Гальшаны. Ганцавічы. Ліда. Віцебск.

Гальшаны. Замак аднаўляць не будуць

Гальшаны. Замак аднаўляць не будуць

«Мы не вядзём гаворку пра аднаўленне замка ў першапачатковым выглядзе. Але ёсць добрая ідэя па яго кансервацыі і стварэнні экспазіцыі пад адкрытым небам. Галоўнае — выкарыстаць сам брэнд «Гальшанскі замак», — заявіў старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціна Лузіна паведаміла грамадскасці, што «зараз напрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па вынясенні лініі высакавольтных электраперадач з тэрыторыі, што прылягае да замка. Гэта дазволіць потым праводзіць гідратэхнічыя работы па аднаўленні сажалак вакол помніка. І гісторыка-культурны аб’ект будзе ўспрымацца тады зусім па-іншаму». На разглядзе ў міністра культуры Паўла Латушкі знаходзіцца канцэпцыя праекта архітэктара Ігара Раханскага. Яна прадугледжвае кансервацыю замка, аднаўленне вежы, што захавалася, і правядзенне на закансерваваных руінах экскурсій.


Ганцавічы. Іранскія дываны

У раённым краязнаўчым музеі з удзелам прадстаўнікоў амбасады Ірана ў РБ адкрылася выстава «Іранскія ручныя промыслы». На адкрыцці акрамя мясцовых чыноўнікаў і грамадскасці прысутнічалі прадстаўнікі іранскага тэлебачання. У мерапрыемстве прыняў удзел беларуска-іранскі музычны калектыў «Авіндар», які віртуозна выканаў шэраг музычных кампазіцый і песень далёкай краіны. У экспазіцыі прадстаўлены і іншыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, якія дазваляюць пазнаёміцца з традыцыямі і звычаямі іранскіх народаў. Гэта ўжо трэцяя выстава ў Ганцавічах, у правядзенні якой прымаюць удзел замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Папярэдне ў свае экспазіцыі ў музеі выстаўлялі амбасады Японіі і Кітая ў РБ.


Ліда. Дамейку — вуліцу

На чарговай сесіі Лідскага райвыканкама сярод іншых было разгледжана пытанне змены назваў вуліц. Тапанімічная камісія, у склад якой уваходзяць спецыялісты, мясцовыя краязнаўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадставіла дэпутатам сваё меркаванне наконт надання новым вуліцам імя знакамітага земляка Ігната Дамейкі і назвы Грунвальдская. Пасля кароткага абмеркавання было вырашана ўшанаваць імя Дамейкі, аднак дарога на Грунвальд у сучаснай Лідзе пакуль не паўстане.


Віцебск. «Белпошта» супраць

Чарговая спроба незалежных выданняў «Витебский курьер» і «Отмазка» патрапіць у падпісны каталог на першае паўгоддзе 2010 года закончылася безвынікова. Выдаўцы атрымалі стандартны адказ, што РУП «Белпошта» лічыць «немэтазгодным» уключэнне газет у каталог.

Каментаваць