтоўнага супраціву арганізаваны моладзевы рух, той жа “Малады фронт. У моладзевым асяродку ўжо з’явіліся прыкметы радыкалізацыі пратэстных акцый (спробы падпалаў дзяржаўных устаноў).

Поўным разгромам апазіцыі, па крытэрах класічных таталітарных мадэлей, з’яўляецца поўная забарона любых апазіцыйных партый і арганізацый з заменай іх імітацыйнымі структурамі. Тое ж адносіцца і да незалежных СМІ.

Аднак на такія крокі ўлады Беларусі пакуль не рашыліся.  Бо менавіта яны якраз і могуць зрушыць лавіну сацыяльных і палітычных перамен. Тым больш, што ў краіне разрастаецца ўжо не прывід, а рэальны сацыяльна-эканамічны крызіс.
 

Каментаваць