Г. Паганяйла: адвакаты — пад прымусам маўчання

Пераслед адвакатаў адбіўся на судах па “справе 19 снежня. “Мяне вельмі многае не задавальняе ў гэтых працэсах, — заявіў прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта, юрыст Гары Паганяйла.


“Назіраючы гэтыя працэсы, мы бачым, як рэагуюць многія адвакаты на гэты ціск, — адзначыў былы суддзя і адвакат. —  У працэсах яны сядзяць як мышы пад венікам. Адвакаты практычна не заяўляюць хадайніцтваў, неабходных для абароны іх кліентаў.



Пераслед адвакатаў адбіўся на судах па “справе 19 снежня. “Мяне вельмі многае не задавальняе ў гэтых працэсах, — заявіў прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта, юрыст Гары Паганяйла.


“Назіраючы гэтыя працэсы, мы бачым, як рэагуюць многія адвакаты на гэты ціск, — адзначыў былы суддзя і адвакат. —  У працэсах яны сядзяць як мышы пад венікам. Адвакаты практычна не заяўляюць хадайніцтваў, неабходных для абароны іх кліентаў.


У прыватнасці, паводле яго словаў, не выстаўляюць са свайго боку сведкаў. Не хадайнічаюць аб многіх дакументах, якія мае і пракуратура, і МУС, і КДБ. Не просяць суд далучыць да матэрыялаў справы нават тыя звесткі, якія ёсць у адкрытым доступе.


Ілюзія беспарадкаў


На думку юрыста, варта было б запытаць у СМІ фота і відэаздымкі. Матэрыялы крымінальнай справы аб “масавых беспарадках фармаваліся на падставе відэа КДБ і МУС. Але, як заўважыў Гары Паганяйла, у сюжэтах для суда няма агульных планаў: “Гэта маленькія кавалачкі, па якіх следства лічыць, што яны замацавалі масавыя беспарадкі. То бок карцінка штучна злеплена. Фрагментарна ўсё зроблена. Ствараюць ілюзію, што сапраўды былі нейкія масавыя беспарадкі. Дзе яны?


У рэпартажах журналістаў, як зазначыў юрыст, памінутна распісаны падзеі, што адбываліся на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Там пазначана і колькасць людзей, якія білі шкло.


На вуліцах ёсць відэакамеры вонкавага назірання. І на Кастрычніцкай плошчы, і ўздоўж праспекта, і на плошчы Незалежнасці. Натуральна, яны знялі агульныя планы. І па іх відэа, як кажа Гары Паганяйла, мусіць быць абсалютна ясна, што на плошчы Незалежнасці адбываўся мірны мітынг: “І толькі маленькая група невядомых людзей падышла да неахоўнага неагароджанага ўваходу ў будынак урада. І пачала выбіваць шкло. Але ж трэба кваліфікаваць зусім па-іншаму такую сітуацыю. Масавых беспарадкаў на плошчы не было.


Расследаванне па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках (арт. 293 КК) яшчэ не скончана. Аднак ужо асуджаны 7 чалавек.


“Спачатку трэба даказаць, што масавыя беспарадкі былі, — падкрэслівае Гары Паганяйла. — А потым, што канкрэтна Пятроў, Сідараў, Іваноў учынілі такія дзеянні ў рамках агульнай карціны масавых беспарадкаў. Адзін рабаваў краму, другі перавярнуў і падпаліў машыну, трэці страляў у міліцыю ці яшчэ кагосьці, альбо нажом спрабаваў ударыць. І гэтак далей. І такім чынам узброенае супраціўленне мела б месца.


Вудзільны супраціў


Сярод іншага ўдзельнікам акцыі інкрымінуецца і “ўзброенае супраціўленне прадстаўнікам улады. “Размова ідзе аб тым, што асобы, валодаючы пэўнай зброяй, накіроўваюць яе супраць сіл правапарадку, — патлумачыў Гары Паганяйла. —  Гэта можа быць агнястрэльная зброя, халодная зброя, кідальная зброя, атрутныя рэчывы, выбухпакеты і г.д. Нічога гэтага не вынята ні ў аднаго з ўдзельнікаў акцыі. Хаця ў той дзень было затрымана каля 700 чалавек. Няма зброі. Дык аб якім узброеным супраціўленні можа ісці размова?


Няма экспертных заключэнняў аб тым, што вуда ад сцяга з’яўляецца нейкім відам зброі. Ці нейкія іншыя прадметы, якія, як сцвярджаецца, былі знойдзены на плошчы пасля разгону акцыі. Прынамсі лапаты.


“І адвакаты аб гэтым таксама маўчаць. Ёсць закон аб зброі. Хто ім аперыруе сёння ў судах? Праблем многа. Гэтыя праблемы звязаны якраз з тым, што адвакаты не актыўныя. Адвакаты запужаны. Адвакаты не хочуць працаваць сапраўды прафесійна і дакладна ў гэтых працэсах, — лічыць юрыст.


Незалежнасць парушана


“Пачаўся вельмі жорсткі ціск на адвакатаў, — пракаментаваў сітуацыю Гары Паганяйла. — З тым, каб паралізаваць іх дзейнасць як на следстве, так і ў судах. Каб яны закрылі раты, не кантактавалі з прэсай, не давалі ніякай інфармацыі аб справах.


У тым ліку, як адзначыў былы адвакат, не паведамлялі аб парушэннях працэсу. Аб хваробах і неабходнасці ў медыцынскай дапамозе. А таксама аб катаваннях, прымененых да зняволеных удзельнікаў акцыі. Пра факты здзекаў у СІЗА КДБ паведаміў 28 лютага экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксей Міхалевіч. “То бок па сутнасці прымусіць адвакатаў маўчаць, — так расцаніў захады ўладаў Гары Паганяйла.


За апошні час пяць адвакатаў былі пазбаўлены права займацца адвакацкай дзейнасцю. Гэта Павел Сапелка, Уладзімір Толсцік, Тамара Гараева і Алег Агееў — былыя адвакаты абвінавачаных па справе аб “масавых беспарадках, а таксама Таццяна Агеева, маці адваката Алега Агеева. Паўла Сапелку выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Астатнім Міністэрства юстыцыі скасавала ліцэнзіі.


“Адвакаты пазбаўляюцца ў дадзеным выпадку кавалка хлеба — сваёй прафесіі. Таму яны цудоўна ведаюць, у якіх умовах яны здзяйсняюць абарону, — падкрэслівае Гары Паганяйла. Адпаведна з гэтым яны і выбудоўваюць сваю пазіцыю па абароне.


“Я не магу сказаць, што адвакаты сёння свабодна выконваюць сваю прафесію. Якраз незалежнасць адвакацкай супольнасці парушана. І ў гэтым трагедыя, — рэзюмаваў юрыст.


Самацэнзуры не будзе


У студзені Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў cпецдакладчыку ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль зварот аб ціску ўладаў на адвакатаў. Міністэрства юстыцыі абвінаваціла БХК у распаўсюдзе недакладнай інфармацыі і дыскрэдытацыі праваахоўных органаў і органаў юстыцыі. І вынесла праваабарончай арганізацыі папярэджанне. Вярхоўны суд (суддзя Галіна Жукоўская) пакінуў яго ў сіле.


Папярэджанне, вынесенае БХК, будзе разглядаць Венецыянская камісія пры Радзе Еўропы. Яна дасць заключэнне наконт яго адпаведнасці беларускаму заканадаўству і міжнародным абавязацельствам, якія ратыфікавала Беларусь. З такой просьбай да экспертаў звярнулася палітычная камісія ПАСЕ.


“Мы лічым, удару няма, — пракаментаваў наступствы папярэджання для БХК Гары Паганяйла. — Гэта нармальная практыка аўтарытарнай дзяржавы, якая і заклікана душыць усё, што варушыцца, усе расткі грамадзянскай супольнасці. Дзейнічае практыка татальнага кантролю за ўсімі структурамі грамадства. За прэсай, за адвакатамі, за грамадскасцю, за партыямі, за актывістамі і г.д. Усё гэта толькі пацвярджае, што мы жывем ва ўмовах дыктатарскага рэжыму, які абсалютна не хоча ўспрымаць дэмакратычныя прынцыпы ў дзейнасці дзяржавы і грамадства.


Паводле словаў юрыста, усе захады ўладаў звязаны з падаўленнем актыўнасці грамадзян. Каб падавіць пратэсты і загнаць грамадства ў стан страху.


“Нас ні ў якай меры нельга будзе загнаць ва ўмовы самацэнзуры, — заявіў Гары Паганяйла. — Мы будзем дзейнічаць у рамках існуючага заканадаўства. В асаблівасці тых канстытуцыйных прадпісанняў, каторыя гарантуюць нам свабоду дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, свабоду збіраць інфармацыю і распаўсюджваць яе. А таксама свабоду выказвання думак. Таму ніякія падобныя рашэнні на нас ніякім чынам не ўздзейнічаюць.
 

Каментаваць