Гісторык Ігар Кузняцоў: пацвярджаецца асцярога, што беларускі катынскі спіс знішчаны

Пацвярджаецца засцярога, што беларускі катынскі спіс знішчаны, заявіў ў інтэрв'ю “Новаму часу вядомы айчынны навукоўца, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.

Пацвярджаецца засцярога, што беларускі катынскі спіс знішчаны, заявіў ў інтэрв'ю “Новаму часу вядомы айчынны навукоўца, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.

Паводле яго слоў, такую выснову ён зрабіў пасля размовы ў КДБ Беларусі, якая адбылася 26 студзеня. “Мой суразмоўца заявіў, што ў КДБ няма беларускага катынскага спіса. Са свайго боку я паведаміў, што апублікаваныя дакументы ФСБ і Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі сведчаць пра тое, што такі спіс існаваў. Іншая справа, што гэты спіс мог быць знішчаны ў 1940-1941 гадах, у тым ліку ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў час налётаў нацысцкай авіяцыі на сталіцу Беларусі, ці адразу пасля акупацыі Мінска вермахтам, -- сказаў Кузняцоў.

Акрамя таго, паводле яго слоў, КДБ праявіў зацікаўленасць да заяў гісторыка пра расстрэлы ва ўнутранай турме камітэта, так званай “Амерыканцы ў кастрычніку 1937 года, а таксама пра існаванне ў Мінску і яго наваколлі не менш за восем месцаў масавых забойстваў ахвяраў палітычных рэпрэсій. “Пастаноўка ўсіх гэтых пытанняў стварае ўражанне, што ў КДБ адсутнічаюць дакументы па ўзнятых праблемах. Гэтыя дакументы маглі быць ліквідаваны да войны і пад час яе. У 1950-1980-я гады ў архівах КДБ СССР неаднаразова праводзіліся так званыя “чысткі дакументаў. Не выключана, што вышэйназваныя дакументы знаходзяцца ў спецсховішчах, недатыкальных нават для шараговых супрацоўнікаў спецслужбаў. Але адсутнасць дакументаў сведчыць не аб адсутнасці фактаў злачынстваў, а пра наўмыснае утойванне гэтых фактаў ад грамадскасці, —  падкрэсліў гісторык.

Такім чынам, на яго думку, у даследаванні гэтых праблем гісторыкі могуць разлічваць не на афіцыйныя крыніцы з архіваў беларускага КДБ, а толькі на фонды расійскіх архіваў, на аналіз успамінаў сведкаў і ўдзельнікаў злачынстваў. “А паколькі пасля гэтых трагічных падзей прайшло амаль 75 гадоў, застаюцца абмежаваныя крыніцы інфармацыі — расійскія дакументы, у тым ліку ўскосныя, даследаванні навукоўцаў, матэрыялы асабістых архіваў, а таксама афіцыйных эксгумацый у мяркуемых месцах масавых забойстваў і пахаванняў бязвінных ахвяраў з удзелам спецыялістаў — гісторыкаў і археолагаў, — заключыў навукоўца.       

 Як вядома, 5 студзеня ў Мінску Кузняцоў заявіў, што словы кіраўніка краіны наконт беларускага катынскага спіса не адпавядаюць афіцыйным дадзеным айчыннай гістарыяграфіі.

Гісторык узгадаў, што Катынскае злачынства – гэта расстрэлы 1940 года ў Расіі і ва Украіне: у Катыні (у наваколлі Смаленска), каля Харкава і Цвяры; а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны афіцэраў польскай арміі, якія трапілі ў палон пад час так званага вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў заходнія рэгіёны Беларусі і Украіны ў верасні 1939 года.З 22 тысяч ахвяраў катынскага злачынства — 7.305 чалавек па афіцыйнай статыстыцы былі пакараныя смерцю ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Прычым у 1994 годзе Служба бяспекі Украіны перадала польскаму боку спіс на 3.435 прозвішчаў афіцэраў польскай арміі, расстраляных у турмах Заходняй Украіны. Такім чынам, у беларускім спісе павінна быць не менш за 3.870 прозвішчаў ахвяраў злачынстваў НКУС. Аднак гэтай афіцыйнай статыстыцы нельга поўнасцю давяраць. Так, у рашэнні палітбюро ЦК кампартыі Украіны ад 5 сакавіка 1940 года гаварылася пра 11 тысяч афіцэраў польскай арміі, якія знаходзіліся ў турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны і падлягалі расстрэлу. У дакладной запісцы наркама ўнутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі, падрыхтаванай да пасяджэння палітбюро ад 5 сакавіка1940 года, называецца лічба 18.750 чалавек, што падлягаюць расстрэлу, аднак у дакладной запісцы старшыні КДБ СССР Аляксандра Шэлепіна першаму сакратару ЦК КПСС Мікіце Хрушчову ў 1959 годзе называецца іншая лічба – толькі 7.305 пакараных смерцю. Зыходзячы з таго, што НКУС даручыў расстраляць у турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны 11 тысяч афіцэраў польскай арміі, беларускі спіс налічвае не менш за 3.870 ахвяраў. Рэальная ж іх колькасць значна большая, паколькі ў межах гэтай аперацыі праводзіліся і расстрэлы цывільных асоб польскай нацыянальнасці, — падкрэсліў гісторык.

Ён напомніў, што на прэсавай канферэнцыі 4 лістапада 2010 года, у адказе на пытанне карэспандэнта Польскага радыё пра лёс беларускага спіса, глава беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перасцярог: многія дакументы былі вывезеныя ў Маскву, а таксама паведаміў, што асабіста займаецца гэтай справай і будзе размаўляць пра яе з кіраўніком беларускага КДБ.

Як вядома, на прэсавай канферэнцыі 23 снежня 2011 года, у адказе на пытанне карэспандэнта Польскага радыё пра беларускі спіс, Лукашэнка заявіў: "Мы паднялі ўсе архівы, і не толькі КДБ — усіх дзяржаўных структур. У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было. У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты. Палякі, якія праходзілі праз іх, канцэнтраваліся, па-мойму, у асноўным у Расіі і, магчыма, ва Украіне (…) Ніводнага польскага грамадзяніна не было расстраляна, знішчана на беларускай зямлі ў тыя часы".

Са свайго боку гісторык Ігар Кузняцоў прывёў дакументы ад красавіка 1940 года: за подпісам Лаўрэнція Берыі аб этапаванні ў Мінск трох тысяч афіцэраў польскай арміі з Баранавіч, Брэста, Гродна і Вілейкі, а таксама за подпісам наркама шляхоў зносін Лазара Кагановіча аб выдзяленні чыгуначных саставаў для дастаўкі гэтых ваеннапалонных у пункт прызначэння. Дакументы пра іх расстрэлы ў сталіцы Беларусі, на думку гісторыка, будзе цяжка знайсці, паколькі, напэўна, яны ўжо знішчаны. “Аднак архіўныя дакументы Федэральнай службы бяспекі Расіі пацвярджаюць факт пакарання смерцю афіцэраў польскай арміі ў Мінску, на тэрыторыі і ў ваколіцах якога знойдзены 12 месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскага тэрору, — падкрэсліў Кузняцоў.

 На яго думку, гэтыя смяротныя пакаранні, мабыць, праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына каля Трасцянца. Акрамя таго, паводле яго слоў, у 1937-38 гадах у Беларусі органамі НКУС была створана так званая “Польская арганізацыя вайсковая. “Па справаздачных дадзеных НКУС БССР па справе пра гэтую міфічную арганізацыю было арыштавана не менш за 40 тысяч чалавек, у асноўным – палякаў па нацыянальнасці. З іх не менш за 24 тысяч чалавек былі расстраляныя. А пад час “вызваленчага паходу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года ў баях з чырвонаармейцамі загінулі больш за 300 афіцэраў польскай арміі. Пазней некалькі тысяч польскіх вайскоўцаў былі расстраляныя па прысудах ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР і ваенных трыбуналаў. Апошнія расстрэлы некалькіх сотняў афіцэраў польскай арміі, што знаходзіліся ў савецкім палоне з восені 1939 года, адбыліся напярэдадні акупацыі Беларусі нацыстамі — с 23 па 26 чэрвеня 1941 года ў наваколлях Глыбокага і Оршы. Прыведзеныя факты цалкам абвяргаюць розныя інсінуацыі па пытанні беларускага спіса, — адзначыў гісторык.  

Паводле яго слоў, заява Лукашэнкі “ускалыхнула польскую грамадскасць. Так, згодна з паведамленнямі польскай прэсы, прафесар Войцэх Мацерскі заявіў: "Гэта не толькі падман, але і бязмежная крывадушнасць. Лукашэнка выкарыстоўвае польскую трагедыю ў гульні з Масквой. Калі ён лаяўся з Крамлём, то намякаў, што аддасць палякам спіс. Зараз жа, калі ён дамовіўся з Масквой, зноў забыўся на гэты спіс". А польскі гісторык Збігнеў Сямашка назваў заявы беларускага прэзідэнта "поўнай лухтой". Паводле яго слоў, з савецкіх дакументаў вядома пра расстрэл палякаў у Беларусі, таму што мінскі НКУС атрымаў з Масквы расстрэльныя загады.

Каментаваць