Фотафакт: у Брэсце для мясцовага ТБ інсцэніравалі чаргу жадаючых падпісацца за праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты

Ініцыятыўная група па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты кіраўніка гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганны Канюс 16 ліпеня стала сведкам таго, як для дзяржаўнага тэлебачання ствараецца «карцінка» нібыта папулярнасці праўладных вылучэнцаў.

Ля ўваходу на брэсцкі рынак «Лагуна» перад пачаткам пікета сябры ініцыятыўнай групы  пабачылі пусты намёт з партрэтам  Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым дырэктар рынка Наталля Ільніцкая спрабавала даваць ўказанні, дзе сацыял-дэмакраты мусяць выставіць свае стэнды. Дзесьці праз гадзіну каля таго самага намёту пачаўся нейкі рух, прыехала здымачная група мясцовага дзяржаўнага тэлебачання.


Як толькі была ўключана відэакамера, раптам сабралася чалавек дзесяць, каб паставіць свае подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 галоўнага лекара абласнога радзільнага дома Анатоля Дашко. У гэтай чарзе знаходзіліся супрацоўнікі рынку і вядомыя асобы, як, напрыклад, былы кіраўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама. Калі відэакамера была выключана, чарга адразу некуды знікла.


«У адрозненні ад вылучэнцаў ад уладаў мы працуем адкрыта, у нас няма кішэннага тэлебачання і галоўнае для нас — людзі, — адзначыла лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс. — На нашых пікетах рэгулярна адбываецца дыскусія і нават гарачыя спрэчкі, але ўсё гэта шчыра і па-сапраўднаму. Я ўдзячная жыхарам горада за падтрымку, парады, шчырыя пажаданні і нават за крытыку».


Сацыял-дэмакраты ў Брэсцкай вобласці зарэгістравалі 11 ініцыятыўных груп. Штодня яны ладзяць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне сваіх кандыдатаў на вуліцах, а таксама наведваюць выбаршчыкаў па месцы жыхарства.

Паводле "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментаваць