Гісторыя БНР — гэта не міф

Атлантыда Беларускай Народнай Рэспублікі пачала вяртацца беларусам толькі 25 гадоў таму, заявіў 16 сакавіка ў Мінску на круглым стале, прысвечаным 94-й гадавіне абвяшчэння БНР, кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль.



Атлантыда Беларускай Народнай Рэспублікі пачала вяртацца беларусам толькі 25 гадоў таму, заявіў 16 сакавіка ў Мінску на круглым стале, прысвечаным 94-й гадавіне абвяшчэння БНР, кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль.

Разам з тэмай сталінскіх рэпрэсій праблематыка гісторыі БНР мяняла свядомасць грамадства да дэмакратычных перамен. «Але цягам апошніх 18 гадоў тэматыка БНР зноў апушчана на дно гістарычнай памяці. І хаця няма афіцыйнай забароны на вывучэнне гэтай праблематыкі і публікацыі даследаванняў па ёй, тэма гісторыі БНР прыглушаецца і з’яўляецца непажаданай, а яе гістарычны досвед не знаходзіцца ва ўжытку. Беларускія ўлады не зацікаўленыя ў аднаўленні гістарычнай праўды пра БНР. Вось чаму перад навукоўцамі стаіць задача папулярызацыі гісторыі стварэння, дзейнасці і значэння БНР», — сказаў Кароль.

Для таго, каб нагадваць пра гэтую падзею, у краіне існуе даволі значная тэрыторыя вольнага слова, якая ўключае больш за 360 тысяч карыстальнікаў незалежных сайтаў і чытачоў каля 150 тысяч экзэмпляраў незалежных друкаваных СМІ.

Гісторыя БНР не з’яўляецца міфам ці добрай марай. БНР існавала як дзяржава, якую ў 1919–1920 гадах дэ-юрэ або дэ-факта прызналі Германія, Латвія. Літва, Эстонія, Чэхаславакія, Балгарыя, Фінляндыя і Турцыя, дзе працавалі беларускія дыпламатычныя і вайскова-дыпламатычныя місіі, консульствы і прадстаўніцтвы. Былі спробы стварэння пэўных інстытуцый, у тым ліку войска, мелася свая дзяржаўная сімволіка і быў сход гістарычных абставін, які не дазволіў Беларусі ўсталявацца як незалежнай дзяржаве.

Яшчэ ў XIX стагоддзі прафесары Віленскага ўніверсітэта Міхаіл Баброўскі і Ігнат Даніловіч, што стаялі на пачатку беларускага нацыянальнага адраджэння, упершыню распрацавалі нацыянальную ідэю, якая грунтавалася на каштоўнасцях беларускай мовы і культуры, ідэалогіі ўніяцтва, суверэнітэце і незалежнасці.

«Дзеячы БНР ведалі пра гэтыя і пазнейшыя напрацоўкі нацыянальнай ідэі і імкнуліся іх рэалізаваць. А без БНР бальшавікі ніколі не пайшлі б на абвяшчэнне БССР, якая стала палітычнай і дзяржаўнай асновай для абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў гісторык. Перадача Радай БНР сваіх паўнамоцтваў ураду Рэспубліцы Беларусь звяжа ў адзін ланцуг усе этапы гістарычнай дзяржаўнасці краіны, пачынаючы ад 25 сакавіка 1918 года.

Праваслаўны святар айцец Леанід Акаловіч звярнуў увагу на тое, што ўрад БНР надаў беларускай мове статус дзяржаўнай і вызначыў этнаграфічныя межы беларусаў, спрыяў развіццю нацыянальнай культуры і адукацыі, адраджэнню Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ён адзначыў, што «абвяшчэнне БНР натхняе нас і сёння, бо Беларуская Народная Рэспубліка — нашая выратавальніца, захавальніца нашай ідэнтычнасці, самастойнасці і незалежнасці». На ягонае меркаванне, урад БНР, у які ўваходзілі людзі розных станаў і веравызнанняў, з’яўляецца прыкладам гуртавання для сённяшніх дэмакратычных сілаў Беларусі.

Паводле слоў мастака і грамадскага дзеяча Міколы Купавы, гадавіна абвяшчэння БНР з’яўляецца самым вялікім нацыянальным святам беларусаў. Ён нагадаў, што ў 1993 годзе 75-годдзе БНР адзначалася на высокім дзяржаўным узроўні з удзелам першай асобы незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча і старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча. «Дзяржаўныя сімвалы БНР — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі незалежнай Беларусі. Больш за 20 гадоў таму доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў распавядаў, што ў архівах Германіі захоўваецца дакумент, які сведчыць — полацкі князь Валодша яшчэ пры канцы XII — на пачатку XIII стагоддзя вадзіў на немцаў дружыну пад бел-чырвона-белым сцягам. А ў Нацыянальным мастацкім музеі экспануецца карціна рускага мастака, акадэміка жывапісу Юлія Клевера, напісаная ў 1901 годзе. На ёй таксама лунае бел-чырвона-белы сцяг», — сказаў Купава.

Такім чынам, паводле яго слоў, гісторыя ўзнікнення гэтага нацыянальнага сімвала беларусаў яшчэ не да канца вывучаная. На думку Купавы, недастаткова выкарыстоўваюцца на міжнароднай арэне магчымасці сённяшняй Рады БНР як цалкам легітымнага органа. Паводле яго слоў, неабходна ствараць грамадскі арганізацыйны камітэт з удзелам прадстаўнікоў краін-суседзяў па падрыхтоўцы святкавання 95-й гадавіны абвяшчэння БНР.

Мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін адзначыў, што яму пашчасціла ўскосна далучыцца да святых імёнаў айцоў БНР — Зоські Верас, Лявона Луцкевіча — бацькі Антона Луцкевіча, Юльяна Сергіевіча і Ларысы Геніюш. Марачкін запрасіў на выставу, прысвечаную 94-й гадавіне БНР, якая адкрылася 21 сакавіка ў сталічнай штаб-кватэры Партыі БНФ па вуліцы Чарнышэўскага, 3.
 

Абмеркаванне:

  • тттттттттт
  • 2016-10-07 19:44:30
Лявон Луцкевіч СЫН, а не бацька Антона Луцкевіча

Каментаваць