Галадоўка як аргумент у беларускай палітыцы

За час кіравання Лукашэнкі галадоўка неаднаразова выкарыстоўвалася прадстаўнікамі апазіцыйнага асяродку як сродак дамагчыся вырашэння праблемы ці хаця б звярнуць на яе ўвагу часткі грамадства і міжнароднай супольнасці. Галадалі палітыкі, парламентарыі, палітвязні, моладзь, хворыя тубдыспансеру ў Наваельні, вернікі царквы «Новае жыццё». Відавочна, бліжэйшым часам кропка ў гэтым ланцужку пастаўлена не будзе, бо іншыя метады дагрукацца да «моцных гэтага свету» ў цяперашняй Беларусі выяўляюцца нядзейснымі.



За час кіравання Лукашэнкі галадоўка неаднаразова выкарыстоўвалася прадстаўнікамі апазіцыйнага асяродку як сродак дамагчыся вырашэння праблемы ці хаця б звярнуць на яе ўвагу часткі грамадства і міжнароднай супольнасці. Галадалі палітыкі, парламентарыі, палітвязні, моладзь, хворыя тубдыспансеру ў Наваельні, вернікі царквы «Новае жыццё». Відавочна, бліжэйшым часам кропка ў гэтым ланцужку пастаўлена не будзе, бо іншыя метады дагрукацца да «моцных гэтага свету» ў цяперашняй Беларусі выяўляюцца нядзейснымі.

(На фота: Мікалай Аўтуховіч)


Ад 16 красавіка галадоўку ў следчым ізалятары № 1 трымае жыхар Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч — адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху. Яго разам з Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам арыштавалі на пачатку лютага гэтага года па абвінавачванні ў падпале маёмасці. Нагадаю, раней Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў ужо былі судзімыя, тады арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала іх вязнямі сумлення.

Галадоўка для Аўтуховіча — адзіны законны пратэст ва ўмовах турмы супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследавання яго справы. На знак салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, якога праваабаронцы прызнаюць палітвязнем, бестэрміновую галадоўку абвясцілі шэраг палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Сярод іх — Аляксандр Казулін, Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, сябры арганізацыі «Малады Фронт» Наста Палажанка, Мікалай Дземідзенка, Андрэй Цянюта, Арцём Дубскі, лідэр каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, былы міністр і амбасадар Міхаіл Марыніч. Удзельнікі галадоўкі салідарнасці патрабуюць справядлівага разгляду справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і іх вызвалення, а таксама рэабілітацыі ўсіх былых палітвязняў краіны.

Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Аляксандр Казулін звярнуў увагу на той факт, што галадоўка — гэта паказальная акцыя для палітыкаў Захаду, якія мусяць кіравацца мараллю, калі прымаюць свае рашэнні аб пашырэнні дыялогу з беларускім рэжымам. «Такім вялікім колам людзей, моладзі мы заяўляем пра тое, што ў нашай краіне ёсць палітвязні і палітрэпрэсаваныя. Мы заяўляем пра тое, што ў нашай краіне, нягледзячы на так званыя «дыялог» і «лібералізацыю», узмацняюцца палітычныя рэпрэсіі. Мы заяўляем пра тое, што ў нашай краіне няма абароны ў законе для простага грамадзяніна, бо сістэма правасуддзя разбураная да асновы, — адзначыў палітык. — Таму мы патрабуем самага простага: каб у нашай краіне выконваліся законы, каб яны былі справядлівымі і датычыліся ўсіх — ад простага грамадзяніна да прэзідэнта. Мы не чакаем, што суд будзе справядлівы, але хочам паказаць нашаму грамадству і еўрапейскай супольнасці, што гаварыць пра сістэмную лібералізацыю не даводзіцца. Ёсць толькі паказальныя моманты, каб еўрапейцы не раздражняліся. І тое, што будзе адбывацца далей, гэта пытанне маральнай адказнасці тых, хто прымае рашэнне аб братанні з апошнім дыктатарам Еўропы».

Чацвёра ўдзельнікаў галадоўкі — Наста Палажанка, Мікалай Дземідзенка, Андрэй Цянюта і Арцём Дубскі — падчас гэтай акцыі будуць знаходзіцца ў памяшканні сядзібы партыі БНФ. Кіраўніцтва партыі вылучыла для іх невялічкі пакойчык.


Трэці дзень галадоўкі. Фота Ю. Дзядзінкіна


Паводле слоў лідэра партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, гаворка найперш ідзе пра тое, каб суд над актывістамі прадпрымальніцкага руху быў адкрытым. «Мы далучаемся да патрабаванняў удзельнікаў акцыі і лічым, што да яе мусяць далучацца людзі, ці прынамсі падтрымаць матэрыяльна сем’і рэпрэсаваных. Як бацька, педагог, як чалавек з вялікім палітычным досведам, удзельнік палітычнай галадоўкі ў Вярхоўным савеце ў красавіку 1995 года, я хачу сказаць, што Лукашэнку мы гэтым нічога не дакажам. Але я не магу сказаць: «Не рабіце», бо я салідарны з гэтымі патрабаваннямі», — падкрэсліў палітык. Асноўны пасыл удзельнікаў галадоўкі — салідарнасць.

Пра гэта ж казаў і былы палітвязень Мікола Статкевіч. «Зараз ідзе праверка салідарнасці, і калі не будзе праяўлена салідарнасць з нашага боку, і як рэакцыя на яе — салідарнасць дэмакратычнай супольнасці свету, тады зноў пачнецца эскалацыя рэпрэсіяў, тады зноў прыйдуць па нас, — заявіў палітык. — Таму мы мусім праявіць гэту салідарнасць, не кажучы пра маральныя аспекты. Галадоўка на Валадарцы — я таксама трымаў там галадоўку, — гэта адзіны спосаб уздзеяння: «Выпусціце мяне, інакш я памру. Я гатовы памерці, калі не дачакаюся справядлівасці». Галадоўка салідарнасці звонку не такая драматычная, не нясе такой пагрозы жыццю. Але гэта цяпер, мабыць, адзіны эфектыўны сродак, які застаўся ў нас, каб давесці нашаму і сусветнаму грамадству пра тое, што адбываецца ў Беларусі».

 

Для галадаючых -- вада і кнігі. Фота Ю. Дзядзінкіна


Акрамя галадоўкі салідарнасці цягам мая штодзень будуць адбывацца вулічныя акцыі і пікеты, якія таксама павінны прыцягнуць увагу да сітуацыі з Аўтуховічам, Лявонавым, Асіпенкам, а таксама да падзей на міжнароднай арэне, звязаных з Беларуссю. Цяпер штовечар моладзь выходзіць на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі вязняў. 1 мая ўдзельнікаў акцыі салідарнасці каля СІЗА на вуліцы Валадарскага супрацоўнікі АМАПа «выціснулі» ад будынка на некалькі кварталаў. Пры гэтым амапаўцы выхоплівалі з рук актывістаў партрэты вязняў, рвалі іх. Заціснутых у кола людзей білі цішком па нырках, спінах, нагах.

3 мая спецназаўцы выціснулі маладых людзей з Кастрычніцкай плошчы і, узяўшы іх у кола, вывелі з цэнтра горада. 4 мая прэвентыўна (быццам бы для праверкі дакументаў) былі затрыманыя лідэры моладзевых рухаў Артур Фінкевіч, Мікола Дземідзенка, Антон Койпіш. У той жа дзень супрацоўнікі АМАПу перапісалі пашпартныя дадзеныя журналістаў, якія здымалі акцыю.

Пакуль што абыходзіцца без брутальных паказальных разгонаў: відавочна, улады не хочуць псаваць створаную карцінку лібералізацыі напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства». Разам з тым усім зразумела, што як толькі знікне патрэба быць «ветлівым», беларускі рэжым вернецца да ранейшай практыкі адкрытага прэсінгу актывістаў апазіцыі, тым больш што ніякіх сістэмаў стрымання і супрацьвагі для ўлады створана не было. Між іншым, у тым ліку і на гэтыя акалічнасці імкнуцца звярнуць увагу ўдзельнікі галадоўкі салідарнасці.


Найбольш вядомы прэцэдэнт галадоўкі як формы палітычнай барацьбы звязаны з галадоўкай пратэсту ў турме Лонг Кэш на поўначы Ірландыі. Тады на працягу 217 дзён, з сакавіка па кастрычнік 1981 года, у галадоўцы ірландскіх рэспубліканцаў з патрабаваннем прызнаць за імі палітычны статус прынялі ўдзел 23 вязні. Дзесяць сябраў з ірландскага рэспубліканскага войска і ірландскага войска вызвалення памерлі ад голаду да таго, як пратэст быў спынены 3 кастрычніка 1981 года. Першай ахвярай галадоўкі стаў Роберт Сэндс — ірландскі патрыёт, паэт, пісьменнік, добраахвотнік часовага ірландскага рэспубліканскага войска. Падчас зняволення ён быў абраны сябрам парламента Паўночнай Ірландыі.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

КАМЕНТАР

Праваабаронца Алег Волчак, які займаецца зборам матэрыялаў па справе Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, паведаміў, што зварот да генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча з альтэрнатыўнымі меркаваннямі па прад’яўленаму абвінавачванню, а таксама патрабаваннямі вызваліць вязняў і надаць галоснаць ходу расследавання далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы. Адпаведны ліст праваабаронцы атрымалі з пракуратуры Гродзенскай вобласці ў пачатку мая. Алег Волчак расцэньвае гэта як станоўчы факт, а таксама спадзяецца, што да 16 мая будзе прынятае рашэнне аб змяненні меры стрымання вязням.

Цяпер вядома толькі тое, што следства працягнулі да трэцяга чэрвеня, але ніякіх следчых дзеянняў з арыштаванымі за гэты час не праводзілася. «Бацька Юрыя Лявонава паведаміў, што ўсе размовы вядуцца вакол знойдзенага ў Ваўкавыску гранатамёта, выбуховых рэчывах, да якіх нібыта могуць мець дачыненне арыштаваныя. Гаворкі пра падпалы маёмасці, што ўласна інкрымінуецца актывістам прадпрымальніцкага руху, не вядзецца, — расказвае Алег Волчак. — Наколькі мы ведаем, ніхто з вязняў не пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, бо ніхто не лічыць сябе вінаватым».

Ад 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку і цяпер мае праблемы са здароўем. Тым больш, што пасля 74-дзённай галадоўкі падчас папярэдняга зняволення тры гады таму Аўтуховіч хварэе на панкрэатыт. Сваякі спрабавалі перадаць яму чыстую пітную ваду, але прынялі толькі шэсць бутэлек. Узяць лекі, акрамя вітамінаў, супрацоўнікі следчага ізалятара адмовіліся.

Праваабаронцы звярнуліся ў арганізацыю Amnesty International, каб яна ўзяла пад кантроль справу. Усе дакументы па справе былі прынятыя, прадстаўнікі арганізацыі паабяцалі весці маніторынг.

Бліжэйшым часам адбудзецца сустрэча сваякоў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі з кіраўніком офіса АБСЕ ў Беларусі спадаром Хансам-Йоханам Шмідтам.

Па інфармацыі Алега Волчака, былы палітвязень Аляксандр Казулін, які запрошаны на саміт «Усходняе партнёрства» ў Прагу, таксама мае ўсю даступную інфармацыю па справе і збіраецца абмеркаваць сітуацыю падчас сваіх сустрэчаў з еўрапейскімі палітыкамі.

Каментаваць