Галоўнае — не палохацца

Апошнія падзеі ў краіне неяк вельмі выглядаюць на тое, што наш усходні «брат» імкнецца папросту запалохаць наш «крыштальны сасуд». Тут можна параіць толькі адно — не палохацца.



Апошнія падзеі ў краіне неяк вельмі выглядаюць на тое, што наш усходні «брат» імкнецца папросту запалохаць наш «крыштальны сасуд». Тут можна параіць толькі адно — не палохацца.

Па-першае, гучны рэзананс выклікала заява кіраўніка Генштаба Расіі Мікалая Макарава пра тое, што Расія ўвядзе ў верасні на тэрыторыю Беларусі дзве арміі ў поўным складзе. Нібыта для ўдзелу ў манеўрах «Захад–2009». Шухер з-за гэтай заявы паднялі ўсе. Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў асобе сустаршыні Віталя Рымашэўскага заявіў, што ўвод расійскіх армій у Беларусь — рэальная пагроза незалежнасці краіны.

Большае заявіў Звяз беларусаў Германіі. Ягоны старшыня Яўген Мурашка падлічыў колькасць расійскіх войскаў у параўнанні з беларускімі. І прыйшоў да высновы, што расійскія войскі па колькасці салдатаў, баявой і тэхнічнай моцы перавышаюць усю беларускую армію. «Штатны расклад 58-й расійскай арміі, якая ўдзельнічала ў мінулагоднім канфлікце з Грузіяй, — гэта 80000 ваенных, 609 танкаў, 380 установак «Град», 120 самалётаў, 2000 БМП і БТР, 70 верталётаў, 125 мінамётаў і гармат, 450 зенітных сістэм», — зазначыў Мурашка. А, па ягоных дадзеных, уся беларуская армія складаецца толькі з 65 тысяч вайскоўцаў, з якіх 15 тысяч — цывільны персанал.

«Узнікае пытанне: для чаго трэба такая колькасць замежных войскаў на нашай тэрыторыі? «Саюз беларусаў Германіі» лічыць, што правядзенне вучэнняў у такім складзе патэнцыйна нясе ў сабе пагрозу акупацыі Беларусі. Досыць справакаваць любы інцыдэнт з удзелам расійскіх ваенных, каб расійская армія засталася ў Беларусі назаўжды пад маркай забеспячэння бяспекі расійскіх грамадзян», — адзначыў Яўген Мурашка.

Толькі пасля гэтага розгаласу прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі вымушана была заявіць, што ў манеўрах «Захад–2009» будуць удзельнічаць агульным лікам 13 тысяч вайскоўцаў. З іх расійцаў 4–5 тысяч.

Больш за тое, па меркаванні ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, у Расіі ўвогуле не набярэцца дзвюх баяздольных армій, і само гэта паняцце там аджывае. Рэформа расійскага войска палягае ў тым, што адмаўляюцца ад армій і пераходзяць на структуру «брыгада — корпус — камандаванне».

Так што хтосьці нас палохае, а навошта — невядома.

На тыдні таксама з’явіліся новыя пагрозлівыя чуткі. Федэральная служба па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека Расіі (Расспажыўнагляд) мае намер забараніць увоз яшчэ 800 найменняў беларускай малочнай прадукцыі ў дадатак да раней забароненых 500 відаў.

«Як паказаў дадатковы аналіз, выкананне тэхрэгламенту на малако і малочную прадукцыю, пераафармленне дакументаў на тэрыторыі Смаленскай і Бранскай абласцей праводзілася з відавочным парушэннем падобнага кшталту працэдур», — паведаміў «РИА Новости» кіраўнік службы Генадзь Анішчанка.

Паводле яго слоў, у выніку будзе адклікана 406 санітарна-эпідэміялагічных заключэнняў, выдадзеных або перааформленых для беларускай прадукцыі ў Бранскай вобласці. Такі ж лёс чакае 107 заявак на беларускую малочную прадукцыю, якія ўнесены расійскімі пастаўшчыкамі ў Бранскай вобласці.

Што тычыцца Смаленскай вобласці, то, як паведаміў Анішчанка, пастаўкі, ажыццёўленыя па 198 выдадзеных дазволах, будуць прыпыненыя, яшчэ 92 дакументы, што знаходзяцца ў лісце чакання, будуць адкліканыя.

«На гэты час практычна ўся малочная беларуская прадукцыя забаронена для ўвозу ў Расію», — сказаў Анішчанка. Паводле яго слоў, цяпер забарона распаўсюджваецца на прадукцыю больш як тысячы найменняў, «за выключэннем 50–60 пазіцый».

Але ж у агульнай структуры «малочнага» экспарту пастаўкі на расійскі рынак займаюць толькі 4–5 працэнта. Больш за тое, як сказаў эканаміст Леанід Злотнікаў, экспарт малочнай прадукцыю ў Расію і так быў стратным. «Толькі Мінская вобласць у першым квартале гэтага года панесла 64 мільярда рублёў стратаў. Пры сабекошце 4,6 долара мы прадаём масла ў Расію за 2,8 долара за кілаграм. Гэта значыць, гандлюем сабе ў страту. Таму ў доўгатэрміновай перспектыве нам выгадней вырабляць менш малочна-мясной прадукцыі», — лічыць Злотнікаў.

Такім чынам, не такі страшны чорт, як яго намалявалі.

Тым больш, што істэрыка, паднятая вакол нязгоды Расіі даваць Беларусі другі транш крэдыту ў памеры 500 мільёнаў долараў, вельмі хутка скончылася. Крэдыт Беларусі можа быць выдзелены са сродкаў антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Пра гэта 9 чэрвеня заявіў журналістам у Маскве віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын. Адказваючы на пытанне пра магчымасці прадстаўлення Мінску такога крэдыту, ён сказаў: «Усе варыянты разглядаюцца». Паводле слоў Кудрына, антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС будзе створаны на працягу найбліжэйшых двух месяцаў. «Як толькі ўсе краіны ратыфікуюць гэта рашэнне, фонд пачне сваю працу», — заявіў ён.

Больш нам трэба непакоіцца з-за нашых дзеянняў і нашых ініцыятываў. Бо мы самі выбралі «Росатамэнерга» ў якасці будаўніка Беларускай АЭС. Зараз узнікаюць праблемы. Атамны рэактар, які прапаноўвае Расія для беларускай АЭС, лічыцца небяспечным. Пра гэта сказаў кандыдат тэхнічных навук, эксперт Міжнароднай сацыяльна-энергетычнай супольнасці (Масква) Ігар Шкрадзюк. Ён з’яўляецца адным з аўтараў манаграфіі «Зніжэнне спажывання прыроднага газу ў Беларусі: ядзерны і інавацыйны сцэнарый».

Паводле слоў эксперта, расійскім бокам прапаноўваецца для будаўніцтва «вядомая канструкцыя корпуснага рэактара, які вырабляецца для АЭС з 1960-х гадоў, і, нягледзячы на пэўныя тэхнічныя змяненні, такая канструкцыя ўсё роўна дапускае выбух». Эксперт таксама нагадаў, што ў 1985 годзе якраз на корпусным рэактары адбылася аварыя на падводнай лодцы ў бухце Чажма. Выбух адбыўся падчас планавага спынення рэактара для замены ядзернага паліва. «А планавае спыненне рэактара будучай беларускай АЭС непазбежнае. Такая яго асаблівасць», — адзначыў ён.

Так што пакуль яшчэ не позна перадумаць наконт будаўніцтва АЭС у Беларусі ўвогуле.

Каментаваць